Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Дзмітрый Абельскі пабудуе фармацэўтычны комплекс за 10 мільёнаў долараў

У снежні 2024 года ў Беларусі з’явілася новая фірма – ЗАТ «ФармаСайнс». У планах кампаніі – выпуск і продаж кропляў для вачэй.

 

Форма закрытага акцыянернага таварыства не прадугледжвае раскрыцця ўласнікаў. Аднак «Бюро» высветліла, хто стаіць за гэтай кампаніяй.

 

Як нам стала вядома, «ФармаСайнс» мае чатырох бенефіцыяраў.

 

Першы – Дзмітрый Абельскі, старэйшы сын сенатаркі і кіраўніцы лечкамісіі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірыны Абельскай.

 

Другі – Алег Пазняк. Ён сузаснавальнік і намеснік дырэктара буйной сеткі афтальмалагічных клінік Voka ў Беларусі. Менавіта ў Voka з 2018 года ўрачом-афтальмолагам працуе Дзмітрый Абельскі.

 

У «ФармаСайнс» Пазняк таксама выконвае і функцыі дырэктара.

 

ABELSKI & POZNIAK

Дзмітрый Абельскі (крайні злева) і Алег Пазняк (крайні справа) на адкрыцці клінікі Voka ў Гродне. Крыніца: grodnoplustv.by

 

Таксама сярод бенефіцыяраў «ФармаСайнс» мы знайшлі Андрэя і Валерыя Ярамчукоў. Яны абодва працуюць у прыватнай кампаніі «Фармтэхналогія», якая займаецца вытворчасцю лекаў. У іхнага бацькі – Аляксандра Ярамчука – мажарытарная доля ў «Фармтэхналогіі» ў памеры 55,1%.

 

Абельскі & Со паставілі перад сабой амбітныя мэты – будаўніцтва ўласнага завода па вытворчасці кропляў для вачэй.

 

Фармацэўтычны комплекс размясціўся ў адмысловай эканамічнай зоне «Вялікі камень». 12 мая 2026 года «ФармаСайнс» зарэгістравалася там як рэзідэнт. Завяршэнне будаўніцтва завода і выхад прадпрыемства на поўную магутнасць у 10 мільёнаў упаковак за год запланаваныя да 2027 – 2028 гадоў. Да таго моманту Абельскі з партнёрамі разлічвае на выручку ў 10 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 3,5 мільёна долараў) і не менш як 3 мільёны рублёў (1,05 мільёна долараў) чыстага прыбытку.

 

Агульны кошт праекта ацэньваецца ў 10 мільёнаў долараў. Фінансаваць будаўніцтва завода хочуць за кошт банкаўскіх крэдытаў, уласных сродкаў, пазык і інвестыцый. У верасні 2025 года «ФармаСайнс» ужо выпусціла аблігацыі на 3,5 мільёна беларускіх рублёў (каля 1,2 мільёна долараў), каб прыцягнуць фінансаванне ад інвестараў. Мяркуючы па ўсім, гэтыя грошы кампанія плануе пусціць на арэнду памяшкання, закупку абсталявання, наладку тэхналагічных працэсаў і прыцягненне кваліфікаваных спецыялістаў да пачатку маштабнай будоўлі.