Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Дзе працуюць новыя сваякі Абельскай?

Раней мы ўжо расказвалі, што старэйшы сын Ирыны Абельскай жанаты на Дзіне эль-Дзіэфі.

 

DINA

Дзіна эль-Дзіэфі. Крыніца: citydog.io

 

Нагадаем, жанчына працуе лекаркай у Рэспубліканскім клінічным цэнтры Кіраўніцтва справамі і значыцца сярод супрацоўнікаў «Фонду Першага». Бюро вырашыла вывучыць біяграфіі і месцы працы іншых новаспечаных сваякоў Абельскай. Выявілася, што ўсе яны так ці інакш звязаныя з медыцынай.

 

Родная сястра Дзіны Далья эль-Дзіэфі – аспірантка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і акушэрка-гінекалагіня прыватнага медцэнтра «Нардзін». Муж Дальі Ілья Сянько ўладальнік і дырэктар кампаніі «Дыстрымед», якая спецыялізуецца на гуртовай дыстрыбуцыі і прасоўванні вырабаў медычнага прызначэння, расходных матэрыялаў і медычнай тэхнікі ў Беларусі. Кампанія актыўна ўдзельнічае ў дзяржаўных закупках. У 2025 годзе выручка кампаніі склала 3,2 мільёна рублёў, а чысты прыбытак – 14 тысяч рублёў.

 

Родны брат Дзіны і Дальі Хасан эль-Дзіэфі працуе дзіцячым хірургам у «Нардзіне». А вось кар’ера яго жонкі Юліі доўгі час развівалася зусім у іншым напрамку. Юлія эль-Дзіэфі працавала ў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, а затым – у адміністрацыі Лукашэнкі. У даступных для «Бюро» дакументах яна фігуруе там як дарадчыца-кансультантка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення.

 

У красавіку 2021 года Юлія перайшла ў Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — той самы, якім кіруе Ірына Абельская. А пасля таго як Абельская ўвайшла ў Савет Рэспублікі, Юлія эль-Дзіэфі стала яе афіцыйнай памочніцай.

 

Медычны след ёсць і ў цесця Абельскага, бацькі Дзіны – Фейсала Мухамеда Рыхана эль-Дзіэфі. Шмат гадоў ён быў звязаны з Беларуска-палесцінскай абшчынай. У розных дакументах Фейсал фігуруе то як яе прэзідэнт, то як сустаршыня. З 2020 года Фейсал значыцца сярод работнікаў кампаніі «Райт Стэп».

 

Фірма займаецца медыцынскім турызмам і супрацоўнічала з Мінскай абласной клінічнай бальніцай у прыцягненні пацыентаў з Лівіі. Гаворка ішла аб прасоўванні сярод лівійцаў уралагічных аперацый, а таксама паслуг у галіне неўралогіі і траўматалогіі. У 2025 годзе выручка «Райт Стэп» склала 4,4 млн рублёў, чысты прыбытак – 1,2 млн.