З фаварытак Лукашэнкі – у тэлевядоўцы: хто цяпер вяшчае на дзяржаўным ТБ
Год таму каманда «Першага інфармацыйнага» папоўнілася новай тэлевядоўцай – Ганнай Івановай.

Дзяўчына не раз была заўважаная ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. У 2019 годзе яна разам з «кавуновым батальёнам» збірала бахчавыя, брала ўдзел у цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў і была запрошанай госцяй на венскім балі ў Палацы незалежнасці. Паводле звестак «Кіберпартызан», у тым годзе Іванова якраз пачала супрацоўнічаць з Нацыянальнай школай прыгажосці, якая з’яўляецца так званай кузняй кадраў для світы Лукашэнкі.
У 2021 годзе Іванова засвяцілася каля Лукашэнкі ў шэрагах службы дзелавога пратакола. У 2022-м прысутнічала на святочным канцэрце з нагоды Дня народнага адзінства, дзе Лукашэнка выкаціў прамову пра геапалітыку, а ў 2024-м перажывала за хакейную «каманду першага», у кампаніі паплечніц па «кавуновым батальёне» і чыноўнікаў.
Дзяўчына скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ ў 2022 годзе і атрымала запрашэнне на Рэспубліканскі баль выпускнікоў. Адразу пасля завяршэння вучобы, у верасні 2022-га, Ганна Іванова пачала працаваць у «Банку развіцця», дзе затрымалася амаль на 3 гады.

Працу ў банку маладая прыгажуня сумяшчала з пасадай вядоўцы прагнозу надвор’я на тэлеканале «НТВ-Беларусь».

У верасні 2025 года Іванова стала тэлевядоўцай «Белтэлерадыёкампаніі». На «Першым інфармацыйным» яна вядзе навінавыя выпускі і бярэ інтэрв’ю.

Нядаўна дзяўчына пахвалілася ў сваім інстаграме, што атрымала пасаду ў новым шоу «Жаночы эфір». Яе сувядоўцамі сталі Юлія Алфёрава, заўзятая прапагандыстка Ксенія Лебедзева і сястра старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Ганна Эйсмант.

Яшчэ адна выхаванка Нацыянальнай школы прыгажосці, якая атабарылася на дзяржаўным тэлебачанні, – Элеанора Качалоўская. Паводле звестак «Кіберпартызан», з мадэльным агенцтвам дзяўчына пачала супрацоўнічаць яшчэ ў 2019 годзе і нават атрымала пасаду менеджаркі.
У 2023 годзе былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва стала ўладальніцай тытула міс Беларусь. Атрымаўшы карону, яна звярнулася са сцэны асабіста да Лукашэнкі:
«Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй, што вы даяце такім простым дзяўчатам магчымасць апынуцца ў гэтай казцы».
У лістападзе 2023-га Элеанору Качалоўскую накіравалі на Miss Europe Continental 2023, дзе яна стала першай віцэ-міс, а ў 2024-м – прадставіла Беларусь на «Міс Сусвет».
Не абышлося і без стандартнага набору мерапрыемстваў у кампаніі палітыка. У 2023-м Качалоўская прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з моладзевым актывам у Палацы незалежнасці, а таксама была госцяй на навагодніх балях у 2024 і 2025 гадах.
З 2025 года дзяўчына працуе вядоўцай праграмы «Плюс-мінус» тэлеканала «РТР-Беларусь», які ўваходзіць у холдынг «Сталічнае тэлебачанне».

Аднак, як стала вядома «Бюро», Качалоўская мае пасаду за кадрам.

Мяркуючы па фота ў інстаграме міс Беларусь, працу тэлевядоўцы яна сумяшчае з прадзюсарствам і задзейнічаная адразу ў некалькіх буйных праектах тэлеканала.

Акрамя таго, мы высветлілі, што Качалоўская мела дачыненне да вытворчасці новай гумарыстычнай праграмы на СТБ – «ДХ шоу».

Кар’еру на ТБ будуе і другая віцэ-міс Беларусь – 2018 Анастасія Лаўрынчук. У 2019 годзе яна таксама ўзяла ўдзел у конкурсе прыгажосці «Міс свету», але прызавых месцаў не заняла.
Як і Іванова з Качалоўскай, Анастасія Лаўрынчук рэгулярна брала ўдзел у мерапрыемствах пад патранажам Лукашэнкі. У 2019 годзе засвяцілася на венскім балі, у 2023 і 2024 гадах – на Рэспубліканскіх навагодніх балях, у 2026-м у кампаніі Аліі Кароткай і чыноўнікаў была заўзятаркай каманды Лукашэнкі.
У 2021 годзе Лаўрынчук скончыла інстытут бізнэсу БДУ. А ў 2023-м, мяркуючы па яе профілі ў інстаграме, пачала працаваць на СТБ і весці праграму «Навіны «24 гадзіны».

У адрозненне ад яе калег па цэху, Лаўрынчук у Нацыянальнай школе прыгажосці ніколі працаўладкаваная не была. Да СТБ – з 2017 па 2023 гады – яна працавала ў прыватнай фірме «Домамір», якая займаецца пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў. Пасаду дырэктара ў гэтай кампаніі займае яе бацька.
«Я б не ставіла знак роўнасці паміж адсутнасцю профільнай журналісцкай адукацыі і непрафесіяналізмам. У журналістыцы цалкам могуць паспяхова працаваць людзі без дыплома журфака – шмат што залежыць ад канкрэтнага віду працы, рэдакцыйных патрабаванняў, навучання ўжо ў прафесіі і таго, ці валодае чалавек журналісцкімі стандартамі і інструментамі. Іншая рэч, калі крытэрам адбору на тэлебачанне робяцца пераважна знешнасць і медыйнасць – тут ужо можна казаць пра падмену прафесійных крытэраў», – пракаментавала «Бюро» гендарная даследчыца Ірына Сідорская.