Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

У Беларусі – новы вытворца цыгарэт

Новы вытворца – кампанія «Сентоні ПРА». Яна была створаная ў снежні 2023 года. Паводле дадзеных з базы юрыдычных асоб, кампаніяй валодаюць Сяргей Карповіч і ТАА «Буд-АнДзi».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «СЕРТОНІ ПРА»
sentoni1
sentoni2

Сяргей Карповіч – супрацоўнік кампаніі «Тытунь-Інвест», што належыць бізнэсоўцам Паўлу Тапузідзісу і Віктару Пятровічу. У сваіх сацсетках Карповіч не хавае, што працуе на «Тытунь-Інвест». Раней ён ужо быў саўладальнікам іншых звязаных з Тапузідзісам кампаній.

 

Кампанія «Буд-АнДзi» належыць Андрэю Піскарову.

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «БУД-АНДЗІ»
andi1
andi2

І вось дык супадзенне – пра Андрэя мы зусім нядаўна расказвалі ў нашым расследаванні пра тое, як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўто ў абыход санкцый – «Спонсары раскошы».

 

Піскароў працаваў на буйнога бізнэсоўца Юрыя Чыжа, а потым быў бізнэс-партнёрам Сяргея Чыжа і Дзмітрыя Алексіна. Першы – сын Юрыя Чыжа, другі – іншага ўплывовага бізнэсмена Аляксея Алексіна, які трапіў пад заходнія санкцыі як «кашалёк» Лукашэнкі.

 

Піскароў захапляецца не толькі машынамі, але і матацыкламі. У яго інстаграме ёсць фота ва ўніформе байкерскага клуба HOG Minsk Chapter Belarus, які аб’ядноўвае ўладальнікаў Harley-Davidson.

 

Злёты гэтага байкерскага клуба наведвае Віктар Лукашэнка – вядомы аматар язды на цяжкіх матацыклах. У сацыяльных сетках Піскарова мы таксама знайшлі сумеснае фота з людзьмі з атачэння Аляксандра Лукашэнкі – яго прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант, а таксама хакейным трэнерам і бізнэсоўцам Дзмітрыем Баскавым.

 

На тытунёвым рынку Беларусі ёсць некалькі гульцоў: два прыватныя і адзін дзяржаўны.

 

«Тытунь-Інвест» – адзін з прыватных вытворцаў цыгарэт у Беларусі. Кампанія таксама валодае гандлёвымі цэнтрамі і сеткай крамаў пад брэндамі «Карона» і «Замак». У снежні мінулага года Тапузідзіс, Пятровіч і «Тытунь-Інвест» падпалі пад санкцыі ЗША за сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. Магчыма, кампанія «Сентоні ПРА» створаная дзеля абыходу санкцый.

 

Іншы прыватны гулец на беларускім тытунёвым рынку – Аляксей Алексін. У першую чаргу ён вядомы як гаспадар сеткі шапікаў «Табакерка». Збытам цыгарэт займаецца ягоная кампанія «Энерга-Оіл», а вырабам – фабрыка «Інтэр Табакка» пад Мінскам.

 

Самы буйны вытворца цыгарэт у Беларусі – дзяржаўная фабрыка «Нёман», але гандаль іхнімі цыгарэтамі ідзе праз алексінаўскі «Энерга-Оіл». То бок Алексін кантралюе збыт цыгарэт дзвюх з трох тытунёвых фабрык. Выданне «Наша Ніва» пісала, што Алексін спрабуе ціснуць на Тапузідзіса, каб выкупіць ягоны тытунёвы бізнэс.