Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Колькі траціць хакейны клуб, за які гуляюць браты Лукашэнкі

У распараджэнні рэдакцыі з’явілася гадавая справаздачнасць пра паступленні і расходы хакейнага аматарскага клуба – «Бастыён».

 

Юрыдычная асоба «Хакейны клуб «Бастыён», створаная ў 2019 годзе, аб’ядноўвае ў сабе адразу дзве структуры. Непасрэдна сам «Бастыён» – асноўная каманда з першай лігі, за якую гуляюць Мікалай Лукашэнка і Дзмітрый Баскаў.

 

BASTION

Гульцы каманды «Бастыён» першай лігі – Мікалай Лукашэнка (у цэнтры) і Дзмітрый Баскаў (справа). Крыніца: інстаграм-акаўнт @nikolay.lukashenko.rb

 

І фарм-клуб «Бастыён-2» у другой лізе. За яго гуляюць Віктар Лукашэнка, ягоны сын Аляксандр Лукашэнка – малодшы і пляменнік Уладзіслаў Гарусаў.

 

BASTION-2

Хакейны клуб «Бастыён-2». Крыніца: hockey.by

 

У 2023 годзе на рахунках грамадскага аб’яднання «Хакейны клуб «Бастыён» было 54,75 тысячы беларускіх рублёў (17 тысяч еўра). У 2024 годзе – 98,5 тысячы беларускіх рублёў (28 тысяч еўра). У 2025 годзе – 104 тысячы беларускіх рублёў (30 тысяч еўра). У 2026-м – 105,7 тысячы беларускіх рублёў (32 тысячы еўра).

 

Усяго за 4 гады мы налічылі на балансе «Бастыёна» амаль 363 тысячы беларускіх рублёў, або 107 тысяч еўра. Гэта ў 7 разоў менш, чым патраціў на сваю дзейнасць «Шчыт» Дзмітрыя Лукашэнкі за аналагічны перыяд. Нядаўна мы расказвалі, якія сумы акумулюе ягоны клуб.

 

Бюджэт арганізацыі «Хакейны клуб «Бастыён» фармуецца з уступных і членскіх унёскаў і добраахвотных ахвяраванняў.

 

Афіцыйна ў аб’яднанні зарэгістраваныя 10 неназваных сяброў, якія робяць штогадовыя ўнёскі на агульную суму 40 тысяч беларускіх рублёў. Мяркуючы па справаздачнасці, гэтыя грошы ў поўным аб’ёме ідуць на арганізацыю трэніровачнага працэсу. Добраахвотныя ахвяраванні размяркоўваюцца на трэніроўкі, камісіі банкаў, арэнду офіса і зарплаты (уключаючы падаходны падатак і ўнёскі ў ФСАН).

 

У арганізацыі «ХК «Бастыён» значацца 3 супрацоўнікі на 0,25 стаўкі: бухгалтар, памочнік старшыні праўлення і, уласна, сам старшыня праўлення. У дакументах на рускай мове, якія мае «Бюро», старшынём грамадскага аб’яднання названы нехта «А.Н. Зайцев». У 2026 годзе ягоны аклад – 595 рублёў. «Бюро» параўнала подпісы ў дакументах і высветліла, што кіраўніком «Бастыёна» з’яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў.

 

PODPISI

Подпіс Зайцава на дакументах ХК «Бастыён» і подпіс «кашалька» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава з пашпарта

 

ZAITSEV

Аляксандр Зайцаў. Крыніца: tut.by

 

Юрыдычны адрас спартовага грамадскага аб’яднання «ХК «Бастыён» – вул. Няміга, 40. Там жа ў розны час размяшчаліся офісы іншых кампаній Зайцава: «Сохра», «Глаўгандальпрэд», «Лакшэры мотарс», «Трэндхол», «Гандлёвы дом Экспартгандаль», «Шэйнкер груп» і іншыя.