Колькі траціць хакейны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі
У распараджэнні «Бюро» аказаліся справаздачы пра паступленне і расходаванне сродкаў аматарскай хакейнай каманды «Шчыт», за якую гуляе Дзмітрый Лукашэнка. Мы даведаліся, адкуль прыходзяць грошы і колькі выдаткоўваецца на дзейнасць клуба.

Дзмітрый Лукашэнка. Крыніца: sportclub.by
У 2022 годзе на рахунках грамадскага аб’яднання «Аматарскі хакейны клуб «Шчыт» аказалася 746 тысяч беларускіх рублёў (271 тысяча еўра). У 2023 годзе – 586 тысяч беларускіх рублёў (180,5 тысячы еўра). У 2024-м – 433,5 тысячы беларускіх рублёў (123,5 тысячы еўра). У 2025-м – 514 тысяч беларускіх рублёў (148,6 тысячы еўра).
Усяго за 4 гады мы налічылі на балансе аматарскай каманды Дзмітрыя Лукашэнкі амаль 2,3 мільёна беларускіх рублёў, або без малога 724 тысячы еўра.
Якое ж паходжанне гэтых грошай? У дакументацыі яны пазначаныя як «паступленні, атрыманыя ў якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі». Хто тыя мецэнаты, якія ахвяруюць такія нечуваныя сумы на аматарскі хакей, невядома.
Таксама з дакументацыі мы даведаліся, на якія патрэбы гэтыя грошы «Шчыт» траціць. Ільвіная доля расходаў – навучальна-трэніровачная дзейнасць, падрыхтоўка і ўдзел каманд у міжнародных турнірах па хакеі, набыццё інвентару і экіпіроўкі.
Меншая частка сродкаў ідзе на аплату арганізацыйных і гаспадарчых расходаў (інфармацыйныя кампаніі, паслугі банкаў, камандзіровачныя расходы), а таксама сам клуб выдаткоўвае некаму бязвыплатную спонсарскую дапамогу (за два гады – 71,4 тысячы беларускіх рублёў).
Таксама «Шчыт» плаціць зарплату двум супрацоўнікам (уключаючы падаходны падатак і ўнёскі ва ФСАН).

Першы – Яўген Кукушкін. Нядаўна мы расказвалі, што ў нулявых ён быў чыноўнікам – інспектарам у камітэце па каштоўных паперах пры Савеце міністраў РБ. У 2002 годзе яго затрымалі супрацоўнікі КДБ за спробу прадаць «расійскім бізнэсоўцам» ваенную дзяржаўную таямніцу пра дзейнасць абароннага прадпрыемства «Пеленг». Тады Кукушкін абышоўся ўсяго толькі ўмоўным тэрмінам.
Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што ў «Шчыце» Кукушкін працуе з моманту яго заснавання – 2016 года. Ён выконвае абавязкі старшыні савета клуба, гэта значыць, па сутнасці, кіраўніка. Акрамя таго, Кукушкін значыцца на 0,25 стаўкі як трэнер з месячным акладам у 1860,6 беларускага рубля.
Другі штатны супрацоўнік – Аляксандр Жукавец. У пачатку дзясятых гадоў ён працаваў дзяржаўным трэнерам па хакеі на траве Міністэрства спорту і турызму РБ. З 2018 па 2023 год Жукавец сам гуляў за «Шчыт». У штаце хакейнага клуба ён пазначаны як трэнер-адміністратар на 0,25 стаўкі са сціплым акладам у 278,25 беларускага рубля.