Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Дачка Надзеі Ермаковай пастаўляе рыбу ў калоніі, лякарні і сілавікам

Рыбная кампанія малодшай дачкі Надзеі Ермаковай зарабляе мільёны рублёў на пастаўках рыбы ў лякарні, калоніі, СІЗА і вайсковыя часткі.

Надзея Ермакова – член прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. У 1996 – 2011 гадах Ермакова займала пасады намесніцы старшыні праўлення і старшыні праўлення «Беларусбанка», з 2011 па 2014 год была старшынёй Нацыянальнага банка. У 2020 годзе, пасля таго як былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка быў арыштаваны, улады вырашылі «нармалізаваць» банк і прызначылі Ермакову часовай кіраўніцай банка.

Дачка Ермаковай Юлія Кухарэнка (у дзявоцтве Ермакова) разам з мужам Аляксандрам Кухарэнкам сумесна валодаюць кампаніяй «Белае мора». Фірма – імпарцёр рыбы і морапрадуктаў у Беларусь.

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «БЕЛАЕ МОРА»
BELOE MORE_1
BELOE MORE_2

Дачцэ Ермаковай належыць 15% долі, яе мужу – 34%. Астатняя доля ў грамадзяніна Расіі і свёкра Юліі – Юрыя Кухарэнкі.

 

«Бюро» вывучыла тэндары кампаніі і даведалася, што фірма сям’і Кухарэнка актыўна пастаўляе рыбу і іншую замарожаную прадукцыю ў папраўчыя калоніі, СІЗА, абласныя, гарадскія і раённыя бальніцы, дамы-інтэрнаты, вайсковыя часткі, памежнаму камітэту і іншым установам.

 

Толькі за шэсць месяцаў 2025 года «Белае мора» паставіла прадукцыі на суму звыш трох мільёнаў рублёў. Самыя буйныя закупы належалі Дзяржаўнаму памежнаму камітэту – на 875 тысяч рублёў, Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС (гэта СІЗА, калоніі і іншыя тыпы папраўчых устаноў) – на 952 тысячы рублёў, Галоўнаму ўпраўленню камандуючага ўнутраных войскаў МУС РБ – на 679 тысяч рублёў.

 

У 2024 годзе выручка кампаніі склала 75 мільёнаў рублёў, а чысты прыбытак 1,4 мільёна. У 2024 годзе ў «Белага мора» каля тысячы разнастайных паставак дзяржаўным арганізацыям.

 

Раней «Люстэрка» сумесна з BelPol расказвала пра маёмасць сям’і Юліі Кухарэнкі. Ва ўласнасці ў Юліі і яе мужа Аляксандра шэраг дарагой нерухомасці ў Мінску. Дачка Ермаковай прапісаная ў цэнтры Мінска – у чатырохпакаёвай кватэры ў ЖК «Славянскі квартал». Паводле дамовы дарэння яе ўладальнікам лічыўся старэйшы сын шлюбнай пары – Міхаіл, цяпер яму 14 гадоў. На імя Юліі былі зарэгістраваныя дзве аднапакаёвыя кватэры ў доме 2017 года пабудовы на вуліцы Грыбаедава.

 

Аляксандр Кухарэнка валодае мінскай кватэрай на вуліцы Жукоўскага. Яшчэ на яго зарэгістраваны зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў вёсцы Дзічкі (гэта недалёка ад Заслаўскага вадасховішча і за 20 км ад МКАД). Таксама на мужчыну зарэгістраваныя два адміністрацыйныя памяшканні.