У «нафтавага кашалька» Лукашэнкі знайшоўся новы бізнэс з мільярднай выручкай
На беларускім рынку гандлю нафтапрадуктамі з’явіўся новы гулец – кампанія «Мінерал Гудс Трэйд». Запуск бізнэсу нідзе не афішаваўся. Усяго праз два гады працы кампанія дамаглася ўражальных вынікаў – выручка перавысіла мільярд долараў. «Бюро» высветліла, што новая фірма звязаная з уплывовым бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Мікалай Варабей. Крыніца: tut.by
Пасля ўвядзення санкцый бізнэсовец працуе праз новыя фірмы, якія афармляе на давераных асоб. Адной з такіх кампаній стала «Мінерал Гудс Трэйд» (МГТ). Яна з’явілася ў снежні 2022 года ў Наваполацку. У гэтым горадзе Варабей пачынаў сваю бізнэс-кар’еру.
МГТ належыць турыстычны комплекс «Чырвоны бор» у Верхнядзвінскім раёне. Да ўвядзення санкцый туркомплексам кіравала падкантрольная Вараб’ю кампанія «Інтэрсэрвіс». Ад падсанкцыйнага «Інтэрсэрвіса» да МГТ перайшла і турыстычная гастраномія: кавярня і бар у Дабраплёсах, таверна ў гарадскім пасёлку Асвея і карчма ў вёсцы Ізубрыца. Сайт «Чырвонага бору» і таварны знак для прасоўвання туркомплексу таксама зарэгістраваны на МГТ.

Туркомплекс «Чырвоны бор». Крыніца: krasniybor.by
Кіраўнік МГТ – Андрэй Шышко з досведам працы ў нафтагандлі і лагістыцы. Дзякуючы «Кіберпартызанам» удалося даведацца, што ён уладкаваўся да Вараб’я ў 2021 годзе. Спачатку працаваў у «Новай нафтавай кампаніі», а затым – у кампаніі «Лэндрэсурс». З чэрвеня 2023 года ўзначальвае «Мінерал Гудс Трэйд». Уладальнікам МГТ з’яўляецца Кірыл Бяляеў. Гэта ўраджэнец Наваполацка, які ўсё жыццё прапрацаваў у «Віцебскэнерга». Як ён патрапіў у МГТ, Бяляеў не змог патлумачыць у размове з «Бюро».
Асноўным відам дзейнасці кампанія «Мінерал Гудс Трэйд» пазначыла гуртавы гандаль топачным мазутам. Праз два гады пасля рэгістрацыі МГТ дамаглася фенаменальных поспехаў. Па выніках 2024 года яе выручка перавысіла 3,5 мільярда рублёў, а чысты прыбытак – 51 мільён рублёў. Такімі паказчыкамі можа пахваліцца рэдкае беларускае прадпрыемства.
Летась фінансавыя паказчыкі МГТ былі больш сціплыя. Выручка знізілася амаль на 80% – да 715 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак знізіўся амаль на 2% – да 50 мільёнаў рублёў.
Кіраўнік МГТ Андрэй Шышко пракаментаваць адмовіўся.
Пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый Беларусь страціла важныя каналы транспартавання нафтапрадуктаў праз краіны Балтыі. У выніку экспарт беларускіх нафтапрадуктаў пайшоў праз расійскія парты. Раней мы расказвалі, як звязаная з Вараб’ём кампанія «Лагістык Энерджы» вазіла бензін, дызельнае паліва, мазут і газойль у парты Ленінградскай вобласці. Па выніках 2024 года на яе прыпала прыкладна чвэрць ад усіх чыгуначных паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расію – больш за 19 тысяч цыстэрнаў больш чым з 1,2 мільёна тонаў нафтапрадуктаў.
З расійскіх партоў беларускія нафтапрадукты накіроўваюцца ў іншыя краіны. Да прыкладу, у Індыю або Кітай, расказваў «Бюро» адзін з нафтатрэйдараў. Паводле яго слоў, каб абысці санкцыі, выкарыстоўваюць фірмы-пракладкі.