Беларускія ягадкі
ТАЯМНІЧЫ ПАРТНЁР
Расійскі Wildberries – самая папулярная гандлёвая інтэрнэт-пляцоўка ў Беларусі. Згодна са звесткамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), яе паслугамі карыстаецца больш за 85% апытаных жыхароў краіны. З 2022 года Wildberries у Беларусі валодае фірма «ІМВБРБ». Яе стварыла расійская галаўная кампанія маркетплэйса – «Вайлдберыз», адзінай уладальніцай якой з’яўляецца бізнэс-лэдзі Таццяна Кім.
Wildberries – гэта не толькі самы папулярны, але і самы буйны маркетплэйс у Беларусі. У 2025 годзе выручка «ІМВБРБ» перавысіла 9 мільярдаў беларускіх рублёў (2,6 мільярда еўра). У параўнанні з 2024 годам прырост склаў 104%. Чысты прыбытак за 2025 год – 295 мільёнаў беларускіх рублёў (85,3 мільёна еўра). Прырост чыстага прыбытку – 368%. Сёлета ў маі МАРГ прызнаў Wildberries адным з дамінантаў на рынку.
Не дзіўна, што з такімі паказчыкамі Wildberries не застаўся без увагі Аляксандра Лукашэнкі. У лютым 2025 года ён арганізаваў сустрэчу з прадстаўнікамі прыватнага бізнэсу. Гаворка зайшла і пра маркетплэйс:
«…Калі нехта мадэрнізаваўся і прасунуўся ў будучыню, а Wildberries працуе менавіта так, такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць. Але любое прадпрыемства павінна працаваць на Беларусь, на дзяржаву. Тады ў мяне ніякіх не будзе да вас прэтэнзій», – сказаў тады Лукашэнка.
Можа, супадзенне, але ўсяго праз два тыдні пасля нарады ў Лукашэнкі беларускі Wildberries займеў новага акцыянера – ЗАТ «ТД Квадрат». Кампанія атрымала па 10% у «ІМВБРБ» і «Аператар ВБ Таксі» (аператар сэрвісу перавозак WB Taxi ў Беларусі).
«Бюро» вывучыла фінансавыя паказчыкі «ТД Квадрат» і выявіла, што ў 2025 годзе фірма атрымала крыху больш за 70,054 мільёна беларускіх рублёў (20,3 мільёна еўра) у якасці «даходаў ад удзелу ва ўстаўным капітале другіх арганізацый». Мяркуючы па бухгалтарскай справаздачнасці беларускага Wildberries, амаль такую ж суму, 70,053 мільёна беларускіх рублёў, кампанія выплаціла дывідэндамі акцыянерам, а дакладней – аднаму канкрэтнаму «ТД Квадрат».
Парадокс сітуацыі вакол «ТД Квадрат» выразна відаць у дакументах. З’яўляючыся ўласнікам адносна невялікай долі ў Wildberries, фірма прымудрылася акумуляваць амаль чвэрць (24%) усяго прыбытку рытэйлера. Пры гэтым, калі вывучыць фінансавыя справаздачы за 2025 год, кампанія існавала фактычна «на паперы» – ніякай рэальнай аперацыйнай або вытворчай дзейнасці яна не вяла. Вялізныя фінансавыя паступленні забяспечыў адзін-адзінюткі фактар – статус суўладальніка. Акрамя таго, з гэтай сумы 26,7 мільёна беларускіх рублёў (7,7 мільёна еўра) «ТД Квадрат» выплаціў у якасці дывідэндаў ужо свайму акцыянеру.
Але хто ж гэты таямнічы ўладальнік «ТД Квадрат», які на роўным месцы стаў еўравым мільянерам? Структура ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў, аднак «Бюро» высветліла, хто на самай справе стаіць за гэтай кампаніяй.
КРЭАТЫЎНЫ ХОД
У 2025 годзе «ТД Квадрат» стаў акцыянерам не толькі беларускага Wildberries, але і выкупіў мажарытарную долю ў 99,42% камерцыйнага «Банка росту і развіцця бізнэсу» (РРБ). Па выніках фінансавага года ў РРБ прайшоў аўдыт, у якім банк быў вымушаны раскрыць свайго новага канчатковага бенефіцыяра. Ім выявіўся бізнэсовец Дзмітрый Курносенка.


Дзмітрый Курносенка. Крыніца: auto.onliner.by
«Бюро» звязалася з Дзмітрыем Курносенкам па тэлефоне, каб высветліць, як і чаму ён атрымаў долю ў самым буйным маркетплэйсе краіны. Бізнэсовец адмовіўся адказваць на пытанні нашага журналіста і назваў сваё валоданне «ТД Квадрат» «неправеранай інфармацыяй». Мы таксама накіравалі Курносенку нашыя пытанні пісьмова.
Курносенка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Полацку. У канцы 90-х з адзнакай скончыў Ваенную акадэмію РБ і, паводле звестак СМІ, праходзіў службу ва ўзброеных сілах на розных камандных пасадах. У нулявых працаваў у юрыдычнай фірме «Курносенка кансалтынг», а пасля падаўся ў бізнэс.
Аднак прычына, з-за якой Курносенка атрымаў долю ў Wildberries, можа ляжаць далёка за межамі рынкавай эканомікі. «Бюро» знайшло сувязі Курносенкі з атачэннем сям’і Лукашэнкі, якія маглі сыграць ролю ў гэтай угодзе.
Нядаўна мы расказалі, што ў Беларусі з’явілася новая буйная сетка вонкавай рэкламы «Крэатыўны код». Аднайменная фірма была зарэгістраваная ў канцы кастрычніка 2025-га і менш чым праз год атрымала ва ўласнасць амаль 3 тысячы адзінак рэкламных канструкцый ва ўсёй краіне.
«Крэатыўным кодам» валодаюць тры юрыдычныя асобы.
15% належыць «Музычнай медыякампаніі». Гэта прадакшан поўнага цыкла, дзе пасаду генеральнага прадзюсара займае Ганна Лукашэнка – жонка сярэдняга сына кіраўніка Беларусі Дзмітрыя Лукашэнкі.
10% запісаныя на кампанію «АНСЛ прадакшн». Уладальнікам мажарытарнай долі «АНСЛ прадакшн» у памеры 95% з’яўляецца Андрэй Урублеўскі – топ-менеджар Дзмітрыя Лукашэнкі.
Уласнікам астатніх 75% «Крэатыўнага кода» з’яўляецца закрытае акцыянернае таварыства «КорусМедыя». Даведацца, хто рэальныя ўласнікі кампаніі, немагчыма. Аднак мы высветлілі, што дырэктаркай ЗАТ лічыцца нейкая Дар’я Харужка. Паводле звестак «Кіберпартызан», Харужка больш за 10 гадоў працавала ў «Бяспечных дарогах Беларусі», якія кантралюе Курносенка.

Нашыя крыніцы з рэкламнага бізнэсу ў Беларусі паведамілі «Бюро» на ўмовах ананімнасці, што рынак звязвае «Крэатыўны код» праз заснавальнікаў менавіта з Wildberries. Паводле звестак крыніцы, маркетплэйс з’яўляецца буйнейшым камерцыйным кліентам у краіне.
І яшчэ адна характэрная дэталь, якая сведчыць пра важнасць Курносенкі для сям’і Лукашэнкі. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што бізнэсовец некалькі разоў падарожнічаў на машыне з нейкім Дзмітрыем Куракевічам. Мы знайшлі пяць сумесных паездак у 2017 і 2019 гадах у Польшчу, Літву і Украіну.
Куракевіч – былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта (СБП). У 2008 годзе ён быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» II ступені, які даецца за 15 гадоў бесперапыннай службы без нараканняў. Тады ён займаў пасаду аператыўнага кіроўцы 1-га аддзела ўпраўлення асабістай аховы СБП. Пры дапамозе «Альянсу расследавальнікаў Беларусі» мы высветлілі, што Куракевіч быў асабістым кіроўцам Аляксандра Лукашэнкі. Як мінімум з 2016 па 2024 год ён працуе ў «Бяспечных дарогах Беларусі» ў Курносенкі.
І гэта яшчэ адно сведчанне таго, што долю ў Wildberries атрымаў ні ў якім разе не пабочны інвестар, а чалавек са значным крэдытам даверу ад беларускіх уладаў.
Аднак на гэтым сувязі Wildberries з кіраўніцтвам Беларусі не заканчваюцца.
КЛЮЧАВЫ ПЕРАМОЎШЧЫК
У 2024 годзе ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» пачалося будаўніцтва першага лагістычнага хаба Wildberries. Агульная плошча – амаль 140 тысяч кв. м. Першая чарга ўжо здадзеная ў эксплуатацыю.
«Гэта самы буйны лагістычны аб’ект у краіне, на якім будуць працаваць прыкладна 5 тысяч чалавек», – напісала ў сябе ў тэлеграм-канале Таццяна Кім.
У маі 2026 года Таццяна Кім здзейсніла працоўны візіт у «Вялікі камень» і наведала складскі комплекс.

Таццяна Кім з інспекцыяй у «Вялікім камені». Крыніца: прэс-служба Wildberries
Прама за ёй можна заўважыць высокага мажнага мужчыну. Яго імя Яўген Васільеў і ён мае даволі спецыфічную пасаду – кіраўнік напрамку па працы з органамі дзяржаўнай улады кампаніі Wildberries у РБ. Па сутнасці, гэта афіцыйны «вырашала», упаўнаважаны ўладжваць пытанні з рэгулятарамі і прасоўваць інтарэсы маркетплэйса ў Беларусі.
Ён жа з’яўляецца дырэктарам «ТД Квадрат», якому адпісалі 10% беларускага Wildberries. Мабільны нумар, якім карыстаецца Васільеў, быў таксама пазначаны пры рэгістрацыі юрыдычнай асобы «ТД Квадрат». Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што да прыходу на ключавую пасаду ў Wildberries Васільеў быў дробным рэстаратарам. «Бюро» ўважліва вывучыла яго бізнэс-біяграфію і знайшло адзінае тлумачэнне такому кар’ернаму ўзлёту – сувязі яго сям’і з набліжанымі да клана Дзмітрыя Лукашэнкі.
У Васільева ёсць жонка. Яе завуць Алена Васільева. Яна кандытарка і развівае ўласную сетку пякарняў пад брэндам «Валенка». У 2023 годзе яна робіцца суўладальніцай фірмы «Сябры Івэнт». Мяркуючы па ўсім, гэтая кампанія цалкам і поўнасцю адказвае за арганізацыю канцэртаў беларускіх стэндап-комікаў, якія выступаюць на пляцоўцы Stand Up Comedy Hall.
Партнёрка жонкі Васільева па «Сябрах Івэнт» – рэстаратарка Наталля Садоўская. У 2020 годзе яна была запрошанай госцяй на закрытай інаўгурацыі Лукашэнкі і стала кіраўніцай Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі. У той жа час Яўгена Васільева, цяперашняга дырэктара кампаніі «ТД Квадрат» – суўладальніцы беларускага Wildberries, у СМІ пачалі называць старшынём назіральнага савета асацыяцыі.
Садоўская – наследніца рэстараннай імперыі «Сталічная рэстарацыя». Цяпер самы значны актыў гэтай групы кампаній – прэміяльны рэстаран Fabriq, дзейнасць якога ажыццяўляе фірма «Подыум стар». 75% «Подыум стар» належыць кампаніі «Сталічная рэстарацыя», якой 50 на 50 Наталля Садоўская валодае са сваім родным братам Ігарам Садоўскім. Астатнія 25% Fabriq запісаныя на Уладзіміра Кулакова – ён муж роднай сястры Ганны Лукашэнкі (жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі). Кулакоў 10 гадоў узначальваў «Клуб тэніса» – даччыную структуру Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, бяззменным кіраўніком якога з’яўляецца сярэдні сын Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі журналістаў-расследавальнікаў, партнёрства Садоўскіх і Кулакова супала з пашырэннем іх рэстараннага бізнэсу. Напрыклад, «Подыум стар» атрымаў ільготы на арэнду памяшкання пад Fabriq.
«Бюро» патэлефанавала Яўгену Васільеву, каб даведацца, якую ролю ў яго прызначэнні сыграла Наталля Садоўская. Перамоўшчык Wildberries не адказаў на пытанне нашага журналіста і назваў інфармацыю пра тое, што ён з’яўляецца дырэктарам «ТД Квадрат», «нейкай памылкай».
Мы вывучылі фінансавую справаздачнасць «Сяброў Івэнт» і зафіксавалі анамальныя для гэтай сферы дзейнасці абароты. У 2025 годзе кампанія спрацавала з выручкай у 9,7 мільёна беларускіх рублёў (2,8 мільёна еўра) і чыстым прыбыткам у 1,04 мільёна беларускіх рублёў (300 тысяч еўра).
Для параўнання «Музычная медыякампанія», якая звязаная з нявесткай Лукашэнкі і з’яўляецца адным з буйных прадакшанаў у Беларусі, 2024 год скончыла з выручкай у 8,1 мільёна беларускіх рублёў (2,3 мільёна еўра) і чыстым прыбыткам амаль у 1,3 мільёна беларускіх рублёў (крыху больш за 360 тысяч еўра). Вось толькі «Музычная медыякампанія» арганізоўвае дзяржаўныя мерапрыемствы, прадзюсуе з дзясятак артыстаў, здымае кліпы і тэлевізійныя шоу. А «Сябры Івэнт» прадаюць квіткі на стэндап па 30 рублёў і толкам не гугляцца.
РУКА РУКУ МЫЕ
Як ні круці, але ўсё паказвае на тое, што доля беларускага Wildberries знаходзіцца пад кантролем клана Дзмітрыя Лукашэнкі.
Дзмітрый Курносенка, бізнэс якога засноўваецца на спецуказах і дзяржаўна-прыватным партнёрстве, стаў сакрэтным суўладальнікам 10% маркетплэйса. Выяўленыя сувязі таксама дазваляюць дапусціць, што Курносенка можа мець дачыненне да рэкламнага бізнэсу, звязанага з Ганнай Лукашэнкай.
Толькі за першы год валодання доляй у Wildberries «ТД Квадрат» зарабіў з прыбытку больш за 20 мільёнаў еўра. З іх 7,7 мільёна Курносенка атрымаў у якасці дывідэндаў. Наяўнасць жа ў яго ўласнага банка дазваляе стварыць ідэальную інфраструктуру для ўтоенага пераразмеркавання грошай ад Wildberries. Напрыклад, летам 2026 года «Банк РРБ» запусціў спецыяльны тарыф «Магутны сэлер», спрабуючы зацягнуць на разлікова-касавае абслугоўванне тысячы беларускіх прадаўцоў Wildberries. Прыцягненне сэлераў маркетплэйса патэнцыйна можа павялічыць аб’ём сродкаў на кліенцкіх рахунках банка. Гэтая маржа ад валютных аперацый і камісійных збораў фарміруе легальны чысты прыбытак банка Курносенкі, які затым можа перанакіроўвацца ў тым ліку структурам Дзмітрыя Лукашэнкі: у выглядзе дывідэндаў, льготнага крэдытавання праектаў і закупкі паслуг у афіляваных падрадчыкаў.
Дырэктар суўладальніка беларускага Wildberries «ТД Квадрат» Яўген Васільеў, у мінулым дробны рэстаратар, стаў правай рукой Наталлі Садоўскай у Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі. Дзякуючы Садоўскай і яе сумеснаму бізнэсу са сваяком Дзмітрыя Лукашэнкі Васільеў змог прабіцца на самы верх і стаць галоўным «вырашалам», які ўладжвае пытанні паміж, па сутнасці, сям’ёй Лукашэнкі і расійскім Wildberries.
Тым часам жонка Васільева проста цяпер валодае бізнэсам з той жа Садоўскай, які генеруе анамальна завышаныя абароты. Не выключана, што менавіта ў «Сябрах Івэнт» можа асядаць доля Васільева за вырашэнне пытанняў з Wildberries на карысць сям’і Лукашэнкі.
