Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Хто стаіць за новым беларускім медыя Times.by

У Беларусі з’явілася новае медыя Times.by. Выданне пазіцыянуе сябе як «мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і свеце». Выданне належыць кампаніі ЗАТ «Таймс Медыя Груп». Яна была зарэгістраваная ў ліпені 2025 года.

 

Паводле інфармацыі крыніцы «Бюро», летась уладальнікі групы кампаній «Сінезіс» вырашылі стварыць уласнае буйное медыя, каб скласці канкурэнцыю недзяржаўным выданням, што засталіся ў Беларусі.

 

Форма ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця акцыянераў праз агульнадаступныя базы дадзеных. І хто менавіта валодае кампаніяй, дакладна невядома.

 

Аднак «Бюро» знайшло факт, які паказвае на тое, што выданне Times.by звязанае з групай кампаній «Сінезіс». Пры рэгістрацыі дамена times.by быў пазначаны email times@altezza.org. Гэты дамен выкарыстоўваецца як карпаратыўная пошта ў структурах, звязаных з «Сінезісам».

 

times.by

Крыніца: анлайн-сэрвіс Whois

 

Мы знайшлі згадку гэтага паштовага дамена ў галаўной кампаніі «Сінезіс» і фірмах «Сінезіс Стратус», «Атлас Акме» (былая «Сінезіс Атлас»), «24х7 Панаптэс» і іншых.

Synesis – беларуская група IT-кампаній, якая ў санкцыйных дакументах ЕС і Вялікабрытаніі апісваецца як пастаўшчык тэхналогій відэаназірання і відэааналітыкі (уключаючы магчымасці распазнавання твараў) для дзяржаўных сістэм, якімі карыстаюцца сілавыя структуры.

 

У абгрунтаванні Вялікабрытаніі прама гаворыцца пра пастаўкі платформы Kipod у склад Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ), якую выкарыстоўваюць сілавыя органы Беларусі. Саму сістэму ўжываюць з рэпрэсіўнымі мэтамі. З-за гэтага Synesis падпала пад санкцыі ЕС і Вялікабрытаніі ў снежні 2020 года, а таксама была ўключаная ў санкцыйныя спісы OFAC/SDN у ЗША.

Галоўная рэдактарка Times.byАлена Круталевіч, былая галоўная рэдактарка БелТА, якая атрымала ў 2025 годзе падзяку асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар – Аляксандр Марцінкевіч, былы намеснік кіраўніка ПВТ.

 

Цяпер вядома як мінімум пра восем журналістаў, якія працуюць у гэтым выданні. Гэта былыя або цяперашнія супрацоўнікі выданняў Sputnik Беларусь, «Минск-Новости», Tochka.by, БелТА, «СБ. Беларусь Сегодня» і іншых.