Людміла Няронская стане рэстаратарам
«Бюро» высветліла, што 29 ліпеня 2025 года сяброўка сям’і Віктара і Ліліі Лукашэнкаў, «рыбная каралева» Людміла Няронская, зарэгістравала чарговую кампанію – «Марская мануфактура». Фірма засяродзіцца на дзейнасці рэстаранаў.
5% «Марской мануфактуры» належыць самой Няронскай, а астатнія 95% запісаныя на яе ж кампанію «Марскія сезоны». Дырэктарам сваёй новай фірмы Няронская прызначыла мужа старэйшай дачкі Віктара Лукашэнкі, Вікторыі Дзятлавай (Лукашэнкі), – Дзмітрыя Дзятлава.
На сённяшні дзень на «Марскую мануфактуру» ўжо зарэгістраваныя чатыры аб’екты грамадскага харчавання: сталовая на 60 пасадачных месцаў, дзве кавярні і крама-кулінарыя.
Фірмовы гандлёвы пункт размесціцца на праспекце Незалежнасці, 134, акурат насупраць гандлёвага цэнтра Dana Mall.

Абедзьве кавярні, на 40 пасадачных месцаў кожная, будуць называцца «Рыбны дом «Марскія сезоны». Першая адкрыецца па адрасе: Партызанскі праспект, 8, у будынку «Мотавелазавода», другая – Ігуменскі тракт, 13.


Нагадаем, раней мы расказвалі, як Няронская дзякуючы сяброўству з сям’ёй старэйшага сына Лукашэнкі зарабляе на рыбным бізнэсе ў Беларусі і Расіі разам з Дзмітрыем Дзятлавым. Ён займае пасаду намесніка па агульных пытаннях адразу ў дзвюх кампаніях Людмілы Няронскай – «Марскія сезоны» і «Марскія промыслы», дзе яго штомесячная заработная плата брута складае больш за 10 тысяч беларускіх рублёў.
Акрамя таго, нядаўна «Бюро» высветліла, што ў структурах Няронскай працуе не толькі зяць, але і сын Віктара Лукашэнкі – Аляксандр Лукашэнка – малодшы. У яго ва ўласнасці 20% кампаніі «Сезон упакоўкі», яна будзе займацца вытворчасцю гафраванай паперы і кардону, папяровай і кардоннай тары. Фірма зарэгістраваная ў адмысловай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша», якую з-за шырокіх ільгот і прэферэнцый у народзе празвалі «аршанскім афшорам».