Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Целаахоўнік Лукашэнкі ўзначаліў прыватную ахоўную кампанію «Гардсэрвіс»

Адзіную ў Беларусі прыватную ахоўную кампанію «Гардсэрвіс» са спецдазволам на абыходжанне са зброяй узначаліў супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі – Юрый Альшэўскі. Дзякуючы «КіберПартызанам» мы змаглі даведацца, што ён каля 20 гадоў працуе целаахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі. У тым ліку суправаджаў яго ў замежных камандзіроўках – у 2017 годзе ў Індыю, у 2018 годзе ў Кітай, а ў 2019-м у Туркменістан.

 

Жонка Юрыя Альшэўскага таксама нядаўна вызначылася. Яе клічуць Святлана Сакалоўская і яна была прызначаная дэпутаткай у Палату прадстаўнікоў у 2024 годзе. Таксама яна займае пасаду першай намесніцы старшыні КДК Мінскай вобласці.

 

Альшэўскі ўжо трэці дырэктар «Гардсэрвіса» з 2020 года. Раней кампанію ўзначальвалі Яўген Чанаў і Уладзімір Арэх. Менавіта праз асобу Чанава выданню «Еўрарадыё» ўдалося выявіць сувязь паміж «Гардсэрвісам», кіраўніцтвам спраў Лукашэнкі і найбліжэйшым ягоным паплечнікам Віктарам Шэйманам.

 

У жніўні 2020 года Чанава змяніў Уладзімір Арэх – кадравы ваенны, былы начальнік упраўлення тылу Заходняга аператыўнага камандавання. Арэх быў дырэктарам да лістапада 2023 года.

 

Кампанія «Гардсэрвіс» адзіная ў Беларусі «прыватная» ахоўная арганізацыя, якая мае спецыяльны дазвол на набыццё, захоўванне і перадачу сваім супрацоўнікам цывільнай і службовай зброі. Гэты дазвол кампанія атрымала дзякуючы асобнаму ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2020 года.

 

Пра дзейнасць арганізацыі вядома няшмат. У лістападзе 2023 года BelPol апублікаваў расследаванне пра тое, што «Гардсэрвіс» мае цэлы арсенал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі двух чалавек — Віктара Шэймана і набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна. А грошы зарабляе праз сумнеўныя схемы па перапродажы нерухомасці, якую кампанія бязвыплатна атрымала ад дзяржавы.