У Швецыі расследуюць парушэнне санкцый пасля нашай публікацыі пра перавозчыка Jenty
Шведская паліцыя расследуе магчымае парушэнне міжнародных санкцый пасля нашай сумеснай публікацы з SVT и Fundacja Reporterów пра буйнога беларускага перавозчыка «Дженці-спедзішн».
«Мы пачалі папярэдняе расследаванне на падставе гэтага рэпартажу. Гаворка ідзе пра парушэнне санкцыйнага заканадаўства. Але я не магу паведаміць больш», – пракаментавала SVT следчая Ульрыка Бергстром з Нацыянальнага аператыўнага аддзела паліцыі ў Стакгольме.
Раней у журналісцкім расследаванні «Круты паварот» мы расказалі пра перавозку медычных прэпаратаў са шведскай фабрыкі AstraZeneca. Для дастаўкі грузаў прыцягваліся польская кампанія DSPL і казахская кампанія «Тэхнабел». У нас атрымалася даказаць, што яны звязаныя з буйным беларускім перавозчыкам «Джэнці-спедзішн». Транспартным кампаніям з Беларусі забаронена працаваць у Еўрасаюзе. Санкцыі былі ўведзеныя з-за падтрымкі беларускім рэжымам расійскай агрэсіі супраць Украіны. «Джэнці-спедзішн» працуе ў ЕС не наўпрост, а праз звязаных субпадрадчыкаў.
Пасля нашага расследавання ў AstraZeneca заявілі, што згаданыя ў публікацыі транспартныя кампаніі больш не будуць выкарыстоўвацца для перавозкі грузаў.
«Мы не каментуем бягучае паліцэйскае расследаванне, але разам з тым хочам падкрэсліць, што AstraZeneca ні ў чым не падазраецца», – паведамілі ў фармацэўтычнай кампаніі ў лісце да SVT.