У Еўропе адрэагавалі на наша расследаванне пра люксавыя аўто
Еўрапейскія ўлады і бізнэс, а таксама беларускія дэмакратычныя сілы адрэагавалі на наша расследаванне пра люксавыя аўтамабілі.
У Еўрапейскай камісіі заклікалі бізнэс больш пільна сачыць за экспартам прэміяльных машын, каб яны не траплялі ў Расію праз Беларусь у абыход санкцый.
«Экспарт прадметаў раскошы ў Расію забаронены. Аператары ЕС павінны мець адэкватныя працэдуры праверкі кліентаў [due diligence], каб гарантаваць, што іх экспарт не перанакіроўваецца ў Расію. Ужыванне санкцый ЕС ускладзенае на дзяржавы – члены ЕС», – паведаміў «Бюро» прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Дэніел Шэрыдан Фэры.
Інтарэсы 14 найбуйнейшых аўтабрэндаў прадстаўляе Еўрапейская асацыяцыя аўтамабільных вытворцаў (ACEA). Сярод іх – BMW, Volkswagen, Renault, Ferrari, Mercedes-Benz і іншыя. У ACEA распавялі, што падтрымліваюць стасункі з 30 нацыянальнымі аўтамабільнымі асацыяцыямі ў Еўропе, якія прадстаўляюць вытворцаў і/або імпарцёраў аўтамабіляў у сваіх краінах.
«Аднак у Беларусі справа іншая, і ў нас няма мясцовых ведаў або кантактаў з беларускімі дылерамі, якія могуць рээкспартаваць еўрапейскія аўтамабілі ў Беларусі. Таму мы не можам даць больш канкрэтныя каментары па гэтым пытанні», – зазначылі ў ACEA.
У пачатку снежня «Бюро» ў партнёрстве з расійскім выданнем «Вёрстка» выпусцілі расследаванне пра тое, як люксавыя еўрапейскія аўтамабілі трапляюць у Расію праз Беларусь у абыход санкцый. У шэрых схемах бяруць удзел і бізнэсоўцы, блізкія да атачэння Лукашэнкі.
«На сёння ўвоз такіх аўтамабіляў уласна на тэрыторыю Беларусі не забаронены. Аднак, на жаль, знаходзяцца людзі і кампаніі, якія гатовыя, парушаючы санкцыі, перапрадаваць гэтыя аўто ў Расію і тым самым ісці на здзяйсненне злачынстваў, то бок парушаць заканадаўства ЕС. Дапамагаючы Расіі абыходзіць уведзеныя супраць яе санкцыі, удзельнічаючы ў стварэнні схем абыходу гэтых санкцый, Беларусь патэнцыйна робіцца прэтэндэнтам на ўвядзенне аналагічных санкцый», – адзначыў у каментары для «Бюро» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, адказны за санкцыйны ціск, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
На яго думку, сітуацыя з перапродажам падсанкцыйных люксавых аўтамабіляў праз Беларусь у Расію стала магчымай з-за «адсутнасці гарманізацыі эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі». ЕС забараніў пастаўляць у Расію аўтамабілі даражэйшыя за 50 тысяч еўра, але на Беларусь гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.
«Уніфікацыя эканамічных санкцый, перш за ўсё гандлёвых, на наш погляд, стане дастаткова дзейсным інструментам для вырашэння гэтай праблемы», – сказаў Латушка.
Аднак, паводле яго слоў, увядзенне новых санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў многім затармазілася «з-за пазіцыі асобных дзяржаў ЕС, якія жадаюць абумовіць пытанне гарманізацыі эканамічных санкцый аслабленнем абмежаванняў на беларускія калійныя ўгнаенні».
НАУ і «Бюро» перадалі вынікі расследавання асабіста спецыяльнаму прадстаўніку ЕС у пытанні санкцый Дэвіду О’Салівану.
Каб не прапусціць наша новае расследаванне, падпісвайцеся на нас у сацыяльных сетках: Telegram, Instagram і X. І падтрымлівайце нас на Patreon.