Гісторыя Беларусі на расійскі капыл
Перапісаць гісторыю Беларусі ў сваіх інтарэсах. Такую мэту ставяць перад сабой расійскія чыноўнікі на бліжэйшы час, вынікае з сакрэтных дакументаў, якія ўцяклі і з’явіліся ў распараджэнні «Бюро».
Мы атрымалі копіі аналітычнага агляду і аналітычных запісак за 2022 – 2024 гады па гістарычнай палітыцы Беларусі, падрыхтаваных Расійскім інстытутам стратэгічных даследаванняў (РІСД). Гэты аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Уладзіміра Пуціна дапамагае федэральным органам фармаваць дзяржаўную палітыку ў сферы нацыянальнай бяспекі. РІСД узначальвае былы прэм’ер і кіраўнік Службы знешняй разведкі Міхаіл Фрадкоў.
Міхаіл Фрадкоў (справа) на сустрэчы з дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алегам Макаравым. Крыніца: riss.ru
САКРЭТНЫЯ ДАКУМЕНТЫ
Дакументы апісваюць расійскі погляд на мінулае Беларусі і яе нацыянальных герояў. Як адзначаюць крамлёўскія аналітыкі, асноўная тэма судакранання – савецкае мінулае, галоўным чынам падзеі Другой сусветнай вайны, у трактоўцы якіх дзве краіны амаль не маюць разыходжанняў. Але, як лічаць у РІСД, для нацыянальнай самасвядомасці нашмат большае значэнне маюць перыяды «старой гісторыі», таму што на аснове трактовак той эпохі вызначаецца месца сярод іншых народаў і цывілізацый. І тут у Беларусі і Расіі нашмат болей разыходжанняў.
«Версія гэтай гісторыі [«старой гісторыі»], якая ўтрымліваецца ў беларускіх падручніках і культурна-гістарычных праграмах, радыкальна разыходзіцца з прынятай у Расіі, працягваючы фармаваць ідэнтычнасць беларусаў на, па сутнасці, антырасійскіх прынцыпах», – сказана ў аналітычнай запісцы за гэты год.
Аўтары запіскі крытыкуюць вучоных з Акадэміі навук Беларусі за нацыяналістычны падыход пры трактаванні гісторыі беларускай дзяржаўнасці, згодна з якім «беларуская нацыя сфармавалася ў адзінстве з палякамі і барацьбе з Расіяй». У супрацьвагу такому падыходу адзначаецца важнасць працы з беларускімі гісторыкамі, якія з’яўляюцца «прадаўжальнікамі ідэй заходнерусізму і вядомыя сваёй прарасійскай арыентацыяй».
КАРЭННЫ ЗЛОМ
Да нядаўняга часу беларускія ўлады не так актыўна выкарыстоўвалі гісторыю для сваіх прапагандысцкіх мэтаў, хіба толькі за выключэннем перыяду Другой сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка часам падбіраўся да нацыяналістычнай трактоўкі беларускай гісторыі, хаця ён відавочна схіляецца да прарасійскіх поглядаў. Усё змянілі масавыя пратэсты ў Беларусі.
«У 2020 годзе адбыліся палітычныя пратэсты ў такім маштабе, якога ніхто не чакаў. Гэта стала выклікам для палітычнай сістэмы. Выявілася, што тая мадэль лаяльнасці, якая выбудоўвалася і прасоўвалася раней, не з’яўляецца эфектыўнай і не працуе. Вялікая частка насельніцтва ставіцца крытычна да беларускіх уладаў. Гэта запатрабавала карэннай рэвізіі палітыкі ідэнтычнасці. І пасля 2020 года ў гістарычнай палітыцы Беларусі адбыўся карэнны зрух», – зазначыў у размове з «Бюро» акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.
Аляксандр Лукашэнка праводзіць адкрыты ўрок «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню». Крыніца: president.gov.by
2022 год быў абвешчаны ў Беларусі годам гістарычнай памяці. Лукашэнка стварыў пры сваёй адміністрацыі Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы. У ВНУ з’явілася новая дысцыпліна «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Масавае знішчэнне беларусаў нацыстамі і іх памагатымі падчас Другой сусветнай вайны афіцыйна прызналі генацыдам беларускага народа. Генеральная пракуратура Беларусі пачала расследаванне адпаведнай крымінальнай справы. За адмаўленне генацыду можна трапіць за краты.
АНТЫПОЛЬСКІ ЎХІЛ
Новыя тэндэнцыі ў гістарычнай палітыцы заўважныя і ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Лукашэнка назваў гэты перыяд беларускай гісторыі «акупацыяй беларускай зямлі палякамі» і «этнацыдам беларусаў». Кіраўнікі антырасійскіх паўстанняў Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі больш не праслаўляюцца як нацыянальныя героі Беларусі з-за сваёй польскасці.
«Палітычная кан’юнктура патрабуе стварэння вобразу ворагаў, супраць якіх можна было б мабілізавацца. І такімі зручнымі ворагамі сталі палякі, з якімі ідзе палітычная канфрантацыя», –– зазначыў акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі.
Паказальным у гэтым плане з’яўляецца знішчэнне магіл салдат польскай Арміі Краёвай у Беларусі. Усталяванне новага дзяржаўнага свята ў дзень далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, на думку аналітыкаў, мае таксама антыпольскую скіраванасць.
Білборд да Дня народнага адзінства ў Мінску. Крыніца: belta.by
Расія аб’ектыўна зацікаўленая ў новай гістарычнай палітыцы Лукашэнкі, таму што яна прадугледжвае «адмену антырасійскай і радыкальна прапольскай версіі гісторыі», зазначаюць крамлёўскія аналітыкі.
«Пры гэтым важна ўключаць гэтыя ідэі ў кантэкст расійскай гістарычнай палітыкі, у першую чаргу на падставе сфармуляваных прэзідэнтам Расіі паняткаў «рускага свету», «краіны-цывілізацыі» і «адзінага народа». У інтарэсах Расіі фармаванне гістарычнай самасвядомасці беларусаў як прадстаўнікоў адной з рускімі цывілізацыі, а не як тых, хто жыве паміж Усходам і Захадам», – сказана ў аналітычнай запісцы за мінулы год.
РЭАЛЬНАЯ ПАГРОЗА
У цэлым, падрыхтаваныя РІСД аналітычныя запіскі ствараюць адчуванне пагрозы – нібыта ў Беларусі ўсё дрэнна, і неабходнае ўмяшанне з боку Расіі, пракаментаваў «Бюро» Аляксей Ластоўскі, які азнаёміўся з дакументамі мазгавога цэнтра пры пуцінскай адміністрацыі.
Каб ліквідаваць гэтую «пагрозу», крамлёўскі інстытут падрыхтаваў інструкцыю, як перапісаць гісторыю Беларусі ў сваіх інтарэсах і яшчэ больш зацягнуць нашую краіну ў расійскую арбіту. Мы высветлілі, што некаторыя рэкамендацыі ўжо рэалізаваныя на практыцы.
Да прыкладу, у 2023 годзе быў створаны экспертна-кансультацыйны расійска-беларускі савет па гісторыі, а ў 2024 годзе і міждзяржаўная камісія па гісторыі, каб «абмяркоўваць на міжурадавым узроўні змест школьных і вэнэушных падручнікаў, канцэпцыі музейных экспазіцый, планаў па рэстаўрацыі гістарычных помнікаў». Сёлета ў расійскіх і беларускіх студэнтаў з’явіўся адзіны падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы.
«Усё, што прыведзена ў запісках у якасці рэкамендацый, рэалізуецца на практыцы. Гэта і так было адчувальна, проста мы зараз разумеем, што ўсё гэта было загадзя спланавана і мае пад сабою канкрэтную задачу – уцягванне Беларусі культурна і інтэлектуальна ў плане разумення гісторыі і ідэнтычнасці ў так званы рускі свет», – зазначыў Ластоўскі.
Але ў Крамлі не маюць намеру спыняцца на дасягнутым. Яны плануюць рыхтаваць спецыялістаў па гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі і адчыняць навуковыя і аналітычныя цэнтры для іх далейшага працаўладкавання. Раней мы расказвалі пра падобную дзейную арганізацыю – расійскі фонд «Гістарычная памяць» на чале з адыёзным гісторыкам Аляксандрам Дзюкавым, які, па сутнасці, вядзе ў Беларусі інфармацыйную вайну на загад Крамля.
У РІСД лічаць важным працягваць працу з беларускімі гісторыкамі, вядомымі сваёй прарасійскай арыентацыяй. У якасці такіх гісторыкаў у дакументах называецца генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін. У аналітычным цэнтры пры адміністрацыі Пуціна лічаць мэтазгодным «аказваць такім гісторыкам падтрымку ў выглядзе грантавых праграм, мэтавага фінансавання спецыялізаваных выданняў, грамадска-інфармацыйных праектаў, забеспячэння доступу да СМІ, а таксама аплаты стажыровак для працы ў расійскіх архівах і навуковых установах».
Дарэчы, доктар гістарычных навук і дэпутат Ігар Марзалюк крытыкуецца ў дакументах РІСД за «радыкальна прапольскія погляды» на беларускую гісторыю.
Ігар Марзалюк (першы справа) і Вадзім Гігін (другі справа) на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы. Крыніца: president.gov.by
Акрамя таго, расійскія стратэгі прапаноўваюць увесці новае свята – Дзень еднасці. У прыватнасці, адзначаць трэці раздзел Рэчы Паспалітай, пасля якога 24 кастрычніка 1795 года беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Тым больш, у наступным годзе будзе 230-годдзе гэтай падзеі, «якая азнаменавала аднаўленне гістарычнай еднасці Беларусі з Расіяй».
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі лічыць выкладзеныя расійскімі аналітыкамі планы небяспечнымі для Беларусі.
«Тое, як мы бачым і тлумачым гісторыю, мае непасрэдны выхад на сучаснасць. Гэта не проста акадэмічная дыскусія. У гэтых планах расіян ёсць канкрэтная ідэя, каб праз гістарычную палітыку паступова нівеляваць усе тыя моманты, якія б дазвалялі беларусам бачыць сябе ў суверэннай дзяржаве. Гэта рэальная пагроза. Знікненне Беларусі і ўключэнне яе ў склад Расіі – адзін з тых самых страшных сцэнараў, якія можна было б чакаць», – сказаў Ластоўскі.
У прэс-службе РІСД адмовіліся каментаваць падрыхтаваныя імі дакументы па гістарычнай палітыцы Беларусі.