Гуцарыеў Мікаіл (Міхаіл) Сафарбекавіч
Гістарычныя актывы: «Слаўнафтахім» (нафтатрэйдар), «Слаўкалій» (інвестпраект па вытворчасці калійных угнаенняў), Currency.com і Capital.com (крыптабіржа і фінансы), «Ю-буд» (будаўніцтва), «МПС-гатэль», «Сафмар Люкс-Гатэль»/«Маспрамбуд-Гатэль» (нерухомасць), «СертусАвія» (нерухомасць), «Гарызонты ведаў» (адукацыя).
Сувязі: Аляксандр Лукашэнка (заступнік), Саід Гуцарыеў (сын), Віктар Пракапеня (былы партнёр), Валерый Кірыенка (былы менеджар), Сяргей Мартынаў (былы дарадца), Ірына Абельская (былая партнёрка).
Бенефіты: У 2000-я гады ў якасці кіраўніка дзяржаўнай расійска-беларускай нафтагазавай кампаніі «Слаўнафта» здолеў завязаць блізкія асабістыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам і стаў для яго «Мішам».
Пасля гэтага нафтаздабыўная кампанія Гуцарыева «РуссНефть» атрымала прыярытэтную магчымасць паставак сваёй сыравіны на Мазырскі НПЗ і шмат гадоў была адным з ключавых удзельнікаў схемы па перапрацоўцы давальніцкай нафты на заводах Беларусі.
У 2011 годзе праз кампанію GMC Global Energy бізнэсовец пачаў будаўніцтва прыватнага калійнага горна-абагачальнага камбіната «Слаўкалій» на Старобінскім радовішчы калійных соляў. У 2020-х з-за санкцый бізнэсовец быў вымушаны замарозіць інвестыцыі ў праект, і той быў нацыяналізаваны беларускімі ўладамі.
У 2014 годзе Гуцарыеў адкрыў гатэль Renaissance Minsk. А ў канцы 2010-х выкупіў у Кіраўніцтва справамі прэзідэнта будынак гатэльнага комплексу пад Мінскам, які ператварыў у элітную рэзідэнцыю. Прыкладна ў той жа час структуры бізнэсоўца разгарнулі будаўніцтва прыватнай гімназіі для дзяцей беларускай эліты, уключаючы малодшага сына Лукашэнкі – Мікалая. Першапачаткова гімназія была запісаная на юрыдычную асобу «Гарызонты ведаў», яе заснавала Ірына Абельская (маці пазашлюбнага сына Лукашэнкі). У 2020 годзе і да сакавіка 2025 года элітная навучальная ўстанова знаходзілася ў валоданні структур расійскага мільярдэра Гуцарыева. У сакавіку 2025 года інфармацыя пра ўласнікаў гімназіі была засакрэчаная беларускімі ўладамі.
Абмежаванні: З чэрвеня 2021 года знаходзіўся пад санкцыямі Еўрасаюза, уведзенымі ў адказ на вымушаную пасадку авіялайнера Ryanair. У абгрунтаванні рашэння было пазначана, што «ён з’яўляецца даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі» і «дзякуючы гэтым сувязям намножыў значнае багацце і набыў уплыў у палітычных колах Беларусі». У кастрычніку 2026 года санкцыі былі знятыя. Бізнэсовец у межах судовага працэсу звяртаў увагу, што з чэрвеня 2022 года ён не мае ніякіх «дзелавых інтарэсаў» у Беларусі.
