Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Лукашэнка хлусіць з тэлеэкранаў пра недатычнасць сваёй сям’і да рэкламнага бізнэсу

У верасні 2026 года Аляксандр Лукашэнка публічна абураўся, што яго сям’ю звязваюць з рэкламным бізнэсам:

«Ужо дайшло да таго, аказваецца, гэта мая сям’я гэтым [рэкламай] займаецца».

Нядаўна мы расказвалі, што фірма «Крэатыўны код», якая звязаная з Ганнай Лукашэнкай (Сялук), стала ўласнікам адной з буйных сетак вонкавай рэкламы ў Беларусі. «Бюро» высветліла новыя падрабязнасці пра яе бізнэс, якія абвяргаюць заявы кіраўніка Беларусі.

 

ANNA LUKASHENKO

Ганна Лукашэнка (Сялук). Крыніца: sb.by

 

На балансе «Крэатыўнага кода» без малога 3 тысячы рэкламных канструкцый (буйнафарматных білбордаў, сіці-фарматаў і лічбавых экранаў) ва ўсёй Беларусі: 185 у Брэсце, 296 у Віцебску, 198 у Гомелі, 161 у Гродне, 229 у Магілёве і 1858 у Мінску.

 

Паводле звестак крыніц «Бюро» з гэтай галіны, рынак вонкавай рэкламы ў Беларусі ў 2024 годзе ацэньваўся як мінімум у 10 тысяч канструкцый. Агульны аб’ём рынку вонкавай рэкламы ў 2025 годзе склаў 27,1 мільёна беларускіх рублёў (без малога 7,9 мільёна еўра).

 

Такім чанам, можна казаць пра тое, што «Крэатыўны код» кіруе амаль трацінай усяго рынку вонкавай рэкламы ў Беларусі.

 

Адкрытым застаецца пытанне: дзе новастворанае агенцтва магло ўзяць у кароткія тэрміны такую колькасць рэкламных канструкцый ва ўсёй краіне? Адразу дзве не звязаныя адна з адной крыніцы паведамілі «Бюро» на ўмовах ананімнасці, што «Крэатыўнаму коду» адышлі плошчы аднаго з буйных аператараў вонкавай рэкламы ў Беларусі – кампаніі з чэшскім капіталам «Бігборд».

 

Яшчэ адна займальная дэталь. Пры рэгістрацыі дамена сайта «Крэатыўнага кода» была пазначаная электронная пошта: pavel26187@mail.ru.

 

DOMAIN

 

Згодна з дадзенымі ўцечкі, уладальніка гэтага мэйла завуць Павел Чарнухін. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што як мінімум з 2013 па 2024 гады ён працаваў у структурах «Бігборда».

 

Не так даўно мы расказвалі, што 25% «Крэатыўнага кода» належаць фірмам, звязаным з Ганнай Лукашэнкай (15% запісана на «Музычную медыякампанію», а 10% на «АНСЛ прадакшн»). Астатнія 75% «Крэатыўнага кода» належаць ЗАТ «КорусМедыя».

 

Форма ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў, аднак «Бюро» высветліла, што дырэктаркай у «КорусМедыя» лічыцца Дар’я Харужка, якая больш за 10 гадоў працавала ў СЗАТ «Бяспечныя дарогі Беларусі» (аператар адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму ў Беларусі), за якім стаіць бізнэсовец Дзмітрый Курносенка.

 

KURNOSENKO

Дзмітрый Курносенка. Крыніца: auto.onliner.by

«Бяспечныя дарогі Беларусі» маюць двух уласнікаў, гэта аўстрыйская фірма Avonside Holdings GmbH (99,9%) і бізнэсовец Дзмітрый Курносенка (0,01%). Avonside Holdings GmbH у сваю чаргу таксама належыць дзвюм кампаніям: кыргызстанскай «БДБ Менеджмент» (35%) і кіпрскай Safe Roads Ltd. (65%). Апошняя запісаная на самога Дзмітрыя Курносенку (40%) і расіянку Анастасію Ніканаву (60%) – дачку расійскага бізнэсоўца Алега Бадэры, бізнэс-партнёра Курносенкі.