Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
BUZDUGAN_MAIN

Шэры кардынал

Нашыя сацсеткi

Як румынскі бізнэсовец пабудаваў бізнэс-імперыю ў Беларусі разам з «кашальком» Лукашэнкі і былым кіраўніком Дзяржпагранкамітэта

Аўтары

 

 

НОВАЯ ЭЛІТА

Паўночна-заходняя ўскраіна Мінска – асаблівы раён. У савецкія часы там сялілася партыйная наменклатура. У першыя гады пасля распаду СССР – замежныя паслы. Пазней сваю рэзідэнцыю туды перанёс Аляксандр Лукашэнка, а за ім падцягнуліся набліжаныя. Віктар Шэйман, Ірына Абельская, Юрый Чыж – усе яны пабудавалі сабе катэджы ў маляўнічым раёне Дразды, блізу аднайменнага вадасховішча. Неўзабаве зямлю там дзяржава пачала прадаваць чыноўнікам і блізкім да Лукашэнкі бізнэсоўцам – на выгадных умовах. Катэдж за катэджам, і за некалькі гадоў у Драздах вырас цэлы элітны пасёлак. Калі месца ў «царскім сяле» скончылася, сталі забудоўваць іншы раён непадалёк, у Веснінцы.

 

Побач з дзвюма элітнымі лакацыямі размясцілася невялікая вуліца з гаваркой назвай Ціхая. Гэта зацішны куточак воддаль ад гарадской мітусні. Калі вы пра яго раней не чулі, не здзіўляйцеся: яшчэ ў нулявых гэта была вёска з заняпалымі пабудовамі. Аднак суседства з Драздамі і Веснінкай займела эфект. За апошнія некалькі гадоў тут пабудавалі модныя катэджы, недалёка ўзвялі «Мінск-Арэну» і гандлёвы цэнтр Arena City – і вуліца Ціхая стала новым пунктам на мапе элітных раёнаў Мінска. Менавіта там, пад бокам у беларускай эліты, атабарыўся галоўны герой нашага расследавання – румынскі бізнэсовец Віталіе Буздуган.

 

BUZDUGAN

Віталіе Буздуган. Крыніца: proftorg-grodno.by

 

З дапамогай «Кіберпартызан» «Бюро» высветліла, што Буздугану належаць тры кватэры на вуліцы Ціхай: дзве плошчай 121 квадрат і адна – 80 квадратаў. Іх агульны ацэначны кошт – амаль 800 тысяч долараў. Таксама Буздуган мае кватэру на вуліцы Прытыцкага. Гэтыя апартаменты больш сціплыя: 53 квадраты ацэначным коштам каля 90 тысяч долараў.

 

Відавочна, што Віталіе Буздуган – чалавек заможны. Гэта нядзіўна, бо ў Беларусі ён валодае цэлай бізнэс-імперыяй. «Бюро» высветліла, што яму належыць асноўная доля як мінімум у 15 кампаніях. Яны працуюць у сферах медыцыны, будаўніцтва, тэхналогій, турызму, сельскай гаспадаркі і культуры. Многія фірмы звязаныя з бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, які знаходзіцца пад санкцыямі як спонсар Лукашэнкі, а таксама з Ігарам Рачкоўскім – экс-кіраўніком Дзяржпагранкамітэта і даўнім сябрам Віктара Лукашэнкі.

 

Не менш вартыя ўвагі і расійскія партнёры, з якімі Буздуган вядзе бізнэс у Беларусі. Сярод іх, напрыклад, прамы наследнік аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Сталіна. У Расіі ён заснаваў вытворчасць ударных дронаў, якія выкарыстоўваюць на вайне супраць Украіны, а ў Беларусі адкрыў з Буздуганам фірму па стварэнні прэпаратаў з плазмы крыві.

 

Хто ж такі Віталіе Буздуган? Як ён апынуўся ў Беларусі і дамогся тут такіх поспехаў? Адказы мы пачалі шукаць у родных мясцінах Буздугана. У Румыніі ён далёка не апошні чалавек: усяго адзін поціск рукі аддзяляе яго ад прэзідэнта.

Мы выказваем падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу «Кіберпартызанам» і калегам з румынскага расследавальніцкага праекта Public Record

 

Назвы беларускіх кампаній падаюцца згодна з Адзіным дзяржаўным рэгістрам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Назвы расійскіх кампаній падаюцца без перакладу

 

 

РОДНЫЯ ПЕНАТЫ

Віталіе Буздуган нарадзіўся ў 1973 годзе. Калі пачаў займацца бізнэсам, дакладна невядома. Аднак ужо ў нулявых у яго было як мінімум дзве кампаніі ў Румыніі – і абедзве супрацоўнічалі з Беларуссю.

 

У 2005 годзе Буздуган адкрыў у Бухарэсце фірму MAZ Truck & Bus. Слова MAZ у назве адсылае да аднайменнага беларускага завода. Тэхніку яго вытворчасці Буздуган і пастаўляў у Румынію праз гэтую кампанію. Свае паслугі ён рэкламаваў у піяр-агенцтве AG Communication, у якім мае долю.

 

Некалькі крыніц звязваюць Буздугана з фірмай Dunarea, якая таксама працавала з МАЗам. Аўтобусы яго вытворчасці кампанія пастаўляла ў румынскую Канстанцу – па цане каля 90 тысяч еўра за штуку. Пры гэтым аўтобусы нават не мелі кандыцыянераў. Румынская прэса тады западозрыла гарадскія ўлады ў растраце бюджэту.

 

Гэта самыя раннія прыклады супрацоўніцтва Буздугана з Беларуссю, якія выявіла «Бюро».

 

Наладжаныя кантакты бізнэсоўца з нашай краінай прыцягнулі ўвагу буйнога румынскага інвестара Мацея Пэуна, калі ён вырашыў вывесці на беларускі рынак сваю фірму. Гэты праект стаў шчаслівым білетам для Буздугана.

 

 

ДОСТУП ДА ВЯРХУШКІ

Інвестыцыйная кансалтынгавая фірма Balkan Advisory Company SRL з’явілася ў Ірландыі ў 1998 годзе і неўзабаве пачала адкрываць філіялы на Балканах. Так, у 2004 годзе з’явілася румынскае прадстаўніцтва – BAC Romania. Яго кіраўніком стаў бізнэсовец Мацей Пэун. У 2008 годзе ён адкрыў беларускі філіял – «Рывер Інвест».

 

Сваё рашэнне Пэун у адным інтэрв’ю растлумачыў так:

«У 2008 – 2010 гадах Беларусь актыўна абходжвалі ЗША і Еўрасаюз. Яны абвясцілі пра маштабную хвалю прыватызацыі, і многія банкі вырашылі адкрыць філіялы».

На новую тэрыторыю Пэун заходзіў не адзін: яго партнёрам стаў Віталіе Буздуган, які ўжо працаваў з Мінскам. Трэцім заснавальнікам «Рывер Інвест» стаў беларус Аляксандр Міронаўэкс-супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі.

 

Нядзіўна, што пры такім партнёры румынскія бізнэсоўцы мелі прамыя кантакты з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі. Пра гэтыя сувязі расказаў румынскі эканаміст Андрэй Карамітру ў інтэрв’ю газеце Adevărul. Нібыта Пэун прапанаваў яму супрацоўніцтва з BAC, абяцаючы доступ да «буйнога фінансавання і праектаў» у Беларусі дзякуючы «практычна эксклюзіўным дачыненням» з Аляксандрам Лукашэнкам.

 

У кампаніі «Рывер Інвест», якая звязаная з Пэунам і Буздуганам, сапраўды былі праекты ў Беларусі. Так, у 2009 годзе кампанія падпісала з дзяржавай пагадненне «аб распрацоўцы новых тэхналогій і абсталявання па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адкідаў». У 2010 годзе фірма заявіла, што гатовая інвеставаць каля 23 мільёнаў еўра ў маніторынг гульнявога бізнэсу ў Беларусі. Тады гэтае пытанне было надзвычай актуальнае, бо Лукашэнка зацвердзіў канцэпцыю развіцця гульнявога бізнэсу на найбліжэйшую пяцігодку. Яна прадугледжвала аб’яднанне ўсіх беларускіх казіно і залаў гульнявых аўтаматаў у камп’ютарную сетку з адзіным цэнтрам маніторынгу.

 

Невядома, ці атрымала «Рывер Інвест» гэты кантракт. Аднак сам факт абмеркавання такіх праектаў на вышэйшым дзяржаўным узроўні кажа пра ўплывовае становішча Буздугана і Пэуна ў Беларусі.

 

У студзені 2011 года «Рывер Інвест» перайменавалі ў «Балкан Адвайзер Компані», што адсылала да мацярынскай кампаніі BAC. Ужо ў красавіку пад гэтай назвай фірма вяла перамовы з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях пра стварэнне ў Беларусі заводу па перапрацоўцы старых шынаў.

 

Затым «Балкан Адвайзер Компані» пачала дзейнічаць менш адкрыта – праз даччыныя прадпрыемствы. Апошнім часам дадзеныя пра яе працу і ўвогуле знішчаюцца.

 

 

ЗАМЯТАЮЧЫ СЛЯДЫ

Сёння румынская кампанія BAC робіць выгляд, нібыта беларускага філіяла ніколі не існавала: на сайце няма ніводнай згадкі пра яго. Аднак варта адкрыць архіўную версію сайта за 2019 год – і на ёй будуць асобная ўкладка пра Беларусь, контур нашай краіны на мапе філіялаў BAC і слова «Мінск» у лагатыпе кампаніі.

 

1_BEL

 

2_BEL

 

Магчыма, беларускі філіял закрылі? Не, мяркуючы па выпісцы з Адзінага дзяржаўнага рэгістра, ён дзейнічае і мае некалькі даччыных кампаній.

 

Хутчэй за ўсё, інфармацыю пра яго выдалілі з сайта BAC, таму што пасля 2020 года супрацоўніцтва з Беларуссю стала таксічным для еўрапейскіх кампаній. За фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ЕС наклаў на рэжым Лукашэнкі санкцыі.

 

Адхрышчваецца ад працы ў Беларусі і Мацей Пэун, таму што сучасныя праекты з Лукашэнкам кідаюць цень на абранага ў 2025 годзе прэзідэнта Румыніі Нікушора Дана. Пэун спансаваў палітыка і яго партыю з 2012 года. Паўдзельнічаў ён і ў прэзідэнцкай кампаніі Дана, размясціўшы для яго ўсю вонкавую рэкламу – прычым па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя, зазначыла румынская прэса. Акрамя таго, падчас перадвыбарнай гонкі Пэуна і Дана некалькі разоў фатаграфавалі разам. Прысутнічаў бізнэсовец і на першым прыёме новаабранага прэзідэнта.

 

У нядаўніх інтэрв’ю Пэун сцвярджаў, што ніколі не падпісваў кантракт з Беларуссю і не атрымліваў ад дзяржавы «ні капейкі», а таксама не ўдзельнічаў у працы «Балкан Адвайзер Компані». Нібыта ён проста дазволіў кампаніі выкарыстаць сваё імя, каб дапамагчы «заваяваць давер» рынку.

«Гэта быў маркетынгавы ход, каб выглядаць больш пераканаўча перад заходнімі кампаніямі. Ідэя палягала ў тым, каб прыцягнуць заходнія кампаніі, зацікаўленыя ў інвестыцыях», казаў Пэун журналістам.

Яго бізнэс-партнёр Віталіе Буздуган абраў іншы шлях. Ён не хавае сімпатыі да Лукашэнкі, будуе ў Беларусі бізнэс-імперыю і прасоўвае ідэі «рускага свету».

 

 

ПРАЦА НА «КАРЫСЦЬ» ГРАМАДСТВА

У 2009 годзе ў Румыніі з’явілася арганізацыя «Міжнародны фонд супрацоўніцтва і партнёрства Чорнага мора і Каспійскага мора» (МФЧМКМ). Яна называе сябе «няўрадавай» і «некамерцыйнай», аднак па сутнасці з’яўляецца ДАНДА – дзяржавай арганізаванай недзяржаўнай арганізацыяй.

 

Гэтым тэрмінам называюць намінальна незалежныя аб’яднанні, якія заснаваныя па ініцыятыве або пры ўдзеле ўладаў і працуюць на інтарэсы дзяржавы. Ствараюцца яны для таго, каб нібыта ад імя грамадскасці распаўсюджваць наратывы, у якіх зацікаўленая ўлада.

 

Так, віцэ-прэзідэнт МФЧМКМ Віктар Хмарынсябар Уладзіміра Пуціна са студэнцкіх часоў. Ён быў сведкам на вяселлі Пуціна і нават ажаніўся з яго сваячкай. Паводле інфармацыі газеты Adevărul, менавіта Хмарын прывёў у арганізацыю Буздугана ў 2012 годзе. Румынскі бізнэсовец стаў у ёй прадстаўніком Беларусі.

 

К 2014 году ў яго на гэтай пасадзе з’явіўся калега – бізнэсовец Аляксандр Зайцаў. Сёння гэта адзін з самых актыўных прадпрымальнікаў Беларусі і фігурант некалькіх расследаванняў «Бюро». У 2021 годзе ён, як спонсар Лукашэнкі, падпаў пад санкцыі ЕС, а ў 2022 годзе – пад санкцыі ЗША.

 

ZAYCEV

Аляксандр Зайцаў. Крыніца: tut.by

 

Да прыходу ў МФЧМКМ Зайцаў паспеў папрацаваць ва ўрадзе Беларусі і памочнікам Віктара Лукашэнкі. Гэтыя сувязі прыдаліся арганізацыі: у 2014 годзе яна правяла пасяджэнне ў Мінску. У праграме былі візіты ў Міністэрства замежных спраў, Мінэканомікі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальную акадэмію навук і Нацыянальны алімпійскі камітэт. Паводле афіцыйнага запрашэння беларускага боку адбылася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

 

Ён назваў МФЧМКМ вельмі саліднай арганізацыяй і падкрэсліў, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў супрацоўніцтве. Асобна Лукашэнка зазначыў, што задаволены ўзроўнем актыўнасці прадстаўнікоў Беларусі ў МФЧМКМ – то бок Буздуганам і Зайцавым.

 

У 2017 годзе МФЧМКМ перайменавалі ў Міжнародны фонд за ўстойлівы мір і развіццё (IFSPD), таму што «геаграфія ўдзельнікаў выйшла далёка за межы Каспійскага і Чарнаморскага рэгіёнаў». Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайта, IFSPD мае спецыяльны кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН, што дазваляе яму «актыўна ўзаемадзейнічаць з Сакратарыятам, праграмамі, фондамі і агенцтвамі ААН па розных кірунках».

 

Іранічна, што адна з мэтаў IFSPD – «ажыццяўляць маніторынг і назіранне за працэсамі дэмакратызацыі, правамі і свабодамі чалавека, працэсам кансалідацыі грамадзянскай супольнасці, свабодай сродкаў масавай інфармацыі і выказвання меркаванняў». Цікава, наколькі паспяхова гэтую задачу выконвае беларускі філіял, які сёння ўзначальвае Віталіе Буздуган?

 

Пра гэта «Бюро» спытала IFSPD у электронным звароце. На гэты момант каментарыяў ад арганізацыі мы не атрымалі. Беларускі філіял IFSPD на званкі журналістаў «Бюро» не адказаў. Мы таксама накіравалі запыт у Эканамічны і сацыяльны савет ААН для верыфікацыі яго супрацоўніцтва з IFSPD і чакаем адказу.

 

На базе IFSPD была створаная іншая ДАНДА – «Камітэт 2017». Адзін з яго заснавальнікаў – Віктар Хмарын, сябар Пуціна. Ён таксама займаў пасаду старшыні арганізацыі. Па стане на 2016 год у Камітэт уваходзілі і Буздуган з Зайцавым як члены апякунскага савета. Кампанію ім складаў яшчэ адзін сябар і аднакурснік Пуціна, азербайджанскі мультымільянер Ільгам Рагімаў.

 

Украінскае выданне «Аргумент» падрабязна вывучыла дзейнасць «Камітэта 17» і апісала яе так:

«Гэта адна са шматлікіх расійскіх ДАНДА, якая пад выглядам міжнароднай грамадскай ініцыятывы «за мір, дружбу і традыцыйныя каштоўнасці» прасоўвае крамлёўскі парадак дня, засяродзіўшыся на пытанне Данбаса».

Буздуган і Зайцаў спрацаваліся не толькі на ніве расійскай прапаганды. Іх бізнэсы шчыльна пераплеценыя, высветліла «Бюро».

 

 

ВАДОЙ НЕ РАЗЛІЕШ

Сёння Віталіе Буздуган аднаасобна валодае «Балкан Адвайзер Компані», якую адкрыў у нулявых са спонсарам-кансультантам румынскага прэзідэнта і былым ахоўнікам Лукашэнкі. Праз гэтую кампанію бізнэсовец кіруе сапраўднай бізнэс-імперыяй. «Бюро» выявіла 15 кампаній, якія ўваходзяць у сетку. Многія з іх прама ці ўскосна звязаныя з Аляксандрам Зайцавым.

 

3_BEL

 

Напрыклад, фірма «Еўропіан Грын Эсэтс». Сёння яе канчатковы бенефіцыяр – Віталіе Буздуган. Аднак у 2018 – 2022 гадах долю ў фірме мелі кампаніі, звязаныя з Аляксандрам Зайцавым. У той час фірма пры падтрымцы беларускага Мінпрыроды вяла перамовы з урадам Удмуртыі пра будаўніцтва смеццеперапрацоўчага комплексу. Праект не быў рэалізаваны, Зайцаў выйшаў са складу ўладальнікаў кампаніі, а Буздуган пачаў выкарыстоўваць яе як «пракладку». Апошнімі гадамі «Еўропіан Грын Эсэтс» не мела ўласнай выручкі, затое на яе зарэгістравалі чатыры фірмы.

 

Першая з сугучнай назвай – «Eўропіан Грын Інжынірынг». Мяркуючы па інфармацыі на сайце, яна займаецца стэрылізацыяй медычных вырабаў, фармацэўтычных прадуктаў і ўпаковак. Другая фірма – «Лімітлес Мэнпаўэр». Спачатку яна прадавала гадзіннікі, потым пераключылася на фармацэўтыку, а цяпер, мяркуючы па сайце, займаецца падборам персаналу. Трэцяя, «Якаўскае АГРА», кіруе аднайменнай турыстычнай базай у вёсцы Рудня Віцебскай вобласці.

 

Чацвёртая і апошняя кампанія – «СаюзФорум». Спачатку яна вырабляла лекі для жывёл. Тады долю ў ёй мела звязаная з Аляксандрам Зайцавым эмірацкая фірма. Пасля яе выхаду са складу заснавальнікаў «СаюзФорум» пераключылася на сувязі з грамадскасцю. У 2023 годзе, напрыклад, Віталіе Буздуган як ейны прадстаўнік раздаваў узнагароды на дзіцячым фестывалі кіно і тэлебачання «Кінасвятло» ў Dana Mall.

 

Кіраўніца «СаюзФорума» – Таццяна Буздуган, жонка Віталіе. Да таго як далучыцца да спраў мужа, яна працавала ў сферы адукацыі. Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Таццяне па тэлефоне, каб даведацца пра яе ролю ў бізнэсе мужа. Жанчына адмовілася адказваць на пытанні і заявіла, што сям’я Буздуганаў не валодае кампаніямі ў Беларусі.

 

Дакументы з дзяржаўных рэестраў кажуць пра адваротнае. Мяркуючы па іх, Таццяна кіруе і даччынай фірмай «СаюзФорума» – «Шляхамі Культуры». Як прадстаўнік гэтай культурна-асветніцкай установы Віталіе Буздуган у 2025 годзе ўдзельнічаў у канферэнцыі «Белай Русі», прысвечанай перамозе СССР у Вялікай Айчыннай вайне. Кампанію яму склалі Дзмітрый Мядзведзеў, Наталля Качанава і Ігар Сергяенка.

 

У валоданні Віталіе Буздугана таксама знаходзіцца група кампаній «Ірыдыо». Нітачкі ад яе вядуць да Аляксандра Зайцава.

 

Найстарэйшая фірма групы «Ірыдыо» зарэгістраваная ў 2010 годзе. Адным з яе заснавальнікаў быў Буздуган, а ў 2017 – 2021 гадах долю меў Зайцаў. Бізнэс некалькі разоў кардынальна мяняў сферы дзейнасці: выданне кніг, продаж нерухомасці, выяўленне грамадскай думкі. Сёння кампанія вырабляе прамысловыя вентылятары і цалкам належыць «Балкан Адвайзер Компані».

 

Іншая кампанія з групы, «Ірыдыё Тэх», займаецца аналізам дадзеных – але першапачаткова працавала ў сферы фармацэўтыкі. Зарэгістравала яе ў 2020 годзе «ЕўраФармІнтэграцыя» – фірма, заснаваная Аляксандрам Зайцавым. Цяпер яна належыць Віталіе Буздугану.

 

«ЕўраФармІнтэграцыя» – дыстрыб’ютар лекаў і медычнага абсталявання. Кампанія, напрыклад, з’яўляецца эксклюзіўным пастаўшчыком Pfizer у Беларусь. З нашай краіны яна экспартуе лекі ў краіны Еўропы, СНД, Блізкага і Далёкага Усходу.

 

Кліенты «ЕўраФармІнтэграцыі» ў Беларусі – 1846 дзяржаўных аптэк ва ўсіх абласных цэнтрах і 2397 прыватных аптэк. Таксама кампанія супрацоўнічае з клінікамі і медустановамі краіны. У 2023 годзе «ЕўраФармІнтэграцыя» падпісала дамову з «Расатамам» на стварэнне некалькіх медыцынскіх аб’ектаў у Беларусі.

 

У тым жа годзе «ЕўраФармІнтэграцыя» зарэгістравала кампанію «Р-Фарм Інтэграцыя» разам з расійскай фірмай «Р-Фарм». «Р-фарм» – буйнейшы пастаўшчык лекаў для расійскай дзяржавы. Заснавальнік кампаніі Аляксей Рэпік вядомы тым, што яго самалётам карысталася дачка Пуціна, Кацярына Ціханава.

 

«ЕўраФармІнтэграцыі» таксама належыць палова кампаніі «НІІ БіяІнжынірынг». Другая палова – у жонкі Віталіе Буздугана Таццяны. Зарэгістраваная фірма ў 2020 годзе. Спачатку займалася вытворчасцю хімічных прадуктаў, затым атрымала ліцэнзію на ветэрынарную дзейнасць. Інфармацыі аб праектах «НІІ БіяІнжынірынг» пакуль няма.

 

Іншая рэч – «Ірыдыо Мотарс», яшчэ адзін актыў Буздугана.

 

 

НЕПАТАПЛЯЛЬНЫ

Кампанія «Ірыдыо Мотарс» з’явілася ў 2013 годзе і з моманту заснавання належала толькі «Балкан Адвайзер Компані». Спачатку фірма гандлявала кавай, гарбатай, какавай і прыправамі, а потым пераключылася на прамысловую тэхніку. Супрацоўнічаць з ёй тут жа пачалі найбуйнейшыя дзяржаўныя прадпрыемствы, даведалася «Бюро» з фінансавых справаздач «Ірыдыо Мотарс».

 

У 2014 годзе кампанія падпісала міжнародны лізінгавы кантракт з азербайджанскім заводам Daşkəsən Filizsaflaşdırma на пастаўку 12 кар’ерных самазвалаў БелАЗ. Сума здзелкі не раскрывалася, але зыходзячы з цаны BelAZ-7547 у 236 тысяч долараў, кантракт мог цягнуць на 2,8 мільёна долараў. Амаль усю гэтую суму «Ірыдыо Мотарс» прафінансавала за кошт крэдыту на 2,3 мільёна еўра ад «Беларусбанка». Не абышлося і без Аляксандра Зайцава. У 2014 годзе «Ірыдыо Мотарс» заняла 20 тысяч еўра ў яго літоўскага актыву UAB Sohra.

 

Далей усё пайшло не паводле плана. Лізінгавыя плацяжы ад азербайджанскага боку паступалі ў мізэрных аб’ёмах і хутка ператварыліся ў пратэрміноўку. У 2018 годзе «Ірыдыо Мотарс» афіцыйна прызнала дэфіцыт абаротных сродкаў і падала іск у Міжнародны арбітражны суд. Ён вынес рашэнне на карысць кампаніі Буздугана, але яго яшчэ трэба было прызнаць у Азербайджане.

 

Тым часам «Ірыдыо Мотарс» трэба было абслугоўваць банкаўскі крэдыт. У ход пайшлі афіляваныя плацяжы. Так, у 2018 годзе «Ірыдыо Мотарс» атрымала выручку 34,5 тысячы еўра ад аказання «кансультацыйных паслуг» румынскай кампаніі Audienta Generala. Яе прэзідэнт – Віталіе Буздуган. Яшчэ 54,6 тысячы рублёў, таксама за кансультацыі, прыйшлі ад «ЕўраФармІнтэграцыі», якая тады належала Аляксандру Зайцаву.

 

Усе гэтыя грошы пайшлі на пагашэнне крэдыту. Аднак асноўную выплату па ім у 2018 годзе «Ірыдыо Мотарс» зрабіла за кошт страхоўкі ад «Белэксімгаранта» – дзяржаўнай кампаніі. То бок фактычна экспартную рызыку Буздуган пераклаў на дзяржаўныя структуры – банк і страхоўшчыка.

 

Пагадненне пра ўрэгуляванне спрэчкі «Ірыдыо Мотарс» і Daşkəsən Filizsaflaşdırma падпісалі толькі ў 2020 годзе. Азербайджанскі завод абавязаўся пагасіць суму штрафу, пені і судовых выдаткаў на 165 тысяч еўра.

 

Нягледзячы на правальны праект з БелАЗам, «Ірыдыо Мотарс» не страціла кантракты з іншымі дзяржаўнымі заводамі. Напрыклад, у 2015 годзе яна экспартавала тэхніку МАЗ і атрымала выручку 1,5 мільёна рублёў, вынікае з фінсправаздач. Як мінімум да 2023 года «Ірыдыо Мотарс» таксама была афіцыйным экспарцёрам МТЗ.

 

Раз Буздугана дапускалі да такіх буйных міждзяржаўных праектаў, значыць, ён быў на добрым рахунку ва ўладаў. Яго група «Ірыдыо» тым часам працягвала пашырацца і знаходзіць новых партнёраў.

 

 

ПАРТНЁР З РАСІІ

У 2025 годзе Віталіе Буздуган зарэгістраваў «Ірыдыё Энэрджы» – самую маладую кампанію групы. Яна вырабляе аптымізатары электраспажывання. Палова фирмы належыць Віталіе Буздугану, іншая – грамадзяніну Расіі Сяргею Дубаву.

 

На радзіме Дубаў пабудаваў холдынг «Оптимум». Кампаніі, што ўваходзяць у яго, працуюць у той жа сферы, што «Ірыдыё Энэрджы»: электрарэгуляцыя і энергазберажэнне. Асноўная фірма, «Энергия Оптимум», выконвае замовы федэральных міністэрстваў, акадэмій навук і ВНУ, а таксама мае кантракты з буйнымі паліўнымі кампаніямі Расіі «Газпром нефть», «Татнефть», «Лукойл».

 

У 2023 годзе кампанія паставіла абсталяванне на акупаваныя тэрыторыі Украіны – у Данецкую, Луганскую і Запарожскую вобласці. Раней Дубаў забяспечваў энергазберажэнне ў анексаваным Крыме. Для гэтага ён з партнёрам стварыў асобную фірму – «Крым Энергия Оптимум». Яна дзейнічала ў 2016 – 2020 гадах. Дарэчы, пра партнёраў Дубава.

 

Фірму «УК Оптимум» ён дзеліць з Уладзіславам Станкевічамсынам Юрыя Станкевіча, дэпутата расійскай дзярждумы і члена камітэта па энергетыцы. Ён уваходзіць у партыю «Адзіная Расія» і рэзерв кіраўніцкіх кадраў пад патранажам Пуціна. З-за ўварвання Расіі ва Украіну Станевіч-старэйшы падпаў пад санкцыі Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін.

 

Партнёраў з сувязямі ў вышэйшых эшалонах улады Буздуган знайшоў не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. У 2020 годзе ў ягоным бізнэс-саюзе з Аляксандрам Зайцавым з’явіўся трэці кампаньён – Ігар Рачкоўскі, экс-кіраўнік Дзяржпагранкамітэта і даўні сябар Віктара Лукашэнкі.

 

RACHKOVSKIY

Ігар Рачкоўскі. Крыніца: hockey.by

 

 

(НЯ)ЗБІТЫ ЛЁТЧЫК

Ігар Рачкоўскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў Смаргоні. Гэты горад размешчаны недалёка ад мяжы з Літвой – нядзіўна, што менавіта з памежнымі войскамі ён звязаў сваё жыццё.

 

З 1998 па 2007 год ён служыў у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), або ў «памежным спецназе». У той жа час службу там праходзілі сыны Лукашэнкі: Віктар у 1998 – 2001 гадах і Дзмітрый у 2002 – 2005 гадах. Паводле інфармацыі СМІ, Рачкоўскі апекаваўся братамі, а потым сябраваў з Віктарам сем’ямі, іх жонкі разам ездзілі за мяжу. У 2004 – 2007 гадах Рачкоўскі ўзначальваў АСАМ. Паводле звестак СМІ, гэтую пасаду ён атрымаў дзякуючы блізкасці з сям’ёй Лукашэнкі.

 

У 2007 годзе 39-гадовы Рачкоўскі стаў кіраўніком Дзяржпагранкамітэта Беларусі і атрымаў званне генерал-маёра. Толькі ў 2011 годзе ў спісе самых маладых генералаў першынство ў Рачкоўскага перахапіў 38-гадовы Андрэй Швед.

 

Паводле інфармацыі журналістаў, сяброўства са старэйшым сынам Лукашэнкі шмат разоў выручала Дзяржпагранкамітэт і Рачкоўскага асабіста. Нібыта менавіта таму дзяржаўныя СМІ не пісалі пра самазабойствы салдат у памежных войсках і пра карупцыйныя скандалы ў ведамстве. Апякунства Віктара Лукашэнкі рабіла Рачкоўскага непахісным і перад інтрыгамі ў арміі. Бывалыя афіцэры недалюблівалі маладога генерала, лічылі яго выскачкай – але ў паддывановай барацьбе прайгравалі без шансаў. Іранічна, што ў выніку бліскучую кар’еру Рачкоўскага ўсяго за адзін дзень разбурылі плюшавыя мядзведзікі.

 

4 ліпеня 2012 года супрацоўнікі шведскай маркетынгавай кампаніі Studio Total незаконна перасеклі мяжу Беларусі на лёгкаматорным самалёце і скінулі над Івянцом і ўскраінай Мінска больш за 800 плюшавых мішак з заклікамі да свабоды прэсы і патрабаваннямі выканання правоў чалавека. У СМІ гэтую акцыю назвалі «плюшавы дэсант». Рачкоўскі мішак правароніў, і Лукашэнка зняў яго з пасады кіраўніка Дзяржпагранкамітэта за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі» Беларусі.

 

Нягледзячы на скандал, Лукашэнка не даў прапасці сябру старэйшага сына. У 2012 годзе ён прызначыў Рачкоўскага першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Абгрунтаваў гэта тым, што з 2008 года Рачкоўскі ўзначальваў Беларускую федэрацыю паруснага спорту. У 2014 годзе ён узначаліў яшчэ і федэрацыю хакея, пакінуўшы пасаду ў НАК. Кар’ера спартовага чыноўніка ў Рачкоўскага скончылася ў 2017 годзе – і зноў практычна адным днём. З-за правальнага выступу зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі Рачкоўскі падаў у адстаўку. За дзень да гэтага яго знялі з пасады кіраўніка федэрацыі паруснага спорту.

 

З тых часоў Рачкоўскі ў публічным полі не свяціўся, інфармацыі пра ягоную новую працу не было. «Бюро» высветліла, што былы армейскі і спартовы чыноўнік заняўся бізнэсам – непасрэдна з Віталіе Буздуганам і Аляксандрам Зайцавым.

 

Яшчэ ў 2015 годзе падкантрольныя Рачкоўскаму федэрацыі паруснага спорту і хакея зарэгістравалі кампанію «Страхавы брокер Спорт Капітал». Трэцім акцыянерам стала кіпрская фірма BAC – Advisory LTD. Назва адсылае да групы кампаній BAC, беларускім філіялам якой валодае Віталіе Буздуган. Гэта не супадзенне: пасля «Страхавы брокер Спорт Капітал» быў паглынуты «Балкан Адвайзер Компані» Буздугана.

 

Рачкоўскі пачаў шчыльна супрацоўнічаць з румынскім бізнэсоўцам у 2020 годзе, калі заснаваў кампанію «Р-7Груп». Мяркуючы па ўсім, гэта фірма-пракладка. Па-першае, афіцыйна ў ёй быў працаўладкаваны ўсяго адзін чалавек. Па-другое, у апублікаваных фінсправаздачах у яе не было выручкі. Пры гэтым у 2022 годзе кампанія атрымала чысты прыбытак у 234 тысячы рублёў ад «удзелу ў статутных капіталах іншых арганізацый». Амаль усю суму вывелі праз дывідэнды.

 

«Р-7Груп» сапраўды мела долі як мінімум у дзвюх кампаніях: «ЕўраФармІнтэграцыя» і «Ірыдыо». Сам Рачкоўскі быў сярод акцыянераў «Лімітлес Мэнпаўэр». Гэтыя тры фірмы ўваходзяць у бізнэс-імперыю Буздугана, і з кожнай звязаны Аляксандр Зайцаў.

 

4_BEL

 

З 2022 года Рачкоўскі валодае паловай фармацэўтычнай фірмы «Мостмед». Афіцыйна з Буздуганам і Зайцавым яна не звязаная, аднак перасячэнні ёсць. Кіруе «Мостмедам» Анастасія Языр, якая раней узначальвала «ЕўраФармІнтэграцыю» – тую самую кампанію, якую заснаваў Зайцаў, у якой была доля ў Рачкоўскага і якая цяпер належыць Буздугану. У «Мостмедзе» таксама працуе Ларыса Аўдзеева, былая галоўная бухгалтарка «ЕўраФармІнтэграцыі». Яна ж кіравала фірмай «Еўропіан Грын Эсэтс», у якой долю мелі ўсе з тройцы Зайцаў-Буздуган-Рачкоўскі, і ўзначальвала «Балкан Адвайзер Компані» – галоўны актыў Буздугана.

 

З румынскім бізнэсоўцам Рачкоўскага аб’ядноўваў не толькі бізнэс, але і сяброўства. Пра гэта «Бюро» расказаў прадстаўнік саюза былых беларускіх сілавікоў ByPol. У 2020 годзе ён праслухоўваў тэлефон Буздугана ў межах аператыўнага ўліку.

«Рачкоўскі з Буздуганам кантактавалі вельмі шмат. Вельмі актыўна ездзілі, сустракаліся рэгулярна. На час выбараў [2020 года] на Браслаўскія азёры з’ехалі і хаваліся там для бяспекі, каб па Мінску не хадзіць», – прыгадваў прадстаўнік ByPol у гутарцы з журналістам «Бюро».

Падчас праслухоўкі ён таксама даведаўся пра бізнэс-планы Рачкоўскага і Буздугана ў Венгрыі. Па тэлефоне яны абмяркоўвалі праект будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў гэтай краіне.

«Буздуган гутарыў з нейкім чалавекам, які называўся добрым сябрам прэзідэнта Венгрыі. Ён прапаноўваў пасля заканчэння будаўніцтва БелАЭС накіраваць беларускіх будаўнікоў на венгерскую атамную электрастанцыю. Таму што, па-першае, вопыт ёсць, па-другое, станцыю збіраліся будаваць па расійскім праекце, як у Беларусі. Атрымліваецца, падобная праца. Навошта новых будаўнікоў навучаць, калі ўжо ёсць людзі на досведзе, няхай паедуць туды»,– расказаў прадстаўнік ByPol.

Паводле ягоных звестак, менавіта з-за гэтага праекта Венгрыя тармазіла санкцыі ЕС супраць Беларусі.

У лютым 2026 года ў венгерскім горадзе Пакш пачалося будаўніцтва АЭС «Пакш-2» па праекце «Расатама». Гэта буйнейшы расійскі праект у Еўропе. Задзейнічаныя ў ім і беларускія спецыялісты.

Ігар Рачкоўскі сыграў яшчэ адну важную ролю ў станаўленні бізнэс-імперыі Буздугана, высветліла «Бюро». Пры спрыянні ягонай сям’і румынскі бізнэсовец атрымаў у Беларусі падатковыя льготы.

 

 

СПРАВЫ СЯМЕЙНЫЯ

Ігар Рачкоўскі з жонкай маюць пяцёра дзяцей. Сям’я вельмі дружная і шмат часу бавіць разам. Напрыклад, амаль поўным складам Рачкоўскія сустракалі Новы, 2025-ты, год на Мадэйры.

 

Хутчэй за ўсё, менавіта да ладнага сямейства адсылае назва кампаніі «Р-7Груп»: Р – Рачкоўскія, 7 – па колькасці членаў сям’і. На карысць гэтай версіі кажа і тое, што кіраўнік кампаніі – Андрэй Рачкоўскі, старэйшае дзіця ў сям’і.

 

Спачатку ён працаваў у мінскай пракуратуры, потым, як бацька, служыў у памежных войсках. Нарэшце, прыйшоў у бізнэс. З 2019 года яму належаць 30% кампаніі «СУ-83 Белбуд». Сярод іншага яна будавала карпусы ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Гэта беларуска-кітайская пляцоўка са статусам адмысловай эканамічнай зоны з беспрэцэдэнтным льготным рэжымам.

 

Падатак на зямлю, на нерухомасць, на прыбытак на працягу дзесяці гадоў – 0%. Падаходны падатак – 9% замест 13% па краіне. Падатак з замежных работнікаў – 0%. Многія мытныя пошліны – 0%. Гэта толькі некаторыя перавагі, якія атрымліваюць рэзідэнты «Вялікага каменя».

 

За іх прыцягненне адказвае «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку». У 2020 годзе адзін з яе аддзелаў узначаліў Дзяніс Сільчанка – былы супрацоўнік некалькіх кампаній Віталіе Буздугана, а таксама зяць Ігара Рачкоўскага.

 

Менавіта пасля ўваходжання Сільчанкі на пасаду, у «Вялікім камені» была зарэгістраваная «Р-7Груп». Тады ж у індустрыяльным парку актывізаваўся Буздуган: сёння там зарэгістраваныя дзевяць ягоных кампаній, пра якія вядома «Бюро». Пры гэтым да сферы «высокіх тэхналогій» можна аднесці ад сілы тры з іх – а менавіта гэта асноўны крытэрый адбору рэзідэнтаў «Вялікага каменя». Льготы яны атрымліваюць, таму што за дзесяць гадоў у праект уклалі амаль мільярд інвестыцый, прычым каля 150 мільёнаў долараў – з дзяржбюджэту Беларусі.

 

Чаму грошы падаткаплатнікаў пайшлі на падтрымку бізнэсаў Віталіе Буздугана, якія не звязаныя з высокімі тэхналогіямі, і якую ролю ў гэтым сыграў зяць Ігара Рачкоўскага, «Бюро» спытала ў лісце да адміністрацыі «Вялікага каменя». На гэты момант каментараў мы не атрымалі.

 

Ігар і Андрэй Рачкоўскія, а таксама Дзяніс Сільчанка пакінулі званкі журналіста «Бюро» без адказу.

 

 

МІЛЬЁННЫЯ ІНВЕСТЫЦЫІ

Адна з нямногіх кампаній Віталіе Буздугана ў «Вялікім камені», якая адносіцца да сферы высокіх тэхналогій, – «Плазма Юніан». Яна была створаная для вытворчасці прэпаратаў з плазмы крыві ў сакавіку 2023 года. Ужо ў лістападзе кіраўніцтва кампаніі накіравала Міністэрству аховы здароўя ліст з прапановай інвеставаць 10 мільёнаў долараў у завод, які пачалі будаваць у горадзе Ганцавічы. У снежні Мінздароўя арганізавала пасяджэнне, дзе гэтую прапанову абмеркавалі першыя асобы ведамства і прадстаўнікі «Плазма Юніан». Копію яго пратакола атрымала «Бюро».

 

З дакумента вынікае, што акрамя інвестыцый у Ганцавічы, «Плазма Юніан» была гатовая «цалкам, за кошт уласных сродкаў» пабудаваць другую вытворчасць прэпаратаў крыві – у «Вялікім камені». Яе меркаваны аб’ём – 200 тонаў плазмы за год. Па мерках СНД гэта буйны праект. Прадстаўнікі «Плазма Юніан» запэўнілі чыноўнікаў Мінздароўя, што «партнёры з Расіі забяспечаць экспарт усёй вырабленай прадукцыі».

 

Чым скончылася пасяджэнне ў міністэрстве, пратакол не раскрывае. Аднак вытворчыя карпусы завода ў Ганцавічах пабудаваныя, абсталяванне ўстаноўленае, інжынерныя сеткі падведзеныя. Увод у эксплуатацыю чакаецца ў 2026 годзе. Заяўлены аб’ём перапрацоўкі – да 25 тонаў плазмы за год. Пра праект «Плазма Юніан» у «Вялікім камені» на 200 тонаў навін няма. Пры гэтым фінансавыя справаздачы кампаніі паказваюць, што ў 2024 годзе кампанія патраціла больш як 3 мільёны рублёў «на набыццё запасаў, работ, паслуг» – то бок на пачатак нейкіх прац.

 

Мяркуючы па тым, што Мінздароўя падае завод у Ганцавічах як «адзіную вытворчасць лекаў з плазмы крыві» ў Беларусі, «Плазма Юніан» адмовілася ад планаў пабудаваць вытворчасць у «Вялікім камені» і сканцэнтравалася на інвестыцыях у Ганцавічы. Нагадаем, гаворка ішла пра 10 мільёнаў долараў.

 

Адкуль у кампаніі Буздугана такія абароты і хто яго расійскія партнёры, гатовыя экспартаваць прэпараты крыві з Беларусі?

 

 

КРЫВАВЫ БІЗНЭС

Доля Віталіе Буздугана ў «Плазма Юніан» – 45%. Столькі ж належыць расійскай кампаніі «Фармимэкс». Гэта адзін з найбуйнейшых у Расіі пастаўшчыкоў лекаў. За ім стаіць уплывовая сям’я Апазавых.

 

Бацька сямейства, Аляксандр Апазаў, узначальваў аптэчную галіну СССР, а пасля развалу Саюза пабудаваў у сферы фармацэўтыкі бізнэс разам з жонкай Таццянай і дачкой Інгай Ніжарадзэ. Акрамя «Фармимэкса» яны кіруюць сеткай аптэк, фармацэўтычных кампаній і вытворчасцяў у Расіі.

 

Паводле звестак «Медузы», сям’я атрымлівала дзяржкантракты на пастаўкі дарагіх прэпаратаў без канкурэнцыі. У прыватнасці, для фонду «Круг добра», які стварыў Уладзімір Пуцін для дапамогі дзецям з рэдкімі цяжкімі захворваннямі. Паводле падлікаў журналістаў, за адзін толькі 2021 год кампаніі Апазавых выйгралі аўкцыёны фонду амаль на 115 мільёнаў долараў. Іншых удзельнікаў на гэтых таргах не было. Арганізаваў іх федэральны цэнтр пад кіраўніцтвам Алены Максімкінай, чый муж шмат гадоў працаваў у кампаніях Апазавых.

 

Долі ў «Плазма Юніан» Буздуган і Апазавы дзеляць яшчэ з адным расіянінам – Аляксеем Арджанікідзэ. Ён паходзіць з сям’і легендарнага савецкага наркама, паплечніка Сталіна Сярго Арджанікідзэ.

 

Бацька Аляксея – расійскі дыпламат, адказчык камісіі РФ па справах ЮНЕСКА Рыгор Арджанікідзэ. Яго родны брат Сяргей Арджанікідзэ таксама дыпламат. Ён паспеў пабываць намеснікам генсакратара ААН і намеснікам міністра замежных спраў Расіі.

 

Сын Сяргея і стрыечны брат Аляксея – Аляксандр Арджанікідзэ. Кар’еру ён пачаў у здабыўных кампаніях, але затым пераключыўся на медыясферу. У 2003 годзе стаў гендырэктарам «НТВ плюс», а ў 2005 годзе ўзначаліў РЕН-ТВ. Пазней разам з неафіцыйнай жонкай Пуціна Алінай Кабаевай кіраваў расійскай «Национальной медиа группой», якая кіруе дзяржаўнымі расійскімі СМІ. У 2016 годзе Аляксандр Арджанікідзэ стаў трымальнікам латвійскіх бізнэс-актываў Юрыя Кавальчука, які падпаў пад санкцыі ЕС як набліжаны да Пуціна.

 

Аляксей Арджанікідзэ не адстае ад сваіх сваякоў. Больш за 25 гадоў ён працуе ў буйных расійскіх кампаніях у галіне маркетынгу і больш за 15 гадоў – у галіне аховы здароўя. У 2023 годзе Арджанікідзэ адкрыў для сябе яшчэ адзін бізнэс-кірунак. Паводле звестак «Важных историй», ён стаў сузаснавальнікам фірмы «Рустехдрон». Яна вырабляе ўдарныя дроны «Інферна», якія расійская армія выкарыстоўвае на вайне ва Украіне. Пакуль гэтыя беспілотнікі забіваюць людзей і знішчаюць інфраструктуру гарадоў, Арджанікідзэ вядзе раскошнае жыццё ў Маскве.

 

«Бюро» высветліла, што яму належаць тры кватэры ў расійскай сталіцы. Адна – у элітным раёне Якіманка недалёк ад Крамля. Другая – на плошчы Перамогі ля Паклоннай гары. Трэцяя – у Хамоўніках, адным з самых прэстыжных і дарагіх раёнаў горада. У аўтапарку Арджанікідзэ красуюцца мэрсэдэс, бентлі і ферары. Таксама бізнэсовец рэгулярна закупляецца ў ЦУМе. Праз адну толькі электронную пошту ён аформіў замоваў як мінімум на 4,5 мільёна рублёў.

 

Характэрна, што Арджанікідзэ адкрыў вытворчасць дронаў у тым жа годзе, калі запусціў бізнэс прэпаратаў крыві ў Беларусі. У той час у Расіі якраз пачаўся дэфіцыт такіх лекаў. У прыватнасці, з аптэк прапаў альбумін, які незаменны пры медыцынскім доглядзе раненых – а іх у Расіі з кожным днём рабілася ўсё больш з-за вайны. У тым ліку на іх патрэбы могуць пайсці створаныя ў Беларусі лекі ад «Плазма Юніан», улічваючы што расійскія заснавальнікі не хавалі жадання экспартаваць усю вырабленую прадукцыю.

 

 

САКРЭТ ПОСПЕХУ

Віталіе Буздуган – адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў сучаснай Беларусі. Падобны поспех для іншаземца ў нашай краіне – рэдкасць, аднак ягоная формула даволі простая, і Буздуган яе разгадаў. Калі ў дэмакратычных краінах, дзе існуе свабодная канкурэнцыя, для бізнэсу найбольш важная эфектыўнасць, то ў аўтарытарных сістэмах галоўнае – блізкасць да ўлады. Буздуган увесь час атачаў сябе людзьмі, здольнымі яе забяспечыць.

 

Спачатку Буздугану дапамагаў былы супрацоўнік службы бяспекі прэзідэнта, потым – спонсар Аляксандра Лукашэнкі, а затым і сябар Віктара Лукашэнкі. Дзякуючы гэтым сувязям Буздуган атрымаў тое, што для большасці недасяжна: доступ да дзяржаўных кантрактаў, перамоваў на ўзроўні міністэрстваў і падатковых ільгот. Яго кампаніі зайшлі ва ўсе стратэгічныя сферы: ад фармацэўтыкі і энергетыкі да сельскай гаспадаркі і культуры. Правалы ім хоць бы што – бо рызыкі заўсёды можна перакласці на дзяржаву, калі паказаць ёй сваю лаяльнасць. Буздуган вернасць пацвердзіў, прасоўваючы выгадныя ўладам наратывы праз ДАНДА, прапагандысцкія і праўладныя канферэнцыі.

 

Уменне апынацца ў патрэбным месцы, у патрэбны час і, галоўнае, з правільнымі людзьмі дапамагло Буздугану стаць шэрым кардыналам беларускага бізнэсу. За яго плячыма – цэлая імперыя, але лішняй шуміхі вакол яе не разводзяць. У яго нерухомасці амаль на мільён долараў у элітным раёне – але не такім, які адразу прыцягнуў бы ўвагу. Ён не займае афіцыйных пасадаў, але прысутнічае там, дзе прымаюцца рашэнні.

 

5_BEL

 

На дасягнутым Буздуган не спыняецца і паступова выходзіць на больш буйны рынак – расійскі. Тактыка ўсё тая ж: знайсці партнёраў, якія ва ўлады на добрым рахунку. Яны падтрымліваюць акупацыю ўкраінскіх тэрыторый, забяспечваюць расійскую армію ўдарнымі дронамі і нажываюцца на леках для цяжкахворых дзяцей. Усё гэта – толькі ў плюс бізнэсу, таму што цалкам адпавядае правілам гульні ў наскрозь карумпаванай дзяржаве.

 

Калі штосьці пойдзе не паводле плана, Буздуган мае запасны план – пашпарт Румыніі, ад прэзідэнта якой бізнэсоўца аддзяляе толькі адзін поціск рукі. У гэтай краіне Еўрасаюза Буздуган мае чатыры актыўныя кампаніі, прычым апошняя зарэгістраваная зусім нядаўна, у 2023 годзе. Як у яго атрымліваецца працаваць у такіх розных юрысдыкцыях, журналіст «Бюро» спытаўся ў Віталіе Буздугана па тэлефоне.

 

Ён заявіў, што не займаецца бізнэсам, ніколі не меў сумесных праектаў з Аляксандрам Зайцавым і даўно з ім пасварыўся. Адказваць на іншыя пытанні Віталіе Буздуган адмовіўся.

 

Знаходкамі з расследавання «Бюро» падзялілася з Міністэрствам замежных спраў Румыніі і папрасіла адрэагаваць на гэтую інфармацыю. Мы чакаем адказу.

Даданні па тэме