Чыж Юрый Аляксандравіч
Дзейныя актывы: «Трайпл» (пасажырскія перавозкі); «Гандлёвы дом Прастор», «ПрасторКапітал» (рытэйл); «ТрайплФарм» (фармацэўтыка), «Данпрод» (вытворчасць мясных вырабаў).
Гістарычныя актывы: «Трайплэнерга», «Неанафта», «Белнафтагаз» (гандаль нафтапрадуктамі), «НафтаХімТрэйдзінг» (сетка АЗС), «Прастор-Трэйд», «Прастормаркет» (раздробны гандаль), Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, «КварцМелПрам» (вытворчасць будаўнічых матэрыялаў), «АкваТрайпл» (вытворчасць напояў), «Ракаўскі бровар» (рэстаранны бізнэс), «ТрайплАгра» (сельская гаспадарка), «Трайпл-Велес» (вытворчасць мясных вырабаў), футбольны клуб «Дынама-Мінск» (спорт), гарналыжны комплекс «Лагойск», фітнэс-клуб, салон прыгажосці і спа EVO, турыстычны комплекс «Наш родны кут Сабалі» (адпачынак і турызм).
Сувязі: Аляксандр Лукашэнка (заступнік), Сяргей Чыж (сын), Уладзімір Чыж (сын), Таццяна Чыж (дачка), Святлана Чыж (былая жонка), Наталля Несцяровіч (менеджарка), Уладзімір Япрынцаў (былы партнёр), Аляксей Алексін (былы партнёр), Вітольд Тамашэўскі (былы партнёр).
Бенефіты: Юрый Чыж трапіў у бізнэс-эліту ў 2002 годзе, калі ягоная група кампаній «Трайпл» атрымала доступ да нафтавага рынку, што азначала асаблівае стаўленне з боку беларускіх уладаў. У 2011 – 2012 гадах бізнэсовец і ягоныя партнёры рэалізавалі схему з перапродажам расійскіх нафтапрадуктаў у Еўропу пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, каб не плаціць пошліны ў расійскі бюджэт. Рээкспартная схема была рэалізаваная з ухвалы Аляксандра Лукашэнкі і прынесла яе вынаходнікам мільённыя прыбыткі.
Заробленыя на гандлі нафтапрадуктамі грошы Чыж і партнёры ўкладвалі ў розныя праекты. Некаторыя атрымалі падтрымку на самым высокім узроўні. Так, чыжоўскі «Трайпл» будаваў новае жыллё для беларускіх вайскоўцаў, а ўзамен атрымаў землі пад уласныя дывелаперскія праекты. Згодна з указам Лукашэнкі гэтыя землі дасталіся кампаніі без аўкцыёну разам з іншымі падатковымі і мытнымі льготамі. Іншы праект звязаны з будаўніцтвам элітнага комплексу з гатэлем «Кемпінскі» да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Указам Лукашэнкі забудоўшчыку выдзелілі зямлю пад праект без правядзення аўкцыёну, далі падатковыя і мытныя прэферэнцыі, а дзеля будоўлі знеслі будынак першай мінскай электрастанцыі, які быў гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Юрый Чыж з партнёрамі распрацоўваў Хаціслаўскае радовішча сілікатных пяскоў і мелу (Маларыцкі раён), якое далі ў карыстанне без таргоў разам з ільготамі на ўвоз тэхналагічнага абсталявання. «Трайпл» і партнёрскія арганізацыі таксама атрымалі ў арэнду больш як 300 гектараў зямлі на малой радзіме Чыжа для будаўніцтва этнаграфічнага комплексу «Мой родны кут Сабалі». Ураду даручылі спрыяць у рэалізацыі гэтага праекта. Акрамя гэтага, звязаная з Чыжамі кампанія «Данпрод» атрымала льготныя дзяржаўныя крэдыты на будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны ў Валожынскім раёне.
Многія з гэтых праектаў з часам праваліліся, а бізнэсовец, які карыстаўся даверам Лукашэнкі, страціў былы ўплыў і актывы. Гэта супала з санкцыямі супраць Чыжа і яго затрыманнем. Бізнэсовец здолеў захаваць у валоданні кампанію «Трайпл», якая распрадала частку актываў, каб не збанкрутаваць. Частку бізнэсаў Чыж перапісаў на дзяцей, калі яшчэ быў пад санкцыямі. Так, яго малодшы сын валодае заводам па выпуску антыбіётыкаў «ТрайплФарм». Гэта адзін з нямногіх бізнэсаў з былой імперыі Чыжа, які апошнімі гадамі рэгулярна генеруе мільённыя прыбыткі.
Абмежаванні: У 2012 годзе Юрый Чыж падпаў пад санкцыі Еўрасаюза. У абгрунтаванні гаварылася, што бізнэсовец аказвае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз сваю холдынгавую кампанію «Трайпл», якая вядзе актыўную дзейнасць у многіх сектарах эканомікі, у тым ліку дзякуючы дзяржаўнай замове і льготам ад рэжыму. Пад абмежаванні падпалі і некаторыя актывы Чыжа. Бізнэсовец абскардзіў рашэнне ЕС. У 2015 годзе санкцыі знялі.
У сакавіку 2016 года Чыжа затрымалі супрацоўнікі КДБ па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, але праз паўгода ён выйшаў на волю, часткова кампенсаваўшы ўрон. У сакавіку 2021 года Чыж быў зноў затрыманы. Яго абвінавачвалі ў махлярстве і адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам. Працэс быў закрытым. У лютым 2023 года яму далі тры з паловай гады калоніі. Ад адбыцця пакарання бізнэсоўца вызвалілі – ужылі амністыю і залічылі тэрмін утрымання пад вартай. У цэлым ён правёў за кратамі прыкладна два гады.
