Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Супрацоўнік ФСБ курыруе Дом Масквы ў Мінску

Дом Масквы ў Мінску курыруе супрацоўнік Федэральнай службы бяспекі Расіі Сяргей Макшанцаў.

 

MAKSHANCEU

Сяргей Макшанцаў. Крыніца: https://t.me/mosdoms

 

Да такой высновы прыйшло «Бюро» на падставе інсайдарскай інфармацыі, а таксама ўцеклых і адкрытых дадзеных.

 

Дом Масквы ў Мінску – гэта пляцоўка для прасоўвання ідэй рускага свету ў Беларусі і важны элемент мяккай сілы Крамля. Арганізацыя падпарадкоўваецца Маскоўскаму дому суайчынніка (МДС), створанаму маскоўскім урадам для працы з рускамоўнай дыяспарай за мяжой.

 

Намеснікам дырэктара ў МДС працуе Сяргей Макшанцаў. Дзве не звязаныя адна з адной крыніцы ў еўрапейскай разведвальнай службе ідэнтыфікавалі яго як супрацоўніка Пятай службы ФСБ.

 

Макшанцаў лётаў за мяжу разам з Максімам Яроміным. У базах выдання The Insider Яромін праходзіць як кадравы афіцэр Пятай службы ФСБ. Акрамя таго, у адной з уцечак адрасам пражывання Макшанцава пазначаная кватэра ў Маскве, якая лічыцца за ФСБ. Па суседстве з ім «пражывае» Аляксандр Юдзін, якога праект rupep.org ідэнтыфікаваў таксама як супрацоўніка Пятай службы ФСБ.

 

Пятая служба ФСБ займаецца знешняй разведкай, палітычным аналізам і прагназаваннем, пошукам, вярбоўкай і фінансаваннем пракрамлёўскіх актывістаў за мяжой. Менавіта Пятая служба ФСБ адказвала за падаванне Уладзіміру Пуціну інфармацыі пра палітычнае становішча ва Украіне і займалася падрыхтоўкай украінскай пятай калоны напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання.

 

Паводле дадзеных Службы знешняй разведкі Эстоніі, супрацоўнікі ФСБ працуюць пад прыкрыццём у Маскоўскім доме суайчынніка. Сярод іх названы Максім Сапуноў, які быў намеснікам дырэктара МДС у 2013–2015 гадах. Макшанцаў заняў гэтую пасаду ў МДС у 2022 годзе. Як вынікае з уцечкі, з таго часу ён лётаў у Бішкек, Ерэван, Баку і Мінск.

 

У верасні 2024 года Макшанцаў пабываў на канферэнцыі «Расійская дыяспара. Рэаліі і перспектывы» ў Доме Масквы ў Мінску. У маі 2026 года выступаў на канферэнцыі «Масква і суайчыннікі. Праца, задачы, перспектывы», якая таксама праходзіла ў Доме Масквы ў Мінску.

«Хачу перш за ўсё адзначыць, што ўрад Масквы будзе працягваць аказваць максімальна магчымую дапамогу суайчыннікам, якія жывуць за мяжой. І ў першую чаргу краінам блізкага замежжа – тым, хто да нас найбольш блізкі і геаграфічна, і шмат у якіх іншых адносінах», – казаў Макшанцаў.

Разам з ім у мерапрыемстве бараў удзел лідар «Руху Саюз» Сяргей Лушч. Раней мы расказвалі, як гэты актывіст атрымлівае грошы з Расіі на падтрымку пракрамлёўскіх актывістаў у Беларусі.