Скандальны функцыянер і сенатар Баскаў заходзіць на рынак рытэйлу
Скандальна вядомы спартовы функцыянер і сенатар Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам будучай сеткі дыскаўнтараў.

Дзмітрый Баскаў. Крыніца: hockey.by
Паводле звестак «Бюро», яму належыць 50% фірмы «ДНЦ-Маркет», яшчэ 50% – у малавядомага бізнэсоўца Анатоля Прыгодзіча. Юрыдычная асоба зарэгістраваная ў лютым 2025 года ў Жодзіне.
У планах «ДНЦ-Маркета» запусціць сетку ва ўсёй краіне. На дадзены момант адкрыліся дзве кропкі – у Мінску і Жодзіне, але кампанія ўжо наймае персанал «у сувязі з адкрыццём новых крамаў сеткі» ў Гродне, Пінску, Баранавічах, Бярозе і Маладзечне.
Мяркуючы па ўсім, экспансія новай сеткі ідзе і праз памяшканні, дзе раней працаваў «Востраў чысціні і смаку». Адрас мінскай кропкі супадае з адрасам адной з былых крамаў сеткі.
Таксама адзін з трымальнікаў кропак сеткі «Востраў чысціні і смаку» – кампанія «ПрадХімМаркет» – у маі 2024 года перайшла да Анатоля Прыгодзіча, цяперашняга партнёра Баскава. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы здолелі даведацца, што Анатоль Прыгодзіч каля дзесяці гадоў прапрацаваў на розных пасадах у структурах групы кампаній «Ромакс», былых уладальнікаў сеткі «Востраў чысціні і смаку».
«ДНЦ-Маркет» ужо атрымала ліцэнзіі на продаж алкаголю і тытуню. Паралельна яна падала заяўкі на гандлёвыя знакі: «Днц-маркет», «Экономь-ка», «Mister Ludwig», «Крепыш» і «Happy house».
У 2024 – 2025 гадах група кампаній, якія валодаюць сеткай «Востраў чысціні і смаку», прайшла праз ліквідацыі і банкруцтвы.