Хто зарабляе на рэжыме
За трыццаць гадоў праўлення Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ўтварылася кола людзей, якія ў той ці іншай ступені прыбліжаныя да дзейных уладаў. Сярод іх – мужчыны і жанчыны: чыноўнікі, сілавікі, бізнэсоўцы, грамадскія дзеячы і іншыя. За кошт доступу да Лукашэнкі і яго атачэння гэтыя людзі атрымліваюць пэўныя выгады для сябе і сваіх блізкіх. Гаворка ідзе не толькі пра непасрэднае абагачэнне, але і пра ўладу, уплыў, доступ да закрытых рэсурсаў, імунітэт ад адказнасці, а таксама перавагі для сваякоў, бізнэс-партнёраў і пратэжэ.
Для такой з’явы ёсць свая назва – фаварытызм. Гэта практыка, пры якой чалавек, які валодае ўладай або ўплывам, дае перавагі іншаму чалавеку не на падставе заслуг, лепшых якасцяў або досведу, а з-за асабістай сімпатыі, сваяцкіх сувязяў або блізкіх стасункаў. Фаварытызм часта носіць схаваны характар і падрывае празрыстасць, якая павінна быць часткай працэсаў размеркавання дзяржаўных рэсурсаў. Калі чалавек атрымлівае пасады, рэсурсы, ільготы дзякуючы сувязям, а не сваім заслугам, лепшым якасцям і досведу, якасць ягонай працы на карысць грамадства можа быць ніжэйшай.
«Бюро» запускае базу фаварытаў беларускага рэжыму. На першым этапе мы публікуем профілі 20 чалавек – членаў сям’і Лукашэнкі, сілавікоў, бізнэсоўцаў, грамадскіх дзеячаў. У далейшым база будзе папаўняцца.
Профіль фаварыта або фаварыткі ўтрымлівае некалькі раздзелаў. У біяграфічнай частцы прыведзеныя прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, адукацыя. Асноўная частка апісвае сферы дзейнасці, сувязі, актывы пратэжэ, а таксама атрыманыя бенефіты і абмежаванні, з якімі ён ці яна сутыкнуліся.
У раздзеле «Сувязі» названыя не толькі сваякі прыбліжанага чалавека, але і яго прыяцелі, партнёры па бізнэсе.
У раздзеле «Дзейныя актывы» мы назвалі актывы, якія належаць не толькі самім фаварыту або фаварытцы, але і іх давераным асобам – членам сям’і, менеджарам і іншым звязаным людзям. Пад «Гістарычнымі актывамі» мы разумеем актывы, якія належалі разгляданай персоне і яе давераным асобам.
У раздзеле «Бенефіты» мы пералічылі прывілеі, атрыманыя фаварытам або фаварыткай за час праўлення Лукашэнкі за кошт блізкасці да яго і ягонага атачэння. Да прыкладу, пад эканамічнымі прывілеямі мы разумеем доступ у прыярытэтным парадку да льготных дзяржаўных крэдытаў і субсідый, падатковых і мытных ільготаў, дзяржаўных замоваў і выключных правоў на экспарт і імпарт тавараў. Гэтыя прывілеі ўключаюць і ўдзел ва ўнікальных і высокапрыбытковых праектах у партнёрстве з дзяржавай, кропкавую прыватызацыю прадпрыемстваў, набыццё нерухомасці альбо арэнду зямельных участкаў без таргоў.
У раздзеле «Абмежаванні» пазначаныя санкцыі і крымінальныя справы, з якімі сутыкнуліся фаварыт ці фаварытка.
Гэтая база створаная для журналістаў, дыпламатаў, даследчыкаў, аналітыкаў і ўсіх тых, хто цікавіцца тым, як уладкаваная ўлада ў Беларусі.
Інфармацыя ў базе «Фаварыты» актуальная на момант публікацыі – лістапад 2026 года.
