Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Далей ад граху

Беларускія бізнэсоўцы Сяргей Хвалько, Сяргей Саявец і Максім Богуш выйшлі са складу заснавальнікаў прадпрыемства па вытворчасці мікрасхем SMD Baltic у Даўгаўпілсе. Адзіным уладальнікам застаўся іх шматгадовы партнёр з Латвіі Дзмітрыйс Радкевічс.

 

Такія змены выглядаюць як спроба беларускіх бізнэсоўцаў дыстанцыявацца ад еўрапейскага бізнэсу на фоне супрацоўніцтва з Расіяй.

«Цяпер беларусы горшыя за неграў, асабліва ў краінах Балтыі. Банк закрывае рахункі і нават нічога не тлумачыць – палітыка», – растлумачыў «Бюро» сваё рашэнне пра выхад са складу ўдзельнікаў SMD Baltic Сяргей Хвалько.

Змена ўладальнікаў у SMD Baltic адбылася ў пачатку снежня. То бок літаральна праз месяц пасля выхаду нашага расследавання «Гульня на два фронты», якое мы падрыхтавалі ў партнёрстве з латвійскім выданнем Re:Baltica. У расследаванні мы расказалі пра прадпрыемства па вытворчасці мікрасхем SMD Baltic, якое заснавалі трое беларусаў Сяргей Хвалько, Сяргей Саявец і Максім Богуш разам з латвійскім партнёрам Дзмітрыйсам Радкевічсам.

 

Пасля нападу Расіі на Украіну кампанія SMD Baltic асудзіла ваенную агрэсію і спыніла прыём замоваў з Расіі і Беларусі. Аднак нашае расследаванне паказала, што беларускія ўладальнікі завода ў Латвіі наладзілі пастаўкі мікрасхем у Расію праз іншыя падкантрольныя ім кампаніі за межамі Еўрасаюза. Сярод кліентаў – буйны расійскі вытворца дронаў «Геаскан», дзе мае долю фонд пад кіраўніцтвам дачкі Пуціна. «Геаскан» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за пастаўкі тэхнікі для расійскіх вайскоўцаў ва Украіне.

 

У адказ на нашую публікацыю кампанія SMD Baltic размясціла ў сябе на сайце заяву, у якой катэгарычна адмаўляе парушэнне санкцыйнага рэжыму.

«Наша кампанія спыніла ўсе пастаўкі ў Расію восенню 2022 года адразу пасля ўвядзення абмежаванняў. SMD Baltic пацвярджае, што пасля ўвядзення санкцый уся прадукцыя, якая вырабляецца SMD Baltic, а таксама камплектуючыя не пастаўляюцца, не экспартуюцца і не рээкспартуюцца наўпрост або ўскосна ў Расію, а таксама ў Беларусь», – сказана ў заяве кампаніі.

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі (VDD) паведаміла «Бюро», што ацэньвае апублікаваную ў расследаванні інфармацыю ў межах сваёй кампетэнцыі.

«У той жа час мы не можам каментаваць нашыя зробленыя або запланаваныя дзеянні», – падкрэслілі ў VDD.

У Службе фінансавых расследаванняў Латвіі (FID) адмовіліся каментаваць сітуацыю з SMD Baltic, таму што закон забараняе раскрываць інфармацыю аб праверках канкрэтных кампаній.

«Мы бачылі падобныя выпадкі, калі расійскія алігархі праз дзень пасля трапляння ў санкцыйныя спісы мянялі структуру ўласнасці шматмільённых прадпрыемстваў. Гэта прымушае думаць, што гэта фіктыўная або фармальная дзейнасць, каб пазбегнуць ужывання санкцый. Але я не магу казаць пра канкрэтны выпадак»,– сказаў Re:Baltica намеснік кіраўніка FID Паўліс Ільянкоўс.

SMD Baltic і яе былыя ўладальнікі не знаходзяцца пад санкцыямі ЕС або ЗША.