Падатковая зацікавілася фондам Карпянкова
Падчас расследавання «Новая Беларусь» Карпянкова» «Бюро» накіравала ў Мінгарвыканкам, Камітэт дзяржкантролю і Міністэрства па падатках і зборах афіцыйную заяву пра знойдзеныя недакладнасці ў фінансавых справаздачах фонду «Маладая гвардыя».
Мы атрымалі адказы ад усіх дзяржаўных органаў, куды накіравалі запыты. За выключэннем адпісак і перанакіраваных запытаў, «Бюро» атрымала паўнацэнны адказ ад Міністэрства па падатках і зборах. Там заявілі, што «інфармацыя ў дачыненні да фонду «Маладая Гвардыя» прынятая да ведама і будзе выкарыстаная ў працы».
Таксама мы атрымалі адказ ад Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, дзе сказана, што «пададзеная інфармацыя прынятая да ведама».
Нагадаем, падчас расследавання дзейнасці фонду «Маладая гвардыя» Мікалая Карпянкова мы выявілі неадпаведнасці і разыходжанні паміж дакументам для ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама і бухгалтарскімі справаздачамі для падатковай. Апытаныя намі эксперты не змаглі даць адназначнага адказу, чаму паміж імі такія разыходжанні і для чаго ў дакументах маніпулявалі дадзенымі.