Румынскі партнёр Зайцава прасоўвае рускі свет у Беларусі
УСЕ ДАРОГІ ВЯДУЦЬ У КРЭМЛЬ
Раней «Бюро» расказвала пра румынскага бізнэсоўца, які стварыў у Беларусі цэлую бізнэс-імперыю з набліжанымі да Лукашэнкі людзьмі. Як мы высветлілі цяпер, Віталіе Буздуган займаецца ў нашай краіне яшчэ і грамадскімі праектамі.
У 2023 годзе Буздуган стварыў кампанію «Шляхамі культуры». Кіруе фірмай жонка бізнэсоўца Таццяна.

Віталіе Буздуган. Крыніца: proftorg-grodno.by
Сайт «Шляхамі культуры» зарэгістраваны на дамене «.рус». На сайце абазначаныя мэты кампаніі: «захаваем спрадвечныя духоўна-маральныя асновы і традыцыі народаў Вялікай Русі», «адстаім суверэнітэт свядомасці грамадзян Еўразійскай прасторы», «абаронім мір і бяспеку».
Праекты кампаніі засяроджаныя на мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, на «патрыятычным» выхаванні і прасоўванні ідэі агульнай культурнай прасторы Беларусі, Расіі і іншых краін былога СССР.
Першы праект «Шляхамі культуры» – «Адрасы Перамогі». Пад гэтай эгідай кампанія Буздугана аднаўляе помнікі і мемарыяльныя комплексы савецкім ваенным, а ў перспектыве плануе аб’яднаць такія аб’екты ў Беларусі і Расіі адзіным маршрутам.
Праект распачалі ў Мінску летам 2023 года выставай і канцэртам. На іх прыйшлі расійскія дыпламаты, члены Савета міністраў Беларусі, прадстаўнікі адукацыйных устаноў, а таксама праваслаўнай царквы.
На мерапрыемстве анансавалі аднаўленне помніка параненаму салдату на месцы дыслакацыі партызанскай брыгады «Разгром» у Смалявіцкім раёне. Выступаючы на адкрыцці праекта, пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у чарговы раз апраўдаў расійскае ўварванне ва Украіну:
«Другім камандзірам брыгады <...> быў падпалкоўнік Мікалай Харлампіевіч Балан, па нацыянальнасці – украінец. Я з вялікім смуткам задумваюся, што б сказаў цяпер ён, убачыўшы, што робіцца на ягонай малой радзіме, дзе сёння ўздымаюцца сцягі нацысцкіх дывізій, супраць якіх ён ваяваў», сказаў расійскі пасол.

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Грызлоў на адкрыцці праекта «Адрасы Перамогі». Крыніца: «Адрасы Перамогі»
У межах праекта «Адрасы Перамогі» аднавілі ўжо шэсць помнікаў на тэрыторыі Беларусі. Большасць з іх размешчаныя ў рэгіёнах, якія мяжуюць з Расіяй. Адкрыцці мемарыялаў суправаджаліся мітынгамі з удзелам беларускіх і расійскіх чыноўнікаў, ветэранскіх і «патрыятычных» арганізацый, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы і ўстаноў адукацыі. У прамовах выступоўцаў гучалі пракрамлёўскія наратывы.
Напрыклад, пасол Барыс Грызлоў у Смалявічах гаварыў пра «братнія народы» Расіі і Беларусі і крытыкаваў дэмантаж савецкіх помнікаў у краінах Еўропы. Старшыня Смаленскай абласной думы і адзінарос Ігар Ляхаў у Дубровенскім раёне сцвярджаў, што Расія і Беларусь гістарычна «плячо ў плячо супрацьстаялі Захаду» і сёння сталі мэтай яго «адкрытай агрэсіі». Ён таксама заклікаў чыноўнікаў працаваць з моладдзю, якая, паводле яго слоў, «лёгка спакушаецца заходняй прапагандай». Пазней, ужо ва Ушацкім раёне, Ляхаў заяўляў пра спробы «раскалоць славянскі свет» і «заняволіць Расію».

Старшыня Смаленскай абласной думы Ігар Ляхаў на адкрыцці помніка ва Ушацкім раёне. Крыніца: «Рабочий путь»
Апошні на дадзены момант мемарыял у межах праекта «Адрасы Перамогі» адкрылі 9 мая 2026 года – у аграгарадку Вароны Віцебскага раёна. Сярод выступоўцаў быў сам Віталіе Буздуган. Ён гаварыў пра неабходнасць «праяўляць пачуццё братэрства» і «аб’ядноўвацца вакол Вялікай Перамогі».
МУЗЫКА НАС ЗВЯЗАЛА
Другі праект кампаніі Буздугана называецца «Пакровы культуры». Пад гэтай назвай праводзяць музычна-паэтычныя івэнты.
Адно такое мерапрыемства адбылося ў маі 2025 года ў мінскім цэнтры «Каўчэг» пры Свята-Елісавецінскім манастыры. На канцэрце гучалі песні на тэму вайны і настальгіі па СССР. Уваход быў бясплатным, але па запрашальных.
Білеты атрымалі, напрыклад, члены Савета маладых вучоных Белдзяржмедуніверсітэта і ўпраўлення падрыхтоўкі навуковых работнікаў. Яны падзякавалі ўстанове «Шляхамі культуры» і асабіста Таццяне і Віталіе Буздуганам за магчымасць наведаць канцэрт.
Хэдлайнерам вечарыны стаў Ільяс Аутаў – заснавальнік казахстанскага рок-гурта «Мотар-Ролер». Некаторыя СМІ прадстаўляюць яго як «члена папячыцельскага савета» кампаніі «Шляхамі культуры».

Ільяс Аутаў. Крыніца: «Мінская праўда»
Аутаў браў удзел у мерапрыемствах Рускага дома ў Алматы, а ў 2022 годзе напісаў музыку для песні «Рускія» на словы Дзмітрыя Рагозіна, тагачаснага кіраўніка «Раскосмаса».
УСЕ НАЙЛЕПШАЕ – ДЗЕЦЯМ
На сайце «Шляхамі культуры» прадстаўлены яшчэ адзін праект – «КінаЭтыка». Яго апісваюць як анлайн-зборнік мастацкіх і дакументальных фільмаў з «выражаным маральна-этычным зместам». Паводле задумы Буздуганаў, гэтыя фільмы павінны выхоўваць у дзецях «духоўна-маральныя якасці», развіваць крытычнае мысленне і фарміраваць «адказную свядомасць».
Мяркуючы па сайце, праект яшчэ распрацоўваецца, але «КінаЭтыка» ўжо паспела рэалізавацца ў афлайне.
Так, восенню 2023 года ў мінскім Dana Mall прайшоў VII Дзіцячы фестываль кіно і тэлебачання «Кінасвет». Арганізатары называлі яго мэтай «маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў», прылучэнне моладзі да духоўнай культуры і прасоўванне «праўдзівых, агульначалавечых духоўных каштоўнасцяў». Кампанія Буздугана «Шляхамі культуры» выступіла партнёрам фестывалю, а ў праграме конкурсу была спецыяльная намінацыя «КінаЭтыка».
Фестываль уключаў паказы, абмеркаванні фільмаў і майстар-класы. Арганізатары пісалі, што падчас кіналекторыяў дзеці і дарослыя абмяркоўвалі, напрыклад, каго лічыць героем і «хто такі сапраўдны мужчына».
У 2024 годзе «Кінасвет» прадоўжыўся без намінацыі «КінаЭтыка», а ўстанова «Шляхамі культуры» сярод партнёраў ужо не згадвалася. У 2025 годзе фестываль адмянілі без растлумачэння прычынаў.
САЮЗ ЗАЛЕЖНЫХ ДЗЯРЖАЎ
Беларусь не адзіная краіна, у якой Віталіе Буздуган прасоўвае прарасійскія наратывы. Тут ён выбудаваў пляцоўку для працы і з іншымі членамі СНД. Для гэтага бізнэсовец у 2022 годзе стварыў у Мінску яшчэ адну фірму «СаюзФорум». Жонка Таццяна – кіраўніца і ў гэтай кампаніі.
«СаюзФорум» стаў суарганізатарам міжнароднага форуму «Адзінай памяці верныя», які прайшоў у Мінску ў лістападзе 2022 года. Афіцыйна мерапрыемства павінна было падкрэсліць агульны ўнёсак народаў СНД у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне. Характэрна, што на форуме выкарыстоўвалі і ўкраінскі сцяг, хаця дэлегацыі ад гэтай краіны не было.
У форуме бралі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі, прадстаўнікі грамадскіх і ветэранскіх арганізацый. Ад выканаўчага камітэта СНД прыехала дэлегацыя на чале з першым намеснікам старшыні Леанідам Анфімавым. Сярод замежных удзельнікаў быў, напрыклад, пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў. Ён выступіў з прамовай, якую завяршыў падзякай Беларусі за захаванне памяці савецкіх ваенных і падкрэсліў важнасць абвешчанага Лукашэнкам «Года гістарычнай памяці».
На першы погляд, форум тычыўся выключна Другой сусветнай. Аднак яго ключавы пасыл быў шырэйшы: былыя савецкія рэспублікі прадстаўляліся як прастора народаў, аб’яднаных агульнай гісторыяй, агульнай Перамогай і абавязкам абараняць адзіную інтэрпрэтацыю мінулага.
Да такой высновы прыйшлі расійскія даследчыкі, якія вывучалі дзейнасць патрыятычных арганізацый Расіі і Беларусі. Яны аднеслі «Адзінай памяці верныя» да праектаў, якія фарміруюць так званы саюзны патрыятычны парадак дня. Яго мэта – збліжэнне Беларусі і Расіі.
Адным форумам праца па гэтым збліжэнні не абмежавалася. У 2023 годзе ў Мінску адкрылі ўжо аднайменную выставу. У ёй бралі ўдзел беларускія музеі і ваенна-гістарычныя музеі іншых краін СНД. Экспазіцыю прысвяцілі 80-годдзю пачатку вызвалення Беларусі, а яе цэнтральнай тэмай зноў стаў агульны ўнёсак народаў Савецкага Саюза ў перамогу.
У 2024 годзе пад назвай «Адзінай памяці верныя» правялі ўжо міжнародную навукова-практычную канферэнцыю. У ёй удзельнічалі гісторыкі і прадстаўнікі дзяржаўных установаў Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. Прывітальныя словы ўдзельнікам накіравалі дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў і міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. Сярод мадэратараў былі прадстаўнікі савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі.
Расійскія даследчыкі ўключылі канферэнцыю ў лік мерапрыемстваў па «эфектыўным прасоўванні саюзнага патрыятычнага парадку дня».
У 2025 годзе праект зноў змяніў фармат і перамясціўся ў Расію. У Смаленску прайшоў міжнародны фестываль-конкурс «Адзінай памяці верныя» для дзяцей і падлеткаў. Удзельнікі чыталі творы пра Вялікую Айчынную вайну. Сярод заяўленых задач былі патрыятычнае выхаванне, павага да вайсковага подзвігу і паглыбленне ведаў пра ваенную літаратуру.
Так, праект Буздугана ператварыўся ў штогадовую падзею, якая ў розных фарматах нацэленая на згуртаванне народаў былога СССР вакол Расіі.
НЯБАЧНЫ ФРОНТ
Паасобку праекты Віталіе Буздугана выглядаюць як набор не звязаных культурніцкіх ініцыятыў. Разам жа яны складваюцца ў сістэму, якая прасоўвае рускі свет адразу на некалькіх узроўнях.
Праз «Адрасы Перамогі» Буздуган працуе з гістарычнай памяццю. На адкрыцці савецкіх мемарыялаў гучаць словы пра «братнія народы» Беларусі і Расіі, агульную гісторыю дзвюх краін і супрацьстаянне Захаду. Мінулае змешваецца з цяперашнім, факты – з выдумкай. «Пакровы культуры» транслююць падобныя ідэі праз музыку і мастацтва. «КінаЭтыка» пасля запуску будзе рабіць тое ж самае, толькі праз фільмы і з фокусам на дзяцей і падлеткаў. Праз івэнты «Адзінай памяці верныя» Буздуган ужо паступова выходзіць за межы Беларусі, імкнучыся мяккай сілай аб’яднаць краіны СНД вакол Расіі.
Для гэтай задачы Буздуган – ідэальны выканаўца. Румынскі грамадзянін малдаўскага паходжання, ён сам абраў для сябе расійскую гістарычную і палітычную рамку, а цяпер з дапамогай мяккай сілы навязвае яе іншым. Досведу Буздугану хапае: раней ён браў удзел у рускасветных арганізацыях сяброў Пуціна.
Эфект ад такой прапаганды не варта недаацэньваць. Міжнародныя эксперты адзначаюць, што менавіта паслядоўная і доўгая праца расійскай мяккай сілы ва Украіне заклала падмурак для наступнай анэксіі Крыма і часткі Данбаса. Для Беларусі, якая з кожным годам усё больш робіцца залежнай ад Расіі, гэта трывожны знак. Больш падрабязна пра мяккую сілу Масквы «Бюро» расказвала ў расследаваннях «Рускі свет з дастаўкай дадому» і «Людзі Пуціна».