Паварот на Усход: чым займаецца ўнучка Лукашэнкі ў МЗС
Дачка Віктара Лукашэнкі, Вікторыя Дзятлава (Лукашэнка), атрымала пасаду другой сакратаркі МЗС у лютым 2024 года. У міністэрстве яна курыруе ўсходні кірунак – рэгіёны, куды рэгулярна наносіць візіты яе бацька.
Дарэчы, фармальна адзіная афіцыйная праца Віктара Лукашэнкі – кіраўніцтва Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК). Аднак менавіта ён у статусе спецпрадстаўніка лётае ў арабскія краіны на перамовы ад Беларусі. Як высветліла «Бюро», развіццё такіх міждзяржаўных дамоўленасцяў адбываецца ўжо ў Мінску пры непасрэдным удзеле яго старэйшай дачкі – Вікторыі.
29 кастрычніка 2024 года ў Мінску адбылася сустрэча кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова з міністрам замежных спраў Сірыі. Бакі абмеркавалі супрацоўніцтва і падпісалі сумесную заяву пра «супрацьдзеянне незаконным заходнім санкцыям».
За сталом перамоваў ад беларускага боку можна разгледзець (справа налева) самога міністра замежных спраў Рыжанкова, надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Сірыі Юрыя Слуку, на той момант намесніка начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Юрыя Нікалайчыка і Вікторыю Дзятлаву.

29 кастрычніка 2024 года. Перамовы беларускага МЗС з дэлегацыяй МЗС Сірыі. Крыніца: скрыншот ctv.by
Далейшая праца Вікторыі Дзятлавай (Лукашэнкі) у МЗС па «ўсходнім вектары» развівалася паралельна з візітамі ейнага бацькі ў арабскія краіны.
1 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка з сынамі Віктарам і Мікалаем сустрэліся з султанам Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам у Маскаце. Сустрэча прайшла ў правіцеля Амана дома ў закрытым рэжыме. Тады ж аманскае МЗС упершыню афіцыйна прадставіла Віктара Лукашэнку як «спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта» ў гэтым рэгіёне.
Ужо праз тры тыдні Рыжанкоў і Дзятлава прымалі ў Мінску дэлегацыю Нацыянальнага музея Амана для арганізацыі сумесных выставаў і прыцягнення ўсходняга партнёра да будаўніцтва новага гістарычнага музея.

20 снежня 2025 года. Перамовы беларускага МЗС з дэлегацыяй Нацыянальнага музея Амана. Крыніца: belta.by
У красавіку 2026 года Віктар Лукашэнка зноў прыляцеў у Маскат – візіт насіў неанансаваны характар у Беларусі. Паводле звестак аманскага агенцтва ONA, старэйшы сын Лукашэнкі прыбыў у Аман як спецпрадстаўнік і перадаў султану нейкае пісьмовае пасланне ад бацькі. Прыняў Віктара Лукашэнку асабіста сын султана – наследны прынц і намеснік прэм’ер-міністра па эканамічных пытаннях Сайід Тэязін бен Хайсам Аль Саід. На сустрэчы абмяркоўваліся «шляхі ўмацавання супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай і эканамічнай сферах».
Праз два месяцы ў Мінск прыляцеў старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Амана. За сталом перамоваў з замежнай дэлегацыяй зноў можна ўбачыць Вікторыю Дзятлаву.

3 чэрвеня 2026 года. Перамовы беларускага МЗС з дэлегацыяй Гандлёва-прамысловай палаты Амана. Крыніца: mfa.gov.by
На сустрэчы кіраўнік МЗС і партнёры падпісалі план сумесных дзеянняў беларускага Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і аманскай Гандлёва-прамысловай палаты на 2026 год.
Перамоўны трэк у ААЭ развіваўся паводле падобнага сцэнарыя. 27 студзеня 2026 года Віктар Лукашэнка здзейсніў неанансаваны візіт у Абу-Дабі. Беларускія дзяржаўныя СМІ пра паездку змоўчалі, аднак эмірацкае дзяржаўнае агенцтва WAM зафіксавала яго закрытыя перамовы ў якасці спецпрадстаўніка з віцэ-прэзідэнтам ААЭ шэйхам Мансурам бен Заідам Аль Нахаянам і міністрам знешняга гандлю Тані бен Ахмедам Аль Зеюдзі. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі «супрацоўніцтва ў розных сферах» і «пытанні, цікавыя абодвум бакам».
Праз чатыры месяцы Максім Рыжанкоў прыняў у Мінску таго самага эмірацкага міністра знешняга гандлю, з якім Віктар Лукашэнка таемна сустракаўся ў Абу-Дабі. За сталом перамоваў зноў прысутнічае Вікторыя Дзятлава.

6 чэрвеня 2026 года. Сустрэча беларускага МЗС з міністрам знешняга гандлю ААЭ. Крыніца: mfa.gov.by
