Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
PRIVATE_SCHOOLS

Застацца ў жывых

Нашыя сацсеткi

Чые прыватныя школы ў Беларусі працягваюць працаваць?

Аўтары

«Гэта такая “школа для сваіх”, у якой вучыцца ўнук Віктара Шэймана [даўняга паплечніка Аляксандра Лукашэнкі], таму яе і пакінулі», – паведаміла журналісту «Бюро» крыніца са сферы адукацыі.

Восенню 2022 года ўлады скарысталіся інцыдэнтам са стралянінай у прыватнай школе «Смарт Скул» і зладзілі татальную зачыстку прыватнай адукацыі. Тады Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам назваў прыватную адукацыю «антыдзяржаўнай клаакай» і загадаў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі». У Беларусі ўвялі абавязковае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці.

 

Пасля зачысткі ліцэнзію на дзейнасць з 35 атрымалі толькі 6 школ: «Канкорд», «Эка-Эл», «Альтэрнатыва», «Іхвіс», Мінская міжнародная гімназія і «Елісеевы палі». Мінскую міжнародную гімназію (ММГ) заснавала Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі. Але прычыны, чаму на рынку пакінулі астатнія пяць школ, менш відавочныя. Мы вырашылі ў гэтым разабрацца.

Мы ўдзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага расследавання «КіберПартызанам». Мы не раскрываем нашых крыніц з-за пагрозы рэпрэсій з боку беларускіх уладаў.

 

МАГІЛЁЎСКІ ГАМБІТ

Нашу гісторыю мы пачнем з Магілёва. Менавіта тут апошняй з усіх, у красавіку 2023 года, сваю ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць атрымала прыватная школа «Канкорд». Гэтую школу з палётнай назвай у 2021 годзе ўзвёў Яўген Баскін – буйны бізнэсовец, старшыня савета дырэктараў кампаніі «Сервалюкс».

 

Ідэя пабудаваць прыватную адукацыйную ўстанову практычна на адной вуліцы са сваім домам з’явілася ў бізнэсоўца дзесьці ў 2019 годзе. Пад забудову планавалася перадаць 0,42 гектара зямлі ад Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвай адукацыі і рэабілітацыі. Узамен забудоўшчык павінен быў перанесці гульнёвую пляцоўку цэнтра на новае месца, абсталяваць два ценявыя навесы і пабудаваць пляцоўку для адпачынку.

«Школа «Канкорд» была спраектаваная і пабудаваная з нуля ў адпаведнасці з інвестыцыйнай дамовай. Зямельны ўчастак, дадзены ЗАТ «Сервалюкс Агра», першапачаткова знаходзіўся ў пераліку ўчасткаў, прызначаных для давання інвестарам для будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, прадугледжаных інвестыцыйнымі дамовамі», – патлумачыла «Бюро» абставіны вылучэння тэрыторыі пад забудову юрыстка школы.

1 верасня 2021 года «Канкорд», разлічаны на 88 вучняў, пачаў працу. На ўрачыстае адкрыццё прыбылі кіраўнік Магілёва Уладзімір Цумараў і кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Багайчук.

 

OTKRYTIE SHKOLY KONKORD

Злева направа: бізнэсовец Яўген Баскін, дырэктарка «Канкорда» Юлія Багавец, кіраўнік Магілёва Уладзімір Цумараў і кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Багайчук на адкрыцці школы «Канкорд». Крыніца: vestnikmogileva.by

 

Паводле слоў нашай крыніцы са сферы адукацыі, гэта той рэдкі выпадак, калі прадстаўнікі ўлады прысутнічаюць на адкрыцці прыватнай школы. 

 

Настаў 2022-гі, і масавая зачыстка закранула і «Канкорд». Але пакуль іншыя прыватныя школы закрываліся, дзецішча Яўгена Баскіна схавалася пад крыло сярэдняй школы нумар 12 горада Магілёва, стаўшы яе другім корпусам. Інфармацыю пра гэта можна знайсці ў тэндарах. Паглядзіце, у кастрычніку 2022 года школа № 12 закупляе за бюджэтныя грошы паслугі па харчаванні для вучняў свайго другога корпуса па вуліцы Сурганава, 76. Менавіта па гэтым адрасе стаіць новенькі будынак «Канкорда». Харчаванне за кошт дзяржавы закуплялася для 36 вучняў.

ЗАДАННЕ НА ДЗЯРЖАЎНУЮ ЗАКУПКУ ДЛЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ДУА «СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА № 12, КОРПУС № 2»
ZADANIE NA GOSUDARSTVENNUYU ZAKUPKU

А ў студзені 2023-га школа № 12 зноў закупляе за бюджэтныя грошы для корпуса № 2 паслугі па «абслугоўванні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння». Сама школа не хавала ў сваім інстаграме, што яны цяпер «школа № 12».

 

Школа заставалася пад дзяржавай датуль, пакуль уладальнікі «Канкорда» не вырашылі праблему з дакументамі. Ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць яны атрымалі ў красавіку 2023 года. Ужо пад восень школа зноў запрацавала самастойна. Сёння там навучаецца 85 дзяцей, за год бацькі выкладваюць 5250 долараў.

 

Мы патэлефанавалі ў школу «Канкорд» пад выглядам патэнцыйных кліентаў, каб даведацца, як яны апынуліся пад крылом дзяржавы ў 2022 годзе і дзе яны цяпер. Дырэктарка «Канкорда» патлумачыла, што яны былі вымушаныя гэта зрабіць «на этапе фармавання палітыкі ўзаемаадносінаў дзяржавы з прыватнымі школамі»:

«Мы вымушаныя былі захаваць нашу базу. І такім чынам мы аб’ядналіся з 12-й школай. З тых часоў як мы атрымалі ліцэнзію і прайшлі акрэдытацыю, два даволі складаныя працэсы [смяецца], мы з’яўляемся самастойнай навучальнай установай, прыватнай».

Прадстаўнікі сферы адукацыі, з якімі мы размаўлялі, пацвердзілі, што такая схема магчымая, але толькі пры наяўнасці адміністрацыйнага рэсурсу або, прасцей кажучы, сувязяў.

 

SHKOLA KONKORD

Прыватная школа «Канкорд» у Магілёве. Крыніца: група «УКантакце» МАГІЛЁЎ Live

 

Па дадатковыя тлумачэнні мы звярнуліся да Яўгена Баскіна, ён перанакіраваў наc да юрысткі «Канкорда», якая падрыхтавала адказы на нашыя пытанні:

«Каб забяспечыць неперарыўнасць адукацыйнага працэсу і захаваць высокапрафесійны педагагічны калектыў, сумесна з упраўленнем па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама было прынятае рашэнне пра перавод настаўнікаў і дзяцей у сярэднюю школу № 12 г. Магілёва, якая знаходзіцца ў крокавай даступнасці і на той момант не была цалкам укамплектаваная. Для таго каб адукацыйны працэс мог быць працягнуты на базе будынка і маёмасці школы «Канкорд», уся яе маёмасць была перададзеная ў бязвыплатнае карыстанне сярэдняй школе № 12 г. Магілёва на падставе дамовы».

Атрымліваецца, каб пазбегнуць закрыцця сваёй школы, Яўген Баскін дамовіўся з мясцовымі ўладамі і хутка перадаў будынак мясцовай дзяржаўнай школе, перавёў туды настаўнікаў і вучняў, пакуль яго «Канкорд» атрымліваў усе неабходныя дазволы на працу. А калі атрымаў усё неабходнае, перавёў назад сваіх вучняў і школу пад сваё кіраванне.

 

Юрыстка школы «Канкорд» зазначыла, што «ў перыяд дзейнасці дамовы бязвыплатнага карыстання заснавальнік школы «Канкорд» самастойна нёс усе выдаткі па ейным утрыманні, у тым ліку камунальных і эксплуатацыйных плацяжах. Улічваючы патрэбу ў дадатковым фінансаванні сярэдняй школы № 12 г. Магілёва ў сувязі з тым, што колькасць педагогаў і вучняў павялічылася, значныя сродкі накіроўваліся заснавальнікам у гэты перыяд на аказанне бязвыплатнай спонсарскай дапамогі гэтай адукацыйнай установе». Мы ўдакладнілі ў юрысткі школы, ці кампенсаваў уладальнік «Канкорда» сродкі, выдаткаваныя дзяржаўнай школай на патрэбы корпуса № 2 па дзяржзакупках, але на гэтае пытанне яна адказаць нам не здолела.

 

У Магілёўскім аблвыканкаме сказалі, што школа «Канкорд» атрымала ліцэнзію ва ўсталяваным парадку, і накіравалі па падрабязнасці ў Магілёўскі гарвыканкам. Але там адмовіліся па тэлефоне дзяліцца нюансамі пераходу настаўнікаў і вучняў прыватнай школы пад крыло дзяржаўнай на час ліцэнзавання. Дык можа такі варыянт быў прапанаваны і іншым прыватным школам Беларусі?

«Некаторым проста казалі: “Будзеце шукаць магчымасці неяк застацца ў гульні, мы вас пасадзім”. І нават больш – некаторым давялося з’язджаць, бо спрабавалі нешта шукаць. Так што гаворка пра тое, што закон працуе не для ўсіх, а для абраных», – каментуе сітуацыю эксперт са сферы адукацыі.

 

«Калі б мы таксама маглі ўвайсці ў склад дзяржаўнай школы, каб захаваць сваю справу, мы б так і зрабілі. Але не ўсім так можна», – пракаментавала сітуацыю нашая другая крыніца са сферы адукацыі.

Такім чынам, мясцовыя ўлады і 12-я школа горада Магілёва сталі для «Канкорда» надзейным тылам у неспакойны час. Гэта адлюстравалася на ідэалагічным складніку прыватнай школы, бо ў 12-й школе ёсць класы вайскова-патрыятычнай скіраванасці. Школьнікі ўдзельнічаюць ў грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны», страляюць з аўтаматаў на палігоне, наведваюць заняткі па ручным баі. Як толькі «Канкорд» трапіў пад апеку ДУА, у акаўнце прыватнай школы з’явіліся публікацыі адпаведнага зместу. На школьных мерапрыемствах прысутнічалі вайскоўцы, з’явіліся вайскова-патрыятычныя класы.

 

VRUCHENIE UDOSTOVERENIJ NA NOSHENIE VOENNOJ FORMY

Атрыманне пасведчанняў на нашэнне ваеннай формы вучнямі вайскова-патрыятычных класаў у магілёўскай ДУА «Сярэдняя школа № 12». Крыніца: інстаграм-акаўнт школы «Канкорд» @concord.school

 

Улетку 2023 года арганізоўваўся лагер «Будучы ваяр» на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады. На выпускным у 2023 годзе таксама прысутнічалі прадстаўнікі гэтай вайсковай брыгады.

 

 

ЭЛІТКА

Наступная школа, якая адной з нямногіх атрымала ліцэнзію, – гэта «Эка-Эл» у Ждановічах. Назва паходзіць ад рускамоўнага словазлучэння «Экология личности» («Экалогія асобы»), але мы б назвалі яе «Экалогія эліты», і цяпер раскажам чаму.

 

Гэтая прыватная школа з 20-гадовым стажам лічыцца адной з найстарэйшых у Беларусі. Яе заснавальніцай і першай дырэктаркай была Тамара Арцем’ева, якая пасля перадала справу сваёй дачцэ Таццяне Маславай. З часам заснавальнікі ўзвялі новы будынак школы ў Ждановічах.

 

SHKOLA EKO-EL

Прыватная школа «Эка-Эл». Крыніца: інстаграм-акаўнт школы «Эка-Эл» @_eco_el_

 

Паводле звестак з адкрытых крыніц, а таксама ад нашых інфарматараў са сферы адукацыі, «Эка-Эл» мае рэпутацыю школы для дзяцей «эліткі». Туды практычна немагчыма патрапіць – прыярытэт на залічэнне ў першую чаргу маюць «свае». Яшчэ да таго як прыватныя школы былі зачышчаныя, Таццяна Маслава ў каментары «Анлайнеру» ў 2022 годзе заяўляла, што ў іх «усё добра» і «ўсе месцы ў гэтым годзе закрытыя».

 

Мы патэлефанавалі ў «Эка-Эл» пад выглядам аднаго з бацькоў, ахвочага ўладкаваць у школу сваё дзіця, але нам адказалі, што ў гэтую школу не трапіць, «спіс чакання вялікі», дзіця ў яго нават уносіць не будуць.

 

Як і ўсіх, «Эка-Эл» не абышло бокам «ліцэнзаванне» школ. Але ўжо з 8 лістапада 2022 года яны спакойна аднавілі навучанне ў школе. Нягледзячы на тое, што ў школы не было ні акрэдытацыі, ні ліцэнзіі. Як жа так атрымалася?

«Гэта такая “школа для сваіх”, у якой вучыцца ўнук Віктара Шэймана, таму яе і пакінулі», – паведаміла журналісту «Бюро» крыніца са сферы адукацыі.

І праўда, мы знайшлі пацвярджэнне гэтай інфармацыі – фота Аляксандра Шэймана, сына Сяргея Шэймана і ўнука Віктара Шэймана, у сацсетках школы «Эка-Эл».

 

ALEKSANDR SHEJMAN V SHKOLE EKO-EL

Унук Віктара Шэймана – Аляксандр Шэйман у школе «Эка-Эл». Крыніца: інстаграм-акаўнт школы «Эка-Эл» @_eco_el_

 

Знайшлі мы ў гэтай школе і сваячку яшчэ аднаго чалавека з першай палітычнай «абоймы» Аляксандра Лукашэнкі. Марыя Канаплёва – унучка блізкага паплечніка Лукашэнкі, кіраўніка федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.

 

MARIYA KONOPLEVA

Унучка Уладзіміра Канаплёва – Марыя Канаплёва ў школе «Эка-Эл». Крыніца: тэлеграм-акаўнт школы «Эка-Эл» @Eco_El

 

Цалкам чакана, што з такімі вучнямі ў школы не было асаблівых праблем з аднаўленнем працы. Але мы ўсё-ткі патэлефанавалі дырэктарцы школы Таццяне Маславай і пацікавіліся, дзякуючы чаму або каму школа змагла хутка аднавіць працу, аднак яна адмовілася каментаваць.

 

Мы вывучылі іншых кліентаў «Эка-Эл» і знайшлі не толькі ўнукаў Віктара Шэймана і Уладзіміра Канаплёва. Тут і дзеці менеджара кампаній, звязаных з Віктарам Шэйманам, і былой суўладальніцы збанкрутавалай сеткі магазінаў Bigzz Аляўціны Лукомскай, і акцыянера і заснавальніка групы кампаній «А-100» Аляксандра Цэнцера, і аднаго з былых топ-менеджараў «БСБ Банка» Уладзіміра Фёдарава.

 

І гэта далёка не поўны спіс. Выглядае так, быццам «Эка-Эл» – прамы канкурэнт для Мінскай міжнароднай гімназіі, заснаванай Ірынай Абельскай. І, падобна, што ў ММГ гэта цудоўна разумеюць.

 

Паводле слоў нашай крыніцы са сферы адукацыі, неўзабаве пасля таго, як «Эка-Эл» зноў запрацавала, бацькам вучняў пачалі паступаць «цікавыя званкі»:

«Вельмі многім бацькам вучняў «Эка-Эл», хто працаваў у дзяржструктурах, а такіх там быў нейкі высокі працэнт, прапанавалі тэрмінова забраць дакументы з «Эка-Эл» і аформіцца ў тую школу, якую “мы ж для вас і пабудавалі”. То бок, гэта Міжнародная гімназія [Мінская міжнародная гімназія]. Маўляў, мы для вас тут усе ўмовы стварылі, а вы тут ходзіце па нейкіх незразумелых прыватных асобах».

У 2023 годзе кампанія спрацавала з прыбыткам у 80 тысяч рублёў. Цяпер вучоба ў «Эка-Эл» каштуе 600 еўра на месяц. Але гэта толькі для тых, каго кіраўніцтва школы палічыць вартым вучыцца з дзецьмі беларускай эліты.

 

 

ПАСЛУГА ЗА ЗАСЛУГУ?

Яшчэ адна прыватная школа, якая хутка здолела адчыніцца пасля зачысткі, – «Альтэрнатыва». Дырэктарка і ўладальніца школы – Вольга Дзеркачова.

 

Як і «Эка-Эл», прыватная школа «Альтэрнатыва» ўжо да пачатку другой чвэрці зноў змагла запрацаваць. Паводле слоў Вольгі Дзеркачовай, ад Міністэрства адукацыі паступілі канкрэтныя патрабаванні для праходжання ліцэнзавання, сярод якіх у тым ліку наяўнасць «сярод вучняў членаў БРСМ, а сярод настаўнікаў – «Белай Русі». Да апошняй, паводле слоў дырэктаркі школы, далучыліся ўсе педагогі.

 

SHKOLA ALTERNATIVA

Прыватная школа «Альтэрнатыва». Крыніца: onliner.by

 

Але мы знайшлі яшчэ адну сувязь, якая магла дапамагчы школе хутчэй пераадолець бюракратычныя перашкоды. Рэч у тым, што падчас зачысткі пасаду дырэктара Дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі займаў Міхаіл Мірончык, які курыраваў ліцэнзаванне і акрэдытацыю школ у краіне. Менавіта ён доўгі час прапрацаваў у школе «Альтэрнатыва».

 

У размове з намі Вольга Дзеркачова пацвердзіла гэты факт, аднак сказала, што гэта было вельмі даўно, і згадала, што, хутчэй за ўсё, дапамагло тое, што школа да ліцэнзавання праходзіла акрэдытацыю пяць разоў.

 

fjhdkjfhkjd

Былы кіраўнік Дэпартамента кантролю якасці Міністэрства адукацыі Міхаіл Мірончык. У 2024 годзе ён прызначаны дэпутатам Нацыянальнага сходу. Крыніца: sputnik.by

 

Мы паспрабавалі звязацца з Міхаілам Мірончыкам, але яго асабісты тэлефон не адказвае, жонка адмовілася звязаць з ім і кінула слухаўку, а ў Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі заявілі, што Мірончык там болей не працуе – ён стаў дэпутатам.

 

Цяпер у «Альтэрнатыве» няма вольных месцаў, але дзяцей гатовыя ўнесці ў спіс чакання. Адзін месяц навучання каштуе 1500 рублёў. У 2023 годзе кампанія атрымала мільён рублёў чыстага прыбытку.

 

 

З БОЖАЙ ДАПАМОГАЙ

Яшчэ адна школа, якая атрымала ўхвалу на працу, – гэта прыватная школа Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра «Іхвіс». З Божай дапамогай або кагосьці яшчэ, але яны змаглі аднавіць сваю дзейнасць ужо ў лістападзе 2022 года. «Бюро» раней расказвала падрабязна пра бізнэс-холдынг Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра (СЕМ).

 

Кіраўніцтва школы не хавае, што «Іхвіс» цалкам «ідэйны праект». СЕМ спаўна падзяляе пралукашэнкаўскую палітыку, а таксама падтрымлівае мілітарызацыю і рускі свет.

 

ICHVIS

Праваслаўная прыватная школа «Іхвіс». Крыніца: obitel-minsk.ru

 

Напрыклад, у лютым 2024 года прайшоў урок са зброяй і ваеннай экіпіроўкай. Правялі яго прадстаўнікі Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання «Горад без наркотыкаў» і ваенна-патрыятычнага цэнтра «Казачы Спас». Паводле звестак выдання «Наша Ніва», гэты цэнтр праводзіць ваенныя зборы для беларускіх дзяцей з запрашэннем расійскіх інструктараў – удзельнікаў баявых дзеянняў. Зборы такія праходзілі як у Беларусі, так і з выездамі ў Расію.

 

Навучанне ў гэтай школе каштуе 1000 рублёў за месяц. Але прымаюць у калектыў перадусім дзяцей бацькоў-вернікаў і прыхаджан СЕМ. Летась школа спрацавала з прыбыткам у 108 тысяч рублёў.

 

 

БАНКЕТ ЗА БЮДЖЭТ

Мінская міжнародная гімназія – яшчэ адна прыватная школа, якая працуе. Яе заснавала маці Мікалая Лукашэнкі і пабудаваў сябар Аляксандра Лукашэнкі, алігарх Міхаіл Гуцарыеў. Але пра яе ўжо неаднаразова расказвалі журналісты, таму мы толькі спынімся на асноўных асаблівасцях ейнай працы.

 

На фоне іншых прыватных школ Мінская міжнародная гімназія вылучаецца тым, што ад самага моманту заснавання атрымлівае ў тым ліку дзяржаўнае фінансаванне. Школа закупляе за бюджэтныя сродкі ноўтбукі, планшэты, музычны цэнтр, прынтары, паслугі па ўборцы тэрыторый, школьнае харчаванне для дзяцей, а таксама навучальныя матэрыялы і сродкі навучання.

 

MMG

Прыватная школа «Мінская міжнародная гімназія». Крыніца: ustroi.by

 

У снежні 2023 года школа, заснаваная Абельскай, вырашыла прыкупіць ідэалагічнай навучальнай літаратуры амаль на 2,7 тысячы рублёў — кнігі і плакаты «Генацыд беларускага народа», «Хатынь», «За другі свая. Героі і подзвігі Беларусі», «Святая памяць Вялікай Перамогі» і іншае.

 

Цікавы і іншы тэндар за ліпень 2023 года на закупку абсталявання для кабінета англійскай мовы: выявы Біг-Бэна, стэнд з картамі Вялікабрытаніі, Канады, ЗША і Аўстраліі і іншае. Якраз у той час намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай скардзіўся на тое, што падчас праверак школ высветлілася, што «дзесьці па-даўнейшаму дамінуе брытанскі сцяг над беларускім у кабінеце замежнай мовы. Калісьці гэта ўсё рабілася, выбудоўвалася. Там двух’ярусны аўтобус, тэлефонная будка брытанская, занурэнне ў асяроддзе і ўсё астатняе. Гэта ўсё выпраўляецца».

 

Усяго з 2020-га па канец 2023 года толькі на тэндарах Мінская міжнародная гімназія патраціла больш як паўмільёна рублёў бюджэтных грошай. Пры гэтым агульная сума ўкладзеных бюджэтных сродкаў у гімназію можа быць нашмат большай.

«Гэта сведчыць пра тое, што такія законы развіцця бізнэсу ў Беларусі. І не больш за тое. Пра тое, што чыноўнікі толькі на словах кажуць пра роўнасць і падобнае, а самі ж ствараюць сваю ўнутраную сістэму кастаў, заснаваную не на правах, а на “крышаванні”. Але “крышаванне” не роўнае закону, і “крыша” рана ці позна паедзе», – каментуе эксперт са сферы адукацыі.

У справаздачах гімназіі з 2020-га па 2023 год пазначаецца, што яна за чатыры гады атрымала 6,6 мільёна рублёў мэтавага фінансавання. З іх толькі 2,3 мільёна рублёў былі «бязвыплатнай або спонсарскай дапамогай». Астатнія грошы праходзяць па артыкуле «іншыя паступленні» і складаюць 4,2 мільёна рублёў. 2023 год кампанія скончыла з прыбыткам у 257 тысяч рублёў.

 

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў у ММГ, але там адмовіліся пракаментаваць сітуацыю з фінансаваннем закупак за кошт бюджэту.

 

Нягледзячы на грашовыя ўліванні з боку дзяржавы, нельга сказаць, што ў школе поўны аншлаг. Калі дзіця мае сярэдні бал 7 і вышэйшы, а бацькі гатовыя плаціць па 1100 рублёў за месяц, то пры жаданні, хутчэй за ўсё, вы і вашае дзіця зможаце наведваць «сямейную» школу, звязаную з сям’ёй Лукашэнкі. Пытанне ў тым, ці ёсць у вас такое жаданне.

 

 

ЕЛІСЕЕВЫ ПАЛІ

Апошняя прыватная школа, пра якую мы хацелі б апавесці, – гэта «Елісеевы палі». На самай справе гэта толькі дзіцячы садок і пачатковая школа. Заснавальніца навучальнай установы, Алена Мяшкова, калісьці сама выкладала ў іншай прыватнай школе «Апельсін».

 

ELENA MESHKOVA

Заснавальніца і ўладальніца прыватнай школы «Елісеевы палі» Алена Мяшкова. Крыніца: ladys.by

 

У адным з інтэрв’ю Алена Мяшкова казала, што першапачаткова адкрыць дзіцячы садок атрымалася дзякуючы фінансам ейнай сям’і і сям’і мужа:

«Калі нарадзілася думка стварыць дзіцячы садок, мне прыйшлося быць даволі пераканаўчай, каб усе члены маёй сям’і і сям’і з боку мужа прасякнуліся ідэяй, таму што менавіта дзякуючы нашым агульным фінансам удалося ўзвесці будынак».

Муж Максім Мяшкоў, паводле слоў жонкі, актыўна ўдзельнічае ў справах школы і загадвае фінансамі ўстановы.

 

Некалькі год ён працаваў намеснікам начальніка аддзела крымінальнага вышуку ў Савецкім РУУС горада Мінска, а затым сышоў у бізнэс. Да 2 лістапада 2023 года валодаў 49% у расійскай кампаніі «РЭС», якая займаецца пастаўкамі металапракату, кіслот, катлоў, арматуры і іншага. 2022 год кампанія скончыла з чыстым прыбыткам у 5,7 мільёна еўра.

 

«Елісеевы палі» змаглі атрымаць дазвол на працу нароўні з «Эка-Эл» і «Альтэрнатывай». Але за што яны мелі такі гонар, ні мы, ні нашыя крыніцы не ведаюць. Дырэктарка школы Марына Восіпава патлумачыла нашаму журналісту, што яны, як і астатнія ўстановы, проста сабралі і падалі неабходны пакет дакументаў.

 

Крыніца са сферы адукацыі дапусціла, што «Елісеевы палі» пакінулі на рынку, таму што гэта «суперлаяльная школа, якая ніколі ні ў чым сябе не запляміла перад дзяржавай».

 

Калі мы патэлефанавалі ў «Елісеевы палі» пад выглядам патэнцыйных кліентаў, нам з парога паведамілі, што месцаў няма і не прадбачыцца. Пачатковая школа цалкам укамплектаваная, а чарга ў спісе чакання кіламетровая. Тым, каму пашчасціла трапіць у кліенцкую базу «Елісеевых палёў», штомесяц трэба выдаткоўваць 2100 рублёў. Пачатковая школа спрацавала ў 2023 годзе з чыстым прыбыткам у 292 тысячы рублёў.

 

 

ПАКІНУЛІ «СВАІХ»

Такім чынам, пасля зачысткі прыватных школ у Беларусі выжылі адзінкі. Не выключана, што гэтыя ўстановы здолелі працягнуць працу дзякуючы патрэбным сувязям. Але толькі частка з тых школ, якія выжылі, гатовая цяпер прыняць да сябе ахвотных.

 

У 2022 годзе беларускія ўлады вырашылі, што прыватныя школы – гэта перадусім не падатковыя паступленні ў бюджэт і дадатковыя магчымасці для грамадзян з дзецьмі, а пагроза, якая чамусьці дрэнна рэгулюецца, і ўвогуле рассаднік антыдзяржаўных ідэй. Але для «сваіх» пакінулі шэраг прыватных школ, куды з вуліцы амаль не патрапіць.

«Яны быццам пакідаюць гэтыя школы для сябе. Для сваіх чыноўнікаў. Для свайго ўнутранага карыстання. Калі раней прыватнымі школамі карыстаўся сегмент высокааплатных, заможных беларусаў, то цяпер заможнымі беларусамі лічацца людзі, якія максімальна набліжаныя да ўлады. Калі яны набліжаныя, то бок чыноўнікі і гэтак далей, то гэта нейкая своеасаблівая элітарнасць. Калі гэта эліта, то значыць, для іх павінны быць і адпаведныя элітарныя школы», – расказала «Бюро» экспертка па адукацыі Святлана Мацкевіч.

Яшчэ адзін эксперт у сферы адукацыі лічыць, што ад зачысткі прыватных школ у Беларусі ў цэлым пацярпела беларуская адукацыя. На адукацыйным рынку моцна звузілася канкурэнтнае асяроддзе.

«Вядома, [наяўнасць прыватных школ] – гэта добра, бо, па-першае, з’яўляецца канкурэнцыя. І няхай у адукацыі гэта не так моцна заўважна, але прыватныя школы вельмі часта выкарыстоўвалі інавацыйныя методыкі, якія цяпер ёсць у свеце, а не абапіраліся на класна-ўрочную сістэму з “указілаўкамі” зверху. Але самае галоўнае – гэта тое, што бацькі маглі выбіраць адукацыю для дзіцяці, а не аднолькавую школьную форму. Выбіраць і несці адказнасць за адукацыю свайго дзіцяці, каб яно магло канкураваць на глабальным рынку, а не на аскепках саўка», – расказаў ананімна «Бюро» эксперт па адукацыі.

Даданні па тэме