Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
FAVORITY

Хто зарабляе на рэжыме

Нашыя сацсеткi

«Бюро» запускае базу беларускіх фаварытаў

Аўтары

За трыццаць гадоў праўлення Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ўтварылася кола людзей, якія ў той ці іншай ступені прыбліжаныя да дзейных уладаў. Сярод іх – мужчыны і жанчыны: чыноўнікі, сілавікі, бізнэсоўцы, грамадскія дзеячы і іншыя. За кошт доступу да Лукашэнкі і яго атачэння гэтыя людзі атрымліваюць пэўныя выгады для сябе і сваіх блізкіх. Гаворка ідзе не толькі пра непасрэднае абагачэнне, але і пра ўладу, уплыў, доступ да закрытых рэсурсаў, імунітэт ад адказнасці, а таксама перавагі для сваякоў, бізнэс-партнёраў і пратэжэ.

 

Для такой з’явы ёсць свая назва – фаварытызм. Гэта практыка, пры якой чалавек, які валодае ўладай або ўплывам, дае перавагі іншаму чалавеку не на падставе заслуг, лепшых якасцяў або досведу, а з-за асабістай сімпатыі, сваяцкіх сувязяў або блізкіх стасункаў. Фаварытызм часта носіць схаваны характар і падрывае празрыстасць, якая павінна быць часткай працэсаў размеркавання дзяржаўных рэсурсаў. Калі чалавек атрымлівае пасады, рэсурсы, ільготы дзякуючы сувязям, а не сваім заслугам, лепшым якасцям і досведу, якасць ягонай працы на карысць грамадства можа быць ніжэйшай.

 

«Бюро» запускае базу фаварытаў беларускага рэжыму. На першым этапе мы публікуем профілі 20 чалавек – членаў сям’і Лукашэнкі, сілавікоў, бізнэсоўцаў, грамадскіх дзеячаў. У далейшым база будзе папаўняцца.

 

Профіль фаварыта або фаварыткі ўтрымлівае некалькі раздзелаў. У біяграфічнай частцы прыведзеныя прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, адукацыя. Асноўная частка апісвае сферы дзейнасці, сувязі, актывы пратэжэ, а таксама атрыманыя бенефіты і абмежаванні, з якімі ён ці яна сутыкнуліся.

 

У раздзеле «Сувязі» названыя не толькі сваякі прыбліжанага чалавека, але і яго прыяцелі, партнёры па бізнэсе.

 

У раздзеле «Дзейныя актывы» мы назвалі актывы, якія належаць не толькі самім фаварыту або фаварытцы, але і іх давераным асобам – членам сям’і, менеджарам і іншым звязаным людзям. Пад «Гістарычнымі актывамі» мы разумеем актывы, якія належалі разгляданай персоне і яе давераным асобам.

 

У раздзеле «Бенефіты» мы пералічылі прывілеі, атрыманыя фаварытам або фаварыткай за час праўлення Лукашэнкі за кошт блізкасці да яго і ягонага атачэння. Да прыкладу, пад эканамічнымі прывілеямі мы разумеем доступ у прыярытэтным парадку да льготных дзяржаўных крэдытаў і субсідый, падатковых і мытных ільготаў, дзяржаўных замоваў і выключных правоў на экспарт і імпарт тавараў. Гэтыя прывілеі ўключаюць і ўдзел ва ўнікальных і высокапрыбытковых праектах у партнёрстве з дзяржавай, кропкавую прыватызацыю прадпрыемстваў, набыццё нерухомасці альбо арэнду зямельных участкаў без таргоў.

 

У раздзеле «Абмежаванні» пазначаныя санкцыі і крымінальныя справы, з якімі сутыкнуліся фаварыт ці фаварытка.

 

Гэтая база створаная для журналістаў, дыпламатаў, даследчыкаў, аналітыкаў і ўсіх тых, хто цікавіцца тым, як уладкаваная ўлада ў Беларусі.

 

Інфармацыя ў базе «Фаварыты» актуальная на момант публікацыі – лістапад 2026 года.

Даданні па тэме