За тры гады праз беларускую кампанію Прыгожыных прайшло амаль 9 мільёнаў рублёў
Беларуская кампанія «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг», створаная заснавальнікам ПВК «Вагнер», нябожчыкам Яўгенам Прыгожыным, з 2023 па 2025 год атрымала на рахункі амаль 8,7 млн рублёў.
З 2023 года на «Канкорд» у Беларусі паступілі 4,71 млн рублёў у выглядзе крэдытаў і пазыкаў. Яшчэ 3,92 млн рублёў кампанія атрымала ў выглядзе «іншых паступленняў» ад бягучай дзейнасці. Нягледзячы на немалыя грашовыя ўліванні, з моманту заснавання кампанія працуе са стратамі. У 2025 годзе страты склалі 1,2 мільёна рублёў.
Чым канкрэтна займаецца фірма – невядома. Афіцыйна асноўным відам дзейнасці «Канкорда» пазначанае кіраванне нерухомасцю. Аднак ва ўласнасці кампанія яе не мае. Што, вядома, не перашкаджае займацца кіраваннем нерухомасцю, якая належыць іншым асобам.
«Канкорд Менеджмент і Кансалтынг» з’явілася ў Беларусі 19 ліпеня 2023 года – неўзабаве пасля няўдалага мяцяжу ПВК «Вагнер» у Расіі. Юрыдычная асоба зарэгістраваная ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна, там быў створаны палявы лагер вагнераўцаў.
Міністэрства абароны Беларусі хутка афіцыйна паведаміла, што інструктары «Вагнера» навучаюць беларускіх вайскоўцаў у тым ліку тактычнай стральбе, інжынернай і медычнай падрыхтоўцы. Пазней вагнераўцы таксама бралі ўдзел у падрыхтоўцы падраздзяленняў унутраных войскаў МУС.
Першым кіраўніком кампаніі стаў сам Яўген Прыгожын. Пасля яго гібелі ў жніўні 2023 года кампанія працягнула існаванне, і ў ліпені 2024-га яе ўзначаліў сын заснавальніка ПВК – Павел Прыгожын.
У верасні 2026 года Паўла Прыгожына на пасадзе кіраўніка беларускага «Канкорда» змяніў Віктар Васільевіч Гарбачэўскі. Яго поўны цёзка з лістапада 2023 года ўзначальваў пецярбургскае АТ «Цэнтаўра», а пазней стаў яго ліквідатарам. Кампанія фігуравала ў расследаванні праекта «Хронікі»: «Па слядах прыгожынскіх аўдытараў». «Цэнтаўра» карысталася паслугамі аўдытарскай фірмы «Акцэнт Аўдыт» і натарыуса Анатоля Акуленкі, якія таксама абслугоўвалі структуры Яўгена Прыгожына.