Грандыёзныя планы Людмілы Няронскай
Беларуская макетная майстэрня апублікавала рэферэнсы вытворчых пляцовак кампаніі «Марскія сезоны». Запланавана, што ў рыбны холдынг сяброўкі сям’і Віктара Лукашэнкі – Людмілы Няронскай – увойдзе ажно 7 прадпрыемстваў.

Візуалізацыя будучага холдынга Людмілы Няронскай
На сёння працуе толькі адно – вытворчы комплекс па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў у Мінску, у прамвузле «Калядзічы». Другое рыбаперапрацоўчае прадпрыемства будуецца проста цяпер у СЭЗ «Віцебск». Запуск анансаваны на канец 2026 года.
У холдынг Няронскай таксама ўвойдзе комплекс па вытворчасці ўпакоўкі з гафраванага кардону «Сезон упакоўкі», якім бізнэс-лэдзі валодае сумесна з сынам Віктара Лукашэнкі – Аляксандрам Лукашэнкам – малодшым. Раней мы ўжо расказвалі, што прадпрыемства вырасце ў АЭЗ «Брэміна-Орша», а будаўніцтва будзе адбывацца за кошт дзяржкрэдыту.

Візуалізацыя завода «Сезон упакоўкі» ў Оршы
На апублікаваным рэферэнсе паказаныя яшчэ 4 прадпрыемствы. Так, Неронская плануе ўзвесці: транспартна-лагістычны комплекс у сталіцы, другі цэх рыбаперапрацоўчага прадпрыемства ў Віцебску пад брэндам «Марскія сезоны», а таксама два заводы пад брэндамі «Марская гавань» у Мінску і «БелМарэ Груп» у Магілёве.

Візуалізацыя завода «Марская гавань» у Мінску

Візуалізацыя завода «БелМарэ Груп» у Магілёве