Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Вікторыя Лукашэнка злётала з мужам і сынам у Дубай

У распараджэнні «Бюро» аказаліся дадзеныя, згодна з якімі ў канцы жніўня 2025 года муж унучкі Лукашэнкі Вікторыі Дзятлавай (Лукашэнкі) – Дзмітрый Дзятлаў забраніраваў тур у Дубай (ААЭ).

 

DZIATLAVY

Дзмітрый Дзятлаў і Вікторыя Дзятлава (Лукашэнка)

 

Выбар прыпаў на курортны пяцізоркавы гатэль W Dubai – The Palm на востраве Палм-Джумейра.

 

W DUBAI

Гатэль W Dubai – The Palm, ААЭ. Крыніца: expedia.com

 

Пуцёўку Дзятлаў аплаціў двума пераводамі на агульную суму крыху больш як 17 тысяч беларускіх рублёў (амаль 5 тысяч еўра). Тур быў забраніраваны на траіх – двух дарослых і адно дзіця: Дзмітрыя і Вікторыю Дзятлавых і іх сына. Паводле інфармацыі «Бюро», першага праўнука Лукашэнкі зваць Іван і цяпер яму 4 гады. Кампанію на адпачынку сям’і Дзятлавых склалі сябры.

 

AKIRA BACK

Кастрычнік 2025 года. Дзмітрый Дзятлаў (справа) з сябрам (злева) у рэстаране Akira Back у гатэлі W Dubai – The Palm

 

Госці гатэля W Dubai – The Palm маюць доступ да ўласнага пясчанага пляжа, басейнаў (у тым ліку з барам) і джакузі. Жыхары гасцініцы таксама могуць скарыстацца паслугамі СПА, трэнажорнай залы і наведаць бар-рэстаран Akira Back, адзначаны ў гідзе «Мішлен».

 

У пакет браніравання Дзятлавых уваходзілі: пералёт з Мінска ў Дубай і назад, дзесяцідзённае пражыванне (з 8 па 18 кастрычніка 2025 года) у 50-метровым нумары Wonderful з ложкам king size і балконам, харчаванне паўпансіён.

 

Нагадаем, Вікторыя Дзятлава аформіла адпачынак па цяжарнасці і родах 14 сакавіка 2022 года, а з 18 ліпеня – афіцыйна пайшла ў дэкрэт. У лютым 2024 года яна выйшла на працу ў МЗС, дзе атрымала пасаду другой сакратаркі.

 

Ейны муж, Дзмітрый Дзятлаў, працаўладкаваны ў структурах сяброўкі сям’і старэйшага сына Лукашэнкі – рыбным холдынгу «Марскія сезоны» бізнэсоўкі Людмілы Няронскай.