Фабрыка рабоў
Хто ж не марыць ззяць талентам у святле рампаў і сафітаў, купацца ў авацыях і захапленні ўдзячнага гледача, раздаваць аўтографы і інтэрв’ю? Усе гэтыя летуценні сталі явай для фіналістаў першага сезона беларускага тэлешоу «Х-фактар».
Аднак «Бюро» высветліла, што ролі маладым зоркам дасталіся на падмостках дзяржаўнага «прыгоннага тэатра» і зусім ужо не на казачных умовах – за кадрам поспеху маладых артыстаў хаваюцца кабальныя кантракты і рабскія ўмовы працы. Сёння мы раскажам, як «Белтэлерадыёкампанія» патраціла каля мільёна еўра з дзяржбюджэту на стварэнне новых зорак эстрады. І як так выйшла, што зарабляе на маладых выканаўцах не дзяржава, а прыватны прадзюсарскі цэнтр, звязаны з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.
КРУТА ТЫ ПАПАЎ НА ТВ!
У кастрычніку 2021 года «Белтэлерадыёкампанія» запусціла музычнае тэлешоу «Х-фактар».

Зорнае журы на здымках «Х-фактару». Крыніца: sb.by
Вытворчасць маштабнага рэаліці каштавала медыяхолдынгу кругленькай сумы – рабілі ўсё з размахам і шыкам.
«Бюро» «падбіла каштарыс» па тэндарных закупках «Белтэлерадыёкампаніі». Паводле мінімальных падлікаў, у «Х-фактар» бухнулі амаль 900 тысяч еўра бюджэтных сродкаў. З кішэняў беларусаў былі аплачаныя: афармленне пляцовак для здымак (дэкарацыі, святло і гук), абсталяванне грымёрак, правы на выкарыстанне аўтарскіх кампазіцый, здымачная апаратура, паслугі рэжысёраў, харэографаў, сцэнарыстаў, вядоўцы, фатографа, стылістаў, мастакоў-дэкаратараў, рэпетытараў па вакале і нават спецыяліста па маніторынгу псіхалагічнага стану канкурсантаў. Гэтымі ж сродкамі разлічваліся і за постпрадукцыю: мантаж, агучванне, камп’ютарная графіка і паслугі па прасоўванні ў сацыяльных сетках.
У працэсе шоу журы адабрала топ-14 удзельнікаў, якім выставілі цікавыя ўмовы для далейшага супрацоўніцтва з дзяржхолдынгам.
У рэдакцыю «Бюро» трапіў эксклюзіўны дакумент – дадатковае пагадненне да дагавора паміж топавымі ўдзельнікамі «Х-фактару» і «Белтэлерадыёкампаніяй».
У асноўным дадатковае пагадненне апісвае іх далейшы лёс пасля заканчэння праекта. Напрыклад, цэлыя два гады канкурсант не мае права адмаўляцца ад «сацнагрузкі» медыяхолдынга, то бок бясплатнага ўдзелу ў любых мерапрыемствах, у тым ліку рэкламных кампаніях і спонсарскіх інтэграцыях. Акрамя таго, без ухвалы «Белтэлерадыёкампаніі» артыст не можа выступаць, даваць інтэрв’ю і праяўляць грамадзянскую актыўнасць – грамадскія і палітычныя мерапрыемствы, а таксама мітынгі і акцыі пратэсту пад строгай забаронай – іначай штраф 1000 базавых велічынь (каля 11,6 тысячы еўра па курсе на момант падпісання).
«Бюро» спытала музычнага журналіста Аляксандра Чарнуху, навошта, на яго думку, маладыя таленты бяруць удзел у дзяржаўных музычных рэаліці:
«У Беларусі цяпер не так шмат магчымасцяў для моладзі. І калі з’яўляецца хаця б нейкая плюс-мінус рэальная перспектыва дзесьці сябе паказаць, праявіць, заняцца творчасцю – яна [моладзь], вядома, пабяжыць гэты шанц скарыстоўваць. Натуральна, што, у сваю чаргу, беларуская дзяржава выкарыстоўвае [музычныя рэаліці-шоу], бо ім трэба шукаць дзесьці [новых артыстаў] – а гэта ахоп ва ўсёй краіне: звышэфектыўны і звышпаспяховы».
Адметна і тое, што гэтым дакументам фіналістаў фактычна перадаюць прыватнай прадзюсарскай фірме – без конкурсу і без тэндара. Хаця «Белтэлерадыёкампанія» падкрэслівае: медыяхолдынг за свой кошт, то бок за бюджэтныя грошы, «стварыў арыгінальны вобраз, імідж і рэпутацыю, удасканаліў майстэрства і артыстызм удзельніка, якія прывядуць да росту яго прафесійнай запатрабаванасці». Відавочна, што ў перспектыве гэтыя ўкладанні могуць і павінны манетызавацца. Вось толькі даход ад артыстаў, на раскручванне якіх падаткаплатнікі скінуліся рублём, будзе атрымліваць чамусьці не дзяржава, і нават не «Белтэлерадыёкампанія», а прыватны прадзюсарскі цэнтр, з якім праўладны медыяхолдынг запатрабаваў ад фіналістаў падпісаць эксклюзіўны кантракт:
«Падпісаць з прадзюсарскай кампаніяй, згаданай Ліцэнзіятам [«Белтэлерадыёкампаніяй»], эксклюзіўны агенцкі дагавор, а таксама дагавор аб адчужэнні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці на ўмовах, прапанаваных прадзюсарскай кампаніяй, і ў тэрміны, пазначаныя Ліцэнзіятам. Адмова Ліцэнзіяра [удзельніка шоу «Х-фактар»] ад падпісання дагавора(-ў) можа з’яўляцца падставай для адхілення ад удзелу ў праекце», – так выглядае адзін з пунктаў дадатковага пагаднення з «Белтэлерадыёкампаніяй».
«Бюро» папрасіла пракаментаваць гэтае палажэнне дадатковага пагаднення вядомую адвакатку Марыю Колесаву-Гудзіліну, якая працавала ў тым ліку і з зоркамі шоу-бізнэсу:
«Гэта дакладна парушэнне свабоды дагавору і Грамадзянскага кодэкса. Артыст знаходзіцца ў такіх умовах, у якіх у яго выбар не асабліва ёсць. Ніхто не можа быць прымушаны да падпісання дагавора – гэта прадугледжана ў Грамадзянскім кодэксе і ў прынцыпах дагаворнага права. З пункту погляду любога пагаднення павінна быць раўнапраўе бакоў, а тут яго не назіраецца. Ну, то бок, гэта такі фармальны шантаж».
Каго праўладны холдынг прызначыў у якасці прадзюсарскай кампаніі, расказаў Іван Эйсмант – прадзюсар «Х-фактару» і па сумяшчальніцтве старшыня «Белтэлерадыёкампаніі»:
«Калі мы рабілі «Фактар.BY», першапачатковай задачай было стварэнне прадзюсарскай кампаніі ўнутры «Белтэлерадыёкампаніі». Але гэта вельмі вялікая праца, і мы знайшлі прыватнага інвестара. Была створаная «Першая прадзюсарская кампанія», якая займаецца сёння прадзюсаваннем гэтых артыстаў. Нашай задачай было не проста стварыць тэлевізійны праект, а зрабіць унёсак у развіццё беларускага шоу-бізнэсу».

Прадзюсары шоу «Х-фактар». Злева направа: Вольга Саламаха, Іван Эйсмант, Вольга Шлягер, Глеб Шульман. Крыніца: facebook.com/XFactorBelarus
У сваю чаргу, «Першая прадзюсарская кампанія» прапанавала падпісаць усім фіналістам «Х-фактару» дамову пра супрацоўніцтва. Сёння мы раскажам, на якіх менавіта ўмовах працуе гэты «лялечны тэатр Карабаса-Барабаса».
ПТАШКІ Ў КЛЕТЦЫ
Адразу дзве крыніцы, звязаныя з шоу, пацвердзілі нам, што дакумент удзельнікам на подпіс прапаноўвалі менавіта ў такім выглядзе.
Умовы для будучых зорак беларускай эстрады прапісалі напраўду рабскія!
Згодна з дагаворам, прадзюсар атрымлівае абсалютную ўладу над сваімі падапечнымі. Ён мае поўнае права без узгаднення з артыстам: весці ад ягонага імя перамовы і складаць камерцыйныя ўгоды (у тым ліку і з дзяржаўнымі органамі), вызначаць на свой одум час правядзення мерапрыемстваў (у тым ліку і рэкламных) і суму ганарару, вядома. У сваю чаргу, артыст не можа адмовіцца ад дамоўленасцяў прадзюсара, калі яго, напрыклад, не задаволіць памер узнагароджання або фармат мерапрыемства.
Акрамя таго, новыя зоркі павінны перадаць усе свае логіны і паролі ад асабістых сацсетак і электронных скрыняў у карыстанне прадзюсару або вызначанай ім асобе.
Яшчэ адзін цікавы прадмет дамовы: прадзюсар на сваю думку і без ведама артыста можа яго «перапрадаць» іншаму прадзюсару або кампаніі.
Правоў у артыста, зыходзячы з гэтага кантракта, па сутнасці і няма. Пасля падпісання дакумента ён нават скасаваць яго не можа, пакуль не выйдзе двухгадовы тэрмін дзеяння. Пасля дагавор штогод будзе працягвацца аўтаматычна – «саскочыць» артыст можа, толькі як пройдуць два гады, калі ён папярэдне праінфармуе (не менш як за 35 дзён) прадзюсара. Скасаваў датэрмінова – штраф у памеры ўсяго гадавога даходу выканаўцы. Больш за тое, калі артыст будзе хварэць болей за два дні, пойдзе ў дародавы і пасляродавы адпачынак або проста не будзе выступаць больш за два тыдні (хаця за гэта нясе адказнасць прадзюсар) – тэрмін «прыгону» аўтаматычна працягваецца на час «прастою».
«Гэта ўвогуле ўсё вельмі дзіўна, таму што права на адпачынак і працу прадугледжанае ў нас Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Таму гэта не павінна лічыцца абавязковай умовай для таго, каб працягваць [кантракт] проста таму, што там нехта хварэў – гэта абсалютны нонсэнс нейкі», – патлумачыла «Бюро» адвакатка Колесава-Гудзіліна.
Канцэртаваць дзесьці дадаткова без ведама «Першай прадзюсарскай кампаніі» – нельга, раскрываць умовы дагавора і інфармацыю пра прадзюсараў і супрацоўнікаў – нельга. За любое парушэнне дагавора прадугледжаны штраф.
Затое абавязкаў у новаспечаных зорак хоць дарма аддавай! Безадмоўна падпарадкоўвацца і рабіць усё, што загадае прадзюсар, – згодна з дамовай ён цар і бог.
«Гэта класічная ўсходнееўрапейская кабала. Дзяржаве і прадзюсарскім цэнтрам патрэбныя максімальна паслухмяныя і прадказальныя артысты. Як гэта забяспечыць? Толькі татальны кантроль праз такія нечалавечыя ўмовы кантракта», – лічыць музычны журналіст Аляксандр Чарнуха.
Здавалася б, больш кабальнага кантракта ўжо і быць не можа – але можа. Асобнай увагі заслугоўвае блок «фінансавыя ўмовы».
«Бакі пагадзіліся, што Агенцкае Узнагароджанне, якое належыць Прадзюсару, будзе складаць 90% (дзевяноста працэнтаў) ад Даходу (пасля выліку Расходаў). Кошт Работ Артыста згодна з Дагаворам складае 29,00 (дваццаць дзевяць) беларускіх рублёў за месяц. Памер узнагароджання згодна з Дагаворам, які падлягае выплаце Падрадчыку, вызначаецца за вылікам падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў і складае 24,94 (дваццаць чатыры рублі 94 капейкі) беларускага рубля».
Атрымліваецца, штомесячная фіксаваная зарплата кожнага артыста пасля выліку падаткаў і збораў складзе каля 25 беларускіх рублёў! Звыш таго, за кожны выступ выканаўцу належыць ганарар. Але з яго прадзюсар спачатку вылічыць расходы: праезд, рэквізіт, пражыванне і харчаванне, арэнда канцэртнай пляцоўкі, сцэнічныя касцюмы, расходы на рэкламу – усе гэтыя прыемнасці, згодна з кантрактам, менавіта за кошт артыста, калі іх адмовіцца пакрываць арганізатар мерапрыемства. З рэшты ганарару прадзюсар утрымае 90% на аплату сваіх уласных паслуг, і ўсё, што застанецца, – гэта і ёсць аплата выканаўцу за выступ.
«Я бачыла кантракты 50/50, бачыла 60/40 і 70/30. 90/10 – такога я ўвогуле ніколі не бачыла! Гэта дакладна кабальная ўгода», – пракаментавала адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.
Праўда, наколькі правільныя падлікі прадзюсара і на якую суму ўвогуле былі складзеныя ўгоды з арганізатарамі мерапрыемстваў, артыст, вядома ж, не даведаецца. Таму што паводле кантракта прадзюсар даваць справаздачу музыку, колькі ён там на ім зарабіў, можа ў вольнай форме і без дэманстрацыі чэкаў і дамоваў.
Вось як асвятляў у інтэрв’ю «Белтэлерадыёкампаніі» камерцыйныя ўзаемадачыненні з узятымі пад апеку артыстамі сам прадзюсар «Першай прадзюсарскай кампаніі»:
«У нас [у «Першай прадзюсарскай кампаніі»] бацькоўская дыктатура. Калі бацька сказаў – вось так і робім. Я тлумачу артыстам: каб быць шчаслівым, вам не абавязкова патрэбныя мільярды. У мяне такая ёсць тэорыя, што ўсё ў свеце гарманізавана. Калі ў цябе нечага багата, то, адпаведна, дзесьці ў цябе нечага мала – напрыклад, сямейнага шчасця, здароўя. То бок ты ўсё адно нечым плаціш за штосьці. І як бы даводжу ім гэтую думку, яны, у прынцыпе, ужо ў гэта вераць».
Як мінімум 7 фіналістаў «Х-фактару» ў 2021 годзе маглі падпісаць гэты прадзюсарскі дагавор менавіта на такіх фінансавых умовах: Насця Краўчанка, Мікіта Бялько, Ніколь Фургал, Андрэй Панісаў, Вікторыя Паплеўчанкава, Карына Ерафеева і Марына Бараноўская.

На гэта паказвае калькуляцыя «брудных» даходаў гэтых артыстаў, пададзеных за іх у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) «Першай прадзюсарскай кампаніяй».
«Што да логікі гэтых артыстаў, то ў іх выбар такі: нічога або 10%. У іх няма сваёй рэальнай аўдыторыі – ім забяспечвае гэтую аўдыторыю менавіта прадзюсарская кампанія. І вось таму яны пагаджаюцца на гэтыя ўмовы. Яны не думаюць пра тое, што могуць рабіць [грашовы] бонус – таму што яны не могуць», – лічыць музычны журналіст Аляксандр Чарнуха.
Такім чынам, мы высветлілі, што «Белтэлерадыёкампанія» выдаткавала без малога мільён еўра з грошай падаткаплатнікаў на стварэнне «Х-фактару» і будучых зорак эстрады. Праўда, сам дзяржаўны медыяхолдынг вырашыў чамусьці не «адбіваць інвестыцыі», а аддаць заробкі на маладых артыстах у распараджэнне нікому не вядомай, свежастворанай «Першай прадзюсарскай кампаніі». Прадакшэн дзякуючы кабальнаму кантракту атрымаў у сваё поўнае распараджэнне маладых музыкаў – маўклівых і бяспраўных марыянетак, якіх толькі і застаецца, што торгаць за нітачкі, ну і атрымліваць за гэта залатыя манеты.
«Бюро» высветліла, хто гэты ўсемагутны «Карабас-Барабас» – як і колькі ён зарабляе на артыстах.
ЗАЛАТЫ КЛЮЧЫК
«Першая прадзюсарская кампанія» без працы і авацый сваіх «марыянетак» не пакінула. А ўсё таму, што кіраўніцтва бяспраўнай трупы карыстаецца аўтарытэтам і даверам не толькі ў кіраўніцтва «Белтэлерадыёкампаніі», але і ў членаў сям’і Лукашэнкі.
Так, Сялук паклала на стол «Першай прадзюсарскай кампаніі» адзін з першых сваіх «несмяротных» твораў – кампазіцыю «Што ты зрабіў для радзімы?». «Крык душы раённага метадыста» загучаў галасамі фіналістаў «Х-фактару»: Насці Краўчанкі і Мікіты Бялько.
З тых часоў Краўчанка і Бялько – жаданыя артысты на праўладных мерапрыемствах і галасамі падтрымліваюць шэраг Ганны Лукашэнкі і яе світы.

Насця Краўчанка на «Марафоне адзінства». Крыніца: інстаграм-акаўнт @komariki_press
«Быць блізкім да ўлады – гэта пэўныя магчымасці. Гэта самы просты шлях да «поспеху»: «шанец у жыцці», «шчаслівы білет». З пункту погляду падлетка, які яшчэ не ўпэўнены ў сабе, яшчэ не ведае, як працуе гэты свет, і не можа на сябе ўзяць адказнасць, каб проста ісці сваёй дарогай, [супрацоўніцтва з дзяржавай] – гэта самая простая і зразумелая сістэма каардынат», – лічыць Аляксандр Чарнуха.
Абслугоўванне інтарэсаў дзяржпрапаганды і бізнэсу сям’і кіраўніка Беларусі канвертавалася не толькі ў лакальную папулярнасць (чаго ўжо там), але і ў цалкам рэальныя грошы на рахунках «Першай прадзюсарскай кампаніі» – само сабой, пераважна з бюджэтных сродкаў.
«Мне падаецца, што Лукашэнка адчувае, што [падкантрольны шоу-бізнэс] – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Праўладны наратыў у папулярнай музыцы існаваў і да гэтага, проста цяпер [айчынны шоу-бізнэс] вырашылі зрабіць у выглядзе нейкіх «прафесійных» аб’яднанняў. Але вялікія грошы дзяржава не хоча выдаткоўваць, таму лепіць з таго, што ёсць, – выкарыстоўвае ноўнэймаў і раскручвае іх. І спецыялісты адпаведныя – свае дамарослыя прадзюсары так званыя. Увесь гэты прыдворны беларускі шоу-бізнэс існуе для абслугоўвання карпаратыўных інтарэсаў», – пракаментаваў «Бюро» музычны журналіст Аляксандр Чарнуха.
Дзеля справядлівасці, аднак, варта зазначыць, што з улікам росту пазнавальнасці і «запатрабаванасці» некаторых выхаванцаў «Першай прадзюсарскай кампаніі» прыстойныя ганарары з канцэртнай дзейнасці, звыш акладу ў 29 рублёў, ім цяпер усё-ткі дастаюцца.
Напрыклад, Насця Краўчанка за 9 месяцаў 2024 года сумарна зарабіла без малога 49 тысяч беларускіх рублёў брута, Мікіта Бялько – амаль 35 тысяч да выліку падаткаў і ФСАН, Марына Бараноўская – амаль 31,5 тысячы «бруднымі».
У тых артыстаў, хто, імаверна, перыядычна не выступаў, ва ФСАН на 2024 год усё яшчэ фігуравалі памянёныя 29 рублёў, што можа сведчыць аб пралангацыі кантракта менавіта на тых жа фінансавых умовах, якія былі прапанаваныя ў 2021 годзе пасля заканчэння «Х-фактару».
Па просьбе «Бюро» адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна прааналізавала праекты дадатковага пагаднення і прадзюсарскага дагавора і вынесла несуцяшальны для «Першай прадзюсарскай кампаніі» вердыкт: дакументы складзеныя з масай парушэнняў грамадзянска-прававога і працоўнага заканадаўства:
«Я думаю, што тут дакладна ёсць парушэнні артыкулаў 9 і 10 Грамадзянскага кодэкса – гэта злоўжыванне правам і прымус да дагавора. Тут дакладна ёсць парушэнні артыкулаў 180 і 390 Грамадзянскага кодэкса, якія гавораць пра кабальнасць угоды. Што да працоўнага заканадаўства, раз тут ёсць нейкая падпарадкаванасць і гэтак далей: у заканадаўстве непасрэдна сказана пра тое, што павінен быць складзены належны працоўны дагавор – гэта [парушаны] 59-ты артыкул Працоўнага кодэкса. А яшчэ не павінна быць заніжэння працоўнай заработнай платы, і гэта парушэнне 61-га артыкула. І не можа нічога ўтрымлівацца [у выглядзе штрафаў] паводле меркавання, калі гэта працоўнае заканадаўства наймальніка – [парушаныя] 75-ты і 77-мы артыкулы».
А ТЫ ПРАЎДА ПРАДЗЮСАР?
І ўсё ж: за якія такія заслугі менавіта «Першай прадзюсарскай кампаніі» «Белтэлерадыёкампанія» аддала свае «галасы»? Чаму менавіта гэтай фірме дазволілі працаваць з людзьмі на ўмовах, якія парушаюць грамадзянска-прававое і працоўнае заканадаўства? І чаму менавіта гэтую кампанію адзначыла нявестка Лукашэнкі?
У пошуку адказаў на ўсе гэтыя пытанні мы вывучылі асобы ўладальнікаў «Першай прадзюсарскай кампаніі». Фірма была зарэгістраваная 15 кастрычніка 2021 года двума беларусамі: Дзмітрыем Ракусавым і Сяргеем Рогачам.
Апошні таксама ўзяў на сябе функцыю кіраўніцтва кампаніяй і ролю публічнага прадзюсара выпускнікоў «Х-фактару». Праўда, сваё сапраўднае прозвішча ён чамусьці лічыць за лепшае не «свяціць» і называе сябе ў сацсетках – Мінскі.

Сяргей Рогач (Мінскі). Крыніца: sb.by
На мяжы стагоддзяў Мінскі быў вядомы як беларускі эстрадны выканаўца. Зорка ягонай вакальнай кар’еры загарэлася ў 1998 годзе на «Славянскім базары» і, мяркуючы па ўсім, імкліва пагасла – няздзейснены спявак падаўся ў прадзюсары.
Праўда, паводле дадзеных «Кіберпартызан», кар’ерны шлях Мінскага-Рогача больш быў звязаны са спортам. З 2011 па 2014 год ён працаваў у «Прэзідэнцкім спартовым клубе», нязменным старшынём якога з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка – сярэдні сын нашага «нацыянальнага лідара» і па сумяшчальніцтве муж Ганны Лукашэнкі-Сялук.
З 2013 па 2014 год Рогач працаваў у футбольным клубе «Мінск», а з 2014 па 2015-ты – у веласіпедным клубе «Мінск».
У 2018 годзе Сяргей Рогач разам з жонкай і партнёрамі адкрыў івэнт-агенцтва «Ружовая зебра» – на пару з жонкай Таццянай у іх ва ўласнасці 50% фірмы ў роўных долях. Кампанія займалася арганізацыяй у тым ліку і спартовых праўладных мерапрыемстваў.
З 2018 па 2020 год менавіта агенцтва сям’і будучага саўладальніка «Першай прадзюсарскай кампаніі» праводзіла міжнародны калядны турнір па хакеі на прызы Лукашэнкі. У межах гэтага турніру на лёд звычайна выходзіць і сам «хакеіст №1». Суарганізатар спаборніцтва – «Прэзідэнцкі спартовы клуб». У 2022 годзе «Ружовая зебра» адзначылася на кубку пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, прысвечаным Дню Расіі.
У скарбонцы праектаў фірмы Рогача ёсць і спартовыя мерапрыемствы пад патранажам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), які кантралюе Віктар Лукашэнка. У 2019 годзе івэнт-агенцтва арганізоўвала святкаванне Міжнароднага алімпійскага дня.
Акрамя таго, прадзюсар актыўна супрацоўнічаў з федэрацыяй веласпорту. «Ружовай зебры» даверылі арганізацыю кубка свету па веласіпедным спорце ў 2018, 2019 і 2020 гадах, гран-пры Мінска на трэку, прымеркаваным да II Еўрапейскіх гульняў, і сямейны велафестываль «Першы ровар».
Чорная паласа напаткала «Ружовую зебру» ў 2024 годзе, калі па даносе прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай ГУБАЗіК затрымаў аднаго з сузаснавальнікаў агенцтва за ўдзел у пратэстах. Пасля гэтага інцыдэнту фірму Рогача ўключылі ў рэестр нядобрасумленных пастаўшчыкоў і выключылі з рэестра «добранадзейных» арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў Мінкультуры. Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, на новым бізнэсе Рогача гэты «накат» ніяк не адбіўся.
У 2022 годзе выручка «Ружовай зебры» склала амаль 1,3 мільёна беларускіх рублёў, а чысты прыбытак – амаль паўмільёна, або каля 170 тысяч еўра. У 2024 годзе івэнт-агенцтва паспела выручыць больш за мільён, але скончыла фінансавы год з адмоўным балансам.
У якасці аднаго з прадзюсараў фіналістаў «Х-фактару» Сяргей Рогач мог быць абраны не выпадкова. Акрамя шырокіх працоўных сувязяў з братамі Лукашэнкамі мы знайшлі і нітачку, якая вядзе да самога рэаліці.
З праекта дадатковага пагаднення «Белтэлерадыёкампаніі» мы даведаліся, што ў шоу быў сцэнар, якога канкурсанты абавязаныя былі прытрымлівацца няўхільна – нават «уласныя» выказванні і дыялогі з журы прапісалі загадзя. «Бюро» знайшло тэндар на закупку гэтай паслугі – аўтарам 16 сцэнарыяў у камедыйным (!) жанры быў Сяргей Рогач. За гэтую працу ён атрымаў 24 тысячы беларускіх рублёў з дзяржаўнай казны.
Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Сяргею Рогачу і спытаў, чаму ён забірае сабе 90% ад ганарараў сваіх артыстаў. Рогач адказаў, што «не разумее пытання», і прапанаваў «перапісвацца ў Telegram». Мы накіравалі яму пытанні і чакаем яго каментара.
ЗАЕЧЫЯ ВУШЫ
Партнёр Сяргея Рогача – персона менш публічная. Дзмітрыю Ракусаву 40 гадоў і ён патомны сілавік.

Дзмітрый Ракусаў. Крыніца: dynamo-brest.by
Вось што ён сам пра сябе расказваў у 2019 годзе ў інтэрв’ю выданню Citydog:
«Я з сям’і афіцэраў: бацька – генерал (бацька Дзмітрыя Ракусава – Аляксандр Ракусаў – экс-кіраўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці – заўв. «Бюро»), дзядуля і прадзед таксама служылі, так што з такой дынастыяй мая будучыня, ясная рэч, была перадвызначаная. Ад самага дзяцінства ў мяне былі фота з фуражкамі, наручнікамі і партупеямі – наогул, поўнае садамаза. І тое, што я буду паступаць у Акадэмію МУС, таксама не абмяркоўвалася. Я адслужыў 10 гадоў у органах унутраных спраў, а потым вырашыў змяніць сферу дзейнасці».
Паводле слоў Дзмітрыя Ракусава, з МУС ён пайшоў у прыватны бізнэс – стаў кіраўніком філіяла ў буйной гуртовай кампаніі па продажы фруктаў і гародніны, а потым перайшоў у іншы холдынг. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што з сілавога ведамства Ракусаў пайшоў працаваць у магілёўскую фірму «Фруктэст», а пасля стаў супрацоўнікам групы кампаній «Сохра», якой тады асабіста валодаў «кашалёк» Лукашэнкі, бізнэсовец Аляксандр Зайцаў.

Дзмітрый Ракусаў. Крыніца: інстаграм-акаўнт Дзмітрыя Ракусава
У 2018 годзе Ракусаў даваў і каментары СМІ як прадстаўнік «Сохры».
З 2020 па 2021 год Ракусаў быў дырэктарам «Кайрас Спорт». У свой час гэтая кампанія валодала «нацыянальным брэндам спартовага адзення» Iros – у форме менавіта гэтай маркі беларуская алімпійская зборная выступала на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў 2022 годзе.
У лютым 2023 года ў сталічным гандлёвым цэнтры «Замак» адбылося адкрыццё першай фірмовай крамы брэнда. У СМІ тады здзіўляліся, што на ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічаў Віктар Лукашэнка. «Бюро» высветліла, што старэйшы сын Лукашэнкі на адкрыцці гандлёвага пункту прысутнічаў зусім не выпадкова. Ён не толькі кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), але і, па сутнасці, уласнік брэнда Iros – з 2020 па 2024 год НАК быў уладальнікам «Кайрас Спорт». Сам таварны знак Iros пасля перарэгістравалі, і цяпер да 2030 года ён з’яўляецца маёмасцю НАК.
Да 2022 года партнёрамі «Кайрас Спорт» па «нацыянальным» бізнэсе былі зайцаўская «Рух спорт менеджмент» і «Дана Астра» – будаўнічы актыў сербскіх бізнэсоўцаў, братоў Карычаў, якім асабіста Лукашэнка выдзеліў пад забудову самыя панадныя кавалкі Мінска на льготных умовах.
Колькі НАК, яго старшыня і бізнэс-партнёры ў свой час зарабілі на «нацыянальным брэндзе», застаецца толькі здагадвацца. Бухгалтэрыя «Кайрас Спорт», згодна з пастановай Савета міністраў РБ, засакрэчаная як падатковая таямніца.
Аднак продажам спартовага адзення сувязі Дзмітрыя Ракусава і старшага сына Лукашэнкі не абмяжоўваюцца. У 2019 годзе Ракусаў, паводле звестак «Кіберпартызан», значыўся ў спартовым грамадскім аб’яднанні «Хакейны клуб «Бастыён». За гэтую каманду гуляюць зводныя браты Віктар і Мікалай Лукашэнкі. Акрамя таго, у інстаграм-акаўнце Ракусава мы знайшлі сумеснае фота з Віктарам Лукашэнкам у аўтфіце байкерскага клуба HOG Minsk Chapter, які ўваходзіць у Harley-Davidson Owners Group Minsk Chapter – галоўнае падраздзяленне ў Беларусі.

Справа налева: Віктар Лукашэнка і Дзмітрый Ракусаў. Крыніца: інстаграм-акаўнт Дзмітрыя Ракусава
У сябрах клуба на афіцыйным сайце пазначаны клуб Iron Birds Chapter, сярод заснавальнікаў якога сын генпракурора РФ Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка.
Атрымліваецца, са старэйшым сынам Лукашэнкі Дзмітрыя Ракусава аб’ядноўваюць не толькі бізнэс-інтарэсы, але і агульнае хобі. Нагадаем, звязаны са старэйшым сынам Лукашэнкі і экс-бос Дзмітрыя Ракусава – Аляксандр Зайцаў. Яшчэ ў нулявых ён быў памочнікам Віктара Лукашэнкі ў дзяржсакратарыяце Савета бяспекі, за што і трапіў у 2021 годзе пад санкцыі ЕС.
Як і Сяргей Рогач, Ракусаў, мяркуючы па ўсім, таксама меў дачыненне да «Х-фактару» яшчэ на этапе яго стварэння.
На адным з тэлевізійных рэаліці мужчына з’явіўся на сцэне і выказаў жаданне выканаць песню. Зорнае журы, паводле сцэнарыя Рогача ў камедыйным (!) жанры, пачало падкрэслена «здзіўляцца» – як жа так? Яснасць у сітуацыю ўнесла сваім каментарам член журы – Вольга Бузава:
«Гэта Дзіма. Мы [журы] яго ўсе ведаем. Я пазнаёмілася з Дзімам, як толькі прыехала ў Мінск. І ў нас была першая карпаратыўная сустрэча з усім кіраўніцтвам. І мы, вось, знаёміліся адзін з адным».
Рэдакцыя «Бюро» не змагла дазваніцца да Дзмітрыя Ракусава.
УТОЕНЫЯ ДАХОДЫ
Мяркуючы па гадавой бухгалтарскай справаздачнасці, бізнэс у «Першай прадзюсарскай кампаніі» ідзе поўным ходам – паводле папер, усё па «класіцы поспеху». У 2022 годзе выручка кампаніі склала амаль 400 тысяч беларускіх рублёў. У 2023 годзе яна скокнула амаль да 2,1 мільёна (без малога 645 тысяч еўра), а ў 2024 годзе склала больш за 2 мільёны (больш за 580 тысяч еўра).
Аднак за чатыры гады існавання прадзюсарскага цэнтра прыбытку ў яго не назіраецца. Кампанія то стратная, то ледзьве дыхае. 2022 год «Першая прадзюсарская кампанія» скончыла з мінусам у 46 тысяч беларускіх рублёў. У 2023 годзе чысты прыбытак склаў усяго 25 тысяч, а за 2024 год у кампаніі адмоўны баланс на 300 з лішкам тысяч. Заробленае ж нібыта «растае ў бухгалтарскім тумане» па артыкуле «набыццё: тавараў, работ і паслуг».
Мы спыталі ў адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, як і куды могуць выводзіцца грошы з балансу «Першай прадзюсарскай кампаніі»:
«Напрыклад, у юрыдычнай асобы ёсць заснавальнікі і/або работнікі. І з гэтымі ж заснавальнікамі/работнікамі, толькі ў форме, напрыклад, індывідуальных прадпрымальнікаў або іншых ТАА, складаюцца пагадненні для нейкіх тыпу невядомых паслуг, кансалтынгавых, напрыклад, што часцей за ўсё бывае – гэта вывад грошай з юрыдычнай асобы. Можа быць так, што яны іх проста пераводзяць у гатоўку ўсякімі паслугамі».
«Бюро» валодае таксама звесткамі пра адлічэнні ў ФСАН Дзмітрыя Ракусава і Сяргея Рогача. З іх вынікае, што ўладальнікі «Першай прадзюсарскай кампаніі» сапраўдныя бяссрэбранікі – працуюць за ідэю!
Згодна з ФСАН, Ракусаў нібыта працуе ў «Першай прадзюсарскай кампаніі» на валанцёрскіх пачатках – за ўвесь час існавання фірмы ён не атрымаў ад яе ні капейкі даходу.
Можа быць, тады прыстойная зарплата ў публічнага прадзюсара Рогача? Таксама не. У 2021 годзе яго «брудны» аклад складаў 228 беларускіх рублёў У 2022-м ён павысіў сабе заработную плату да 258 рублёў. 2023 і 2024 гады – штомесячны даход брута вагаецца ўжо ў прамежку ад 298 да 358 рублёў. За чатыры гады існавання прадакшэна Рогач зарабіў сумарна без малога ўсяго 10 тысяч беларускіх рублёў брута.
Але як так можа быць, што ў прадакшэна з мільённымі абаротамі, які забірае сабе 90% даходу ад канцэртнай дзейнасці, уласнікі за месяц нават «мінімалку» не зарабляюць? Сваю версію, чаму не ўсе асабістыя даходы ўладальнікаў «Першай прадзюсарскай кампаніі» могуць быць адлюстраваныя ў ФСАН, прапанавала адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна:
«У яго можа быць такі аклад, а ў ІП зусім іншы заробак. Калі ты [юрыдычная асоба] з ІП складаеш пагадненне, то часцей за ўсё дамаўляешся, што ІП сам аплачвае свае ўнёскі. ФСАН – гэта не Еўропа, дзе ты робіш адлічэнні зыходзячы з даходу. Думаю, што ён у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва аплачвае які-небудзь мінімум, які плацяць усе».
Такім чынам, мы высветлілі, што дзяржава ў асобе «Белтэлерадыёкампаніі» запаліла новых зорак айчыннай эстрады і патраціла на гэта мінімум без малога мільён еўра з кішэняў падаткаплатнікаў. Пры гэтым «адбіваць» бюджэтныя «інвестыцыі» праўладны медыяхолдынг чамусьці не захацеў і аддаў маладых выканаўцаў у прыватны «прыгонны тэатр» «Першай прадзюсарскай кампаніі», уладальнікі якога звязаныя з сям’ёй Лукашэнкі.
Абслугоўваць прапагандысцкія наратывы беларускіх уладаў на прадзяржаўных мерапрыемствах пагадзіліся далёка не ўсе топавыя ўдзельнікі «Х-фактару». А тыя, хто паддаліся спакусе славай, – спяваюць і скачуць на кабальных умовах, у процівагу нормам грамадзянска-прававога і працоўнага заканадаўства. Вось такі ён, суровы і бязлітасны свет беларускага «шоу-бізнэсу». «Галасы» народныя, а бізнэс «карагодны».

