Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
NEW BELARUS_MAIN

«Новая Беларусь» Карпянкова

Нашыя сацсеткi

Як Карпянкоў стварыў дабрачынны фонд, які забяспечыў яго сваячку і жонак калегаў з ГУБАЗіКа

Аўтары

«У клубе мы займаемся, вучымся… Нядаўна нам пабудавалі скаладром. Мы вучымся абараняць Радзіму», казала ў 2022 годзе ў інтэрв’ю дзяржканалу выхавальніца вайскова-патрыятычнага клуба «Рысь» Ніна Лабанава.

Яе клуб пры вайсковай частцы 3214 – спецназа ўнутраных войскаў МУС, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна цяперашняму намесніку кіраўніка МУС Мікалаю Карпянкову.

 

Гэты і іншыя патрыятычныя клубы ўнутраных войскаў МУС у 2024 годзе аб’ядналіся пад дахам фонду «Маладая гвардыя», стварэнне якога ініцыяваў усё той жа Мікалай Карпянкоў:

«Утварэнне фонду – гэта магчымасць прыцягнення сродкаў для развіцця вайскова-патрыятычнага руху і аказання дапамогі тым, каму яна патрэбная. Мы стварылі гэты фонд, які аб’ядноўвае ўсе ВПК, структуры, арганізацыі, знакамітых людзей, палітыкаў, бізнэсоўцаў, каб займацца развіццём вайскова-патрыятычнага выхавання».

На публіку Карпянкоў гучна заяўляе пра высокія мэты. Аднак «Бюро» высветліла, што на самай справе хавае фонд намесніка міністра ўнутраных спраў. Пад эгідай «патрыятычнага» і «духоўна-маральнага» выхавання бюджэт фонду сплывае на паляпшэнне дабрабыту жонак беларускіх сілавікоў.

 

Хто са сваякоў Карпянкова працаўладкаваны ў фондзе «Маладая гвардыя», як ён умантаваны ў сілавы і ідэалагічны апарат Беларусі і чаму ў ім вучаць дзяцей? Пра гэта мы раскажам у нашым расследаванні.

Гэты матэрыял падрыхтаваны на аснове дадзеных, атрыманых ад «Кіберпартызан»

Цяпер аўдыяверсія расследавання даступная на YouTube. Прыемнага праслухоўвання!

 

 

 

ВАЙСКОВА-ПАТРЫЯТЫЧНЫ ФОНД

Вайскова-патрыятычныя клубы пры частках унутраных войскаў МУС з’явіліся ў 2021 годзе. Іх стварылі з ініцыятывы Мікалая Карпянкова – гэта ягоны праект, які ён паслядоўна развівае. Але адных клубаў аказалася мала: патрэбны быў фонд, які акумуляваў бы грошы і аб’ядноўваў разасобленыя клубы.

 

Так у маі 2024 года з’явіўся фонд «Маладая гвардыя». Ён пазіцыянуе сябе як «парасоністы аператар» сеткі клубаў унутраных войскаў: каардынуе мерапрыемствы, вядзе камунікацыю з донарамі, займаецца закупкамі, аказвае адрасную дапамогу падраздзяленням, дзе працуюць клубы.

«Мы – нашчадкі пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне. Дзеці, якія стаяць у страі, – іх прапраўнукі. І даўшы такую назву фонду, мы не толькі бярэм на сябе вялікую адказнасць, але і па-сапраўднаму захоўваем гістарычную памяць і праўду. Па прыкладзе продкаў, хлопцаў і дзяўчат з «Маладой гвардыі», вайскоўцы і выхаванцы клубаў гатовыя стаць на абарону Радзімы», заявіў на адкрыцці фонду Мікалай Карпянкоў.

На адкрыцці разам з Мікалаем Карпянковым прысутнічалі яго намеснік Сяргей Грабеннікаў, першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант, загадчык сектара грамадскай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Ігар Таперкін, а таксама неназваныя прадстаўнікі бізнэсу і медыя. Таксама ў прэс-рэлізе аб адкрыцці фонду згадваецца нейкі Аляксандр Зайцаў. Ягоны цёзка – бізнэсовец, набліжаны да сям’і Лукашэнкі. Але мы не змаглі знайсці пацвярджэнне, што гаворка менавіта пра яго.

 

MOLODAYA GVARDIYA

Адкрыццё фонду «Маладая гвардыя» ў маі 2024 года. Крыніца: https://t.me/vvmvdrb

 

 

ХТО СТАІЦЬ ЗА «МАЛАДОЙ ГВАРДЫЯЙ»

Першапачаткова фонд узначаліла Ала Веруш – дацэнтка Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. З пачатку 2010-х яе навуковыя інтарэсы – барацьба з наркотыкамі і экстрэмізмам. Яна рэгулярна выступала на пляцоўках разам з сілавікамі і ў публічных тэкстах пазіцыянавала сябе як прыхільніца «традыцыйных каштоўнасцяў», крытык анархізму і барацьбітка з «экстрэмізмам» сярод моладзі.

 

KARPENKOV I VERUSH

Мікалай Карпянкоў (злева) і Ала Веруш (справа). Крыніца: https://t.me/vvmvdrb

 

Але на новай пасадзе Веруш пратрымалася нядоўга. Ужо з кастрычніка 2024 года яе змяніў Сяргей Грабеннікаў, афіцэр унутраных войскаў і намеснік Мікалая Карпянкова. Неўзабаве пасля прызначэння яго адправілі ў адстаўку з МУС і ён шчыльна заняўся фондам. Вось як новаспечаны дырэктар разважаў пра выхаванне будучага пакалення грамадзян:

«Заўтра яны прыйдуць на выбарчыя ўчасткі і павінны зрабіць свой асабісты выбар. І зрабіць гэта яны павінны ўсвядомлена, а не так, як прапісаў экстрэмісцкі тэлеграм-канал. Цяпер як ніколі важнае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, падтрымка моладдзю кіраўніка дзяржавы і выбраны Рэспублікай Беларусь курс развіцця. Бо менавіта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сёння з’яўляецца гарантам бяспекі нашай краіны. Неабходна, каб маладыя людзі разумелі: заходнія каштоўнасці зробяць іх рабамі і халопамі».

Пры гэтым ні МУС, ні сам Карпянкоў заснавальнікамі фонду не сталі. У дакументах для Мінгарвыканкама пазначана: фонд мае аднаго заснавальніка. У тэлеграм-канале фонду напісана, што заснавальнік фонду – Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства «Веды» – цяпер яго ўзначальвае прапагандыст Вадзім Гігін.

Беларускае таварыства «Веды» пераемнік савецкага Усесаюзнага таварыства па распаўсюджанні палітычных і навуковых ведаў. Гэта была масавая лектарская сетка з ідэалагічнымі задачамі – ад папулярызацыі навукі да антырэлігійнай прапаганды.

 

У сучаснай Беларусі структура захавалася і дэкларуе асветныя і ідэалагічныя мэты: «патрыятычнае» і «духоўна-маральнае» выхаванне, працу з гістарычнай памяццю і грамадзянскім адзінствам.

 

Цяперашні старшыня праўлення – дэпутат Палаты прадстаўнікоў і кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

 

Гігін рэгулярна выступае як спікер і арганізатар на праўладных акцыях: «Беларусь адзіная», «Марафон адзінства» і іншых. У яго выступах – тэмы «адзінства», «традыцыйных каштоўнасцяў» і «патрыятычнага выхавання».

 

У «Ведаў» ёсць і асабістая перадгісторыя з Аляксандрам Лукашэнкам: у маладосці ён быў актыўным лектарам таварыства, а з 1978 па 1990 год – адказным сакратаром шклоўскай райарганізацыі.

Вадзім Гігін – ідэолаг «традыцыйных каштоўнасцяў», у адпаведнасці з якімі, паводле ягонай задумы, дзяржава павінна выхоўваць моладзь. Праз марафоны адзінства, патрыятычныя праграмы, вайскова-патрыятычныя клубы. Выступаючы перад выхаванцамі, Вадзім Гігін заявіў, што яны «адзін з сімвалаў новай Беларусі»:

«Той Беларусі, якая ўпэўнена ідзе наперад. Вы прыядналіся да вялікага руху, які – і гэта добра – зробіць вас дарослымі раней. Вы зрабілі крок, на які адважваецца далёка не кожны ваш аднагодка. Вы моцныя, умелыя, патрыёты нашай краіны».

Па сутнасці, «Маладая гвардыя» і сетка вайскова-патрыятычных клубаў (ВПК) – гэта версія «новай Беларусі» ў трактоўцы Мікалая Карпянкова, Вадзіма Гігіна і іхнага кола.

 

Ад пачатку працы фонд стаў часткай дзяржаўнай ідэалогіі і прасоўвае свой набор каштоўнасцяў для «новай Беларусі»: «традыцыйныя каштоўнасці», «памяць продкаў», «патрыятычнае выхаванне». І ў гэтай логіцы выхаванцы такіх клубаў – «адзін з сімвалаў новай Беларусі».

 

 

СВАІХ НЕ КІДАЕМ

Фонд мае маленькі штат: усяго восем пазіцый. Дырэктар, дарадца па вайскова-патрыятычным выхаванні, PR-спецыяліст, трое спецыялістаў па ВПК і двое па маркетынгу.

 

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы змаглі даведацца, хто працуе ў фондзе.

 

Галоўная знаходка: у фондзе «Маладая гвардыя» на 2024 год працавала спецыялісткай па маркетынгу нявестка Карпянкова. Аксана Карпянкова – жонка Ігара Мікалаевіча Карпянкова, сына цяперашняга намесніка кіраўніка МУС. Яе прынялі ў верасні 2024 года, і раней яна ніяк не была звязаная з патрыятычным выхаваннем і моладдзю.

 

Але гэта не ўвесь «зорны склад». У розны час у штаце фонду працавалі і працягваюць працаваць жонкі дзейных сілавікоў, у тым ліку былых саслужыўцаў Карпянкова па ГУБАЗіКу, які ён узначальваў да прызначэння намеснікам міністра.

 

Дар’я Арлоўская – доктарка, у фондзе з мая 2024-га. Яна жонка Вячаслава Арлоўскага, які ў 2021 годзе, будучы начальнікам аддзела ГУБАЗіКа, прапанаваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.

 

Яшчэ адна жонка экс-калегі Карпянкова – Вольга Бушыла – сама афіцэрка МУС: служыла ў ГУУС Мінгарвыканкама і АГіМ Ленінскага раёна Мінска. Яна жонка супрацоўніка ГУБАЗіКа Ігара Бушылы, які, паводле паведамленняў пратэстных тэлеграм-каналаў, браў удзел у пераследзе палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

 

Ганна Шыг – выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, працавала ў дзіцячым садку і ў мінскім педагагічным універсітэце. З ліпеня 2024-га – у «Маладой гвардыі». Муж – Руслан Шыг, камандзір узвода в/ч 3214.

 

Аліна Шаюнова – лейтэнантка, майстарка спорту міжнароднага класа па кіданні молата – жонка Юрыя Шаюнова, лёгкаатлета, лейтэнанта ўнутранай службы і члена спартовай каманды ўнутраных войск МУС.

 

Лізавета Прадуха, 2006 года нараджэння, у фондзе з ліпеня 2024-га. Ейны бацька – намваенкама, начальнік мабілізацыйнага аддзела, падпалкоўнік Міхаіл Прадуха.

 

Алена Данілюк-Неўмяржыцкая – маёр МУС, служыць у спецназе ўнутраных войскаў (в/ч 3214). Неаднаразовая прызёрка па стральбе і мнагабор’і. Брала ўдзел у зборнай МУС на SWAT Challenge у Дубае і ў алімпійскай зборнай.

 

Лічыліся ў штаце і былыя выхаванкі ВПК. Напрыклад, Дар’я Вяргейчык знаходзілася ў ВПК «Адвага» на базе асобнага атрада спецпрызначэння «Рысь». Цяпер яна працаўладкаваная ў фондзе і в/ч 3214 – спецназе МУС. Вось як яна тлумачыла сваю матывацыю далучыцца да клуба:

«Калі ў вайсковай частцы 5529 адкрыўся клуб «Адвага», без хістанняў запісалася ў яго шэрагі. Цяпер мае любімыя заняткі – страявая падрыхтоўка і зборка і разборка зброі. Я планую паступаць у Акадэмію МУС, а навыкі, якія атрымліваю ў клубе, палегчаць маю вучобу па агнявой, страявой, фізічнай падрыхтоўцы. Усё гэта я буду ведаць, і не складзе для мяне асаблівай цяжкасці. А палепшаная фізічная падрыхтаванасць дазволіць паспяхова здаць нарматывы пры паступленні і лягчэй пераносіць нагрузкі­».

Як бачым, на сродкі дабрачыннага фонду жывуць жонкі цяперашніх і былых калег Мікалая Карпянкова і дзейныя сілавікі з падначаленых яму частак. Акрамя таго, фонд набірае «маладую змену» з тых, хто ўжо прайшоў школу ВПК – падрыхтаваных і лаяльных з парогу.

 

 

МУТНЫЯ ФІНАНСЫ

Колькі каштуе фонду персанал? У гадавой справаздачы для Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама пазначана: месячныя аклады ўсіх супрацоўнікаў – 20 126 рублёў. А за 2024 год на штат з падаткамі пайшло 308 899 рублёў, або 42% усіх выдаткаў фонду.

 

Большасць супрацоўнікаў аформленыя на 0,5 стаўкі. Ну а што па зарплатах? Да прыкладу, дырэктар фонду за сваю палову стаўкі ў фондзе атрымлівае 3 493 рублі за месяц. Калі б ён меў поўную стаўку, аплата па якой склала б 6 986 рублёў, гэта было б у 2,5 разу больш за сярэднюю намінальную налічаную зарплату па краіне. У астатніх пазначаныя зарплаты: ад 2 315 да 2 674 рублёў.

 

Мы вывучылі справаздачнасць для юстыцыі і дакументы, пададзеныя ў падатковыя органы, – і знайшлі шэраг анамалій.

СПРАВАЗДАЧА ФОНДУ «МАЛАДАЯ ГВАРДЫЯ» ПЕРАД ГАЛОЎНЫМ УПРАЎЛЕННЕМ ЮСТЫЦЫІ МІНГАРВЫКАНКАМА
MOLODAYA GVARDIYA OTCHET_1
MOLODAYA GVARDIYA OTCHET_2

У 2024 годзе фонд жыў перадусім на бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе: яе паступіла 1 014 103 рублі. На канец года на рахунках – 282 тысячы. Агульныя расходы – 724 065 рублёў.

 

Куды пайшлі грошы? Ключавыя артыкулы:

 

BEL

 

Складзем «зарплаты і падаткі» з грамадзянска-прававымі дамовамі – атрымліваецца больш як 60% расходаў на апарат і падрадчыкаў. На «дапамогу часткам» – каля чвэрці (26,6%). На падтрымку шматдзетных сем’яў, спартовыя мерапрыемствы, навучанне і аздараўленне – менш за 4% ад усіх выдаткаў.

 

З такімі лічбамі заканамернае пытанне: фонд падтрымлівае клубы ці «падтрымлівае штаны» сваіх супрацоўнікаў?

 

Дзіўнасці ёсць не толькі ў размеркаванні сродкаў, але і ў справаздачы пра рух грашовых сродкаў. У радку «зарплата» – прочырк, затое ў «іншых выплатах» – 275 тысяч рублёў, а ў «падатках і зборах» – 33 тысячы. Усяго каля 308 тысяч – амаль люструецца з «зарплатай і падаткамі» з формы для юстыцыі. Ёсць пытанні і па падатках у справаздачах, і па мэтавым фінансаванні.

 

«Бюро» папрасіла некалькіх бухгалтараў вывучыць справаздачнасць фонду. Яны зазначылі неадпаведнасці і разыходжанні паміж дакументам для ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама і бухгалтарскімі справаздачамі для падатковай. Апытаныя намі эксперты не здолелі даць адназначнага адказу, чаму паміж імі такія разыходжанні і навошта ў іх маніпулявалі з дадзенымі.

 

Па адказы на свае пытанні мы пазванілі бухгалтару фонду «Маладая гвардыя» Ганне Трусевіч. Выявілася, што яна ўжо там не працуе, але здолела расказаць пра фінансаванне фонду. Паводле яе слоў, «мэтавае фінансаванне ажыццяўляецца камерцыйнымі арганізацыямі, а не бюджэтам». Аднак назваць канкрэтныя арганізацыі, якія фінансуюць фонд, Трусевіч адмовілася. У дакладзе BelPol і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення раскрываецца як мінімум адна кампанія, якая ахвяравала грошы фонду, – гэта ААТ «Александрыйскае».

 

Неадпаведнасці ж і разыходжанні ў справаздачах, паводле слоў Ганны Трусевіч, звязаныя з «тэхнічным збоем пры загрузцы дадзеных і могуць быць выпраўленыя толькі ў наступнай гадавой справаздачы».

 

Былы намеснік Мікалая Карпянкова і дырэктар фонду «Маладая гвардыя» Сяргей Грабеннікаў увогуле адказаў нашаму журналісту нецэнзурнай лаянкай.

 

Мы накіравалі запыты ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама, у Міністэрства па падатках і зборах і ў Камітэт дзяржкантролю з просьбай праверыць гэтыя нестыкоўкі.

 

А адкуль увогуле грошы? Хто спансуе «Маладую гвардыю»? У публічных справаздачах крыніцы не раскрываюцца. У 2024-м фонд падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з Дзяржстандартам, а ў 2025-м з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Але верагодная сетка падтрымкі можа быць нашмат шырэйшай.

 

«Люстэрка» пры дапамозе BelPol атрымала «закрыты ліст», які Мікалай Карпянкоў накіраваў міністру прамысловасці Аляксандру Яфімаву. У ім ён апісвае дзейнасць фонду і просіць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу – «на сістэмнай аснове».

СКРЫНШОТ ЛІСТА НАМЕСНІКА КІРАЎНІКА МУС МІКАЛАЯ КАРПЯНКОВА МІНІСТРУ ПРАМЫСЛОВАСЦІ АЛЯКСАНДРУ ЯФІМАВУ. КРЫНІЦА: «ЛЮСТЭРКА»/BELPOL
PISMO NIKOLAYA KARPENKOVA ALEKSANDRU EFIMOVU

Карпянкоў суму не называе, прапаноўвае міністру самому вызначыць прадпрыемствы-плацельшчыкі і ўдакладняе, што пытанне ўжо «папярэдне ўзгодненае» з дырэктарам ААТ «Інтэграл» Андрэем Буйневічам.

 

Значыць, фонд, імаверна, існуе ў тым ліку за кошт сродкаў дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў. Але не выключаюцца і прыватныя донары, калі прыгадаць, што на адкрыцці фонду прысутнічалі неназваныя «прадстаўнікі бізнэсу».

 

 

ПРАПАГАНДЫСЦКІ ЗАРАД

«Бюро» паглядзела, як пераважна жонкі сілавікоў адпрацоўваюць свае зарплаты ў дабрачынным фондзе Карпянкова.

 

У гадавой справаздачы для Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама – масавыя акцыі, летнікі на базах вайсковых частак, партнёрствы з дзяржінстытутамі і сілавымі структурамі плюс удзел у палітычных акцыях.

 

VOSPITANNIKI

Выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Сокал» на практычных занятках. Крыніца: https://t.me/vpkvvrb

 

У 2024 годзе – 71 мерапрыемства, пра што зробленая справаздача перад Мінгарвыканкамам. Карцінка выглядае маштабна – суцэльная «патрыятычная» дзейнасць.

 

Тэмы: ад «Урокаў мужнасці» і школ да лагераў пры вайсковых частках, аглядаў і конкурсаў МУС, паездак на мемарыялы і ў музеі, візітаў на прадпрыемствы. Значная доля – у звязцы з сілавікамі: майстар-класы і візіты ў АУС («Давай служыць разам»), спаборніцтвы Action Air з БФСТ «Дынама», лагеры «Стань салдатам на два дні» і іншыя навучальна-палявыя/вайскова-прыкладныя мерапрыемствы.

 

VOSPITANNIKI_2

Выхаванцы ВПК праходзяць камбінаванае выпрабаванне «Гатовы ў спецназ». Крыніца: https://t.me/vpkvvrb

 

Дзяцей і падлеткаў акунаюць у мілітарызацыю: страявая, абыходжанне са зброяй і абавязковы ідэалагічны блок. Выхаванец ВПК «Граніт» Уладзіслаў Сцецюкевіч так апісвае будні ў клубе:

«Тут усяму вучаць, што трэба. Медыцына – раз, ручны бой – два. Дысцыпліна – гэта пачатак, манеры зносін са старэйшымі па званні і як увогуле з усімі абыходзіцца».

Мікалай Карпянкоў таксама выказваецца пра тое, што выхаванцам ВПК даюцца «правільныя арыенціры»:

«Дзеці ў нас заматываваныя, ведаюць, што такое добра, што кепска. Правільныя арыенціры. Але і бацькі бачаць, што дзеці ў іх на дадзены момант з гэтых арыенціраў не саб’юцца і ў будучыні вельмі будуць абароненыя ад іншых, больш сур’ёзных пагроз».

Без Беларускай праваслаўнай царквы таксама не абышлося: хрэсны ход «Царква і армія», сустрэчы з іерархамі, візіты ў храм-помнік Усіх святых. Гэта падаецца як «духоўна-маральнае выхаванне» і «гістарычная памяць».

 

KRESTNY HOD

Хрэсны ход «Царква і армія». Крыніца: brest.mchs.gov.by

 

Прасочваюцца і сувязі з Расіяй. Сярод праведзеных мерапрыемстваў – «сустрэча дзяцей супрацоўнікаў паліцыі і Расгвардыі Санкт-Пецярбурга» з выхаванцамі ВПК у межах акцыі «Вечна жывыя»; удзел расійскіх каманд у беларускіх стартах Action Air сярод выхаванцаў вайскова-патрыятычных клубаў; міжрэгіянальныя кантакты з Ніжагародскай вобласцю – «азнаямленне з працай фонду і ВПК «Рысь» на базе в/ч 3214».

 

У жніўні 2025 года кааперацыя выйшла на новы ўзровень: каманда з Брэсцкай вобласці ўпершыню паўдзельнічала ў юнармейскіх зборах Прыволжскай федэральнай акругі «Гвардзеец». Губернатар Пензенскай вобласці і афіцыйны тэлеграм-канал унутраных войскаў МУС Беларусі публічна падзякавалі за гэта Аляксандру Лукашэнку.

 

FEDOTOV I KARPENKOV

Віцэ-губернатар Пензенскай вобласці Сяргей Фядотаў (злева) і камандуючы ўнутранымі войскамі, генерал-маёр Мікалай Карпянкоў (справа) дамовіліся пра ўзаемнае супрацоўніцтва ў сферы ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Крыніца: https://t.me/vpkvvrb

 

Выхаванцаў вайскова-патрыятычных клубаў выкарыстоўвалі і падчас «Марафону адзінства». Таго самага, дзе агітавалі за Аляксандра Лукашэнку перад «прэзідэнцкімі выбарамі» ў 2025 годзе. «Бюро» раней расказвала, што арганізацыяй марафону займалася нявестка Лукашэнкі – Ганна. Афіцыйны канал унутраных войскаў МУС публікаваў справаздачы, як падраздзяленні і выхаванцы ВПК уключаюцца ў «марафонскія» падзеі.

 

Таксама выхаванцы ВПК «Граніт» бралі ўдзел у праекце «Сімвал адзінства» з перадачай сцягоў рэгіёнаў на гары Дзяржынская напярэдадні 17 верасня – дзеці выступаюць «ганаровымі ўдзельнікамі» цырымоніі.

 

 

«НОВАЯ БЕЛАРУСЬ» КАРПЯНКОВА

Паводле сваёй сутнасці фонд «Маладая гвардыя» і клубы ў ім – праект «новай Беларусі» паводле версіі Мікалая Карпянкова. Ваенізаванае грамадства з саюзам царквы і сілавікоў, «традыцыйныя каштоўнасці» і субардынацыя. Выхаванцаў вайскова-патрыятычных клубаў называюць сімвалам «новай Беларусі» Карпянкова.

 

За фасадам «патрыятычнага» і «духоўна-маральнага выхавання» – мілітарызаваная сацыялізацыя падлеткаў: ваенныя рытуалы, страявая, рэгулярныя візіты ў АУС і вайсковыя часткі, царкоўныя працэсіі, навучальна-палявыя і прапагандысцкія мерапрыемствы.

 

Але не абышлося і без асабістага інтарэсу. У дабрачынным фондзе працаўладкаваная нявестка Мікалая Карпянкова, жонкі дзейных сілавікоў, у тым ліку былых калег Карпянкова з ГУБАЗіКа, і супрацоўнікі МУС. А яшчэ «маладая змена», якая прыходзіць ужо падрыхтаванай пасля выхавання ў ВПК.

 

За фасадам гучных словаў пра «падтрымку вайскова-патрыятычных клубаў» фінансавая рэальнасць – звыш 60% выдаткаў ідуць на супрацоўнікаў і грамадзянска-прававыя дагаворы, на «дапамогу вайсковым часткам» – толькі каля чвэрці. На прамую дзейнасць – і ўвогуле застаецца драбяза.

 

Атрымліваецца, фонд у першую чаргу абслугоўвае ўласных супрацоўнікаў, а не клубы, дзеля якіх быў створаны?

Даданні па тэме