Як мінскі завод дапамагаў з беспілотнікамі Расіі, што вядзе вайну
Беларускае прадпрыемства «КБ Беспілотныя Верталёты» паставіла ў Расію каля трох дзясяткаў беспілотных верталётаў на фоне вайны ва Украіне. Пра гэта сведчаць мытныя дадзеныя, якія мае «Бюро».
Згодна з дакументамі, атрымальнікам беларускай тэхнікі было Кумертаускае авіяцыйнае вытворчае прадпрыемства (КУМАВП) з Башкартастана. Яно – частка дзяржкарпарацыі «Растэх» і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі з-за ўдзелу ў вайне. Башкартастанскі завод запусціў вытворчасць беспілотных верталётаў, а «КБ Беспілотныя Верталёты» яму актыўна ў гэтым дапамагала.
Беларускія распрацоўшчыкі таксама планавалі збіраць у Расіі ўдарныя беспілотнікі для аховы Крымскага моста, але праект не знайшоў падтрымкі.
«БРАТНІЯ» БЕСПІЛОТНІКІ
На базе беларускага беспілотнага верталёта Eye Sky была створаная беспілотная сістэма БАС-200, якая цяпер серыйна вырабляецца ў Башкартастане. У 2022 годзе БАС-200 прайшоў выпрабаванні і атрымаў лётны дазвол. Пасля гэтага «КБ Беспілотныя Верталёты» паставіла КУМАВП 28 беспілотных верталётаў, 10 пунктаў дыстанцыйнага пілатавання і транспартныя кантэйнеры, сведчаць мытныя дадзеныя. Агульны кошт тэхнікі – звыш 16 мільёнаў долараў.
«Мы прадалі тэхналогію расіянам і паўдзельнічалі ў сертыфікацыі [БАС-200] згодна з агульнымі правіламі грамадзянскай авіяцыі. Потым яны папрасілі вырабіць для іх вялікую колькасць [зборачных] набораў. Мы ўсё адправілі ў Кумертау, разам сабралі, увялі ў эксплуатацыю. І мы ўмылі рукі», – расказаў «Бюро» заснавальнік і генеральны канструктар «КБ Беспілотныя Верталёты» Уладзімір Чудакоў.
БАС-200 здольны развіваць хуткасць да 160 км/гадз і дастаўляць па паветры грузы масай да 50 кг. Палёт апарата можа працягвацца да чатырох гадзін на вышынях да 3,5 тысячы метраў.

БАС-200. Крыніца: rostec.ru
Кіраўнік карпарацыі «Растэх» Сяргей Чэмезаў у жніўні 2023 года дакладваў Уладзіміру Пуціну, што БАС-200 будуць выкарыстоўвацца на вайне супраць Украіны. Паводле яго словаў, беспілотнікі добра паказалі сябе падчас выпрабаванняў.
За год да таго на выставе «Армія-2022» Чэмезаў прэзентаваў яшчэ адну навінку – беспілотную сістэму БАС-750. Яна створаная на базе яшчэ адной распрацоўкі «КБ Беспілотныя Верталёты» – разведвальна-ўдарнага беспілотніка Hunter.
«Гэтая машына будавалася менавіта як ваенная, таму грамадзянскага выкарыстання ў канкрэтна гэтага комплексу няма», – расказваў раней Уладзімір Чудакоў.
БАС-750 здольны дастаўляць па паветры грузы масай да 200 кг з хуткасцю 180 км/гадз. Палёт беспілотнікаў можа працягвацца да шасці гадзін на вышынях да 3,5 тысячы метраў.
«БАС-750 – гэта старэйшы брат беспілотніка БАС-200, ён працягвае лінейку шматфункцыянальных беспілотных сістэм, здольных вырашаць вялікі пералік задач», – казаў выканаўчы дырэктар «Растэха» Алег Еўтушэнка.
БАС-750. Крыніца: rostec.ru
У чэрвені 2023 года ўрад Башкартастана склаў пагадненне пра супрацоўніцтва з «КБ Беспілотныя Верталёты», каб вырабляць БАС-750 у Расіі. Чудакоў паведаміў «Бюро», што адносна гэтай беспілотнай сістэмы цяпер не вядзецца ніякага супрацоўніцтва паміж краінамі.
КРЫМСКІ ПРАЕКТ
Беспілотныя верталёты беларускай распрацоўкі могуць знайсці ўжытак ва флоце, базуючыся на беразе і на караблях, лічыць расійскі эксперт у галіне беспілотнай авіяцыі Дзяніс Федуцінаў. Паводле яго слоў, БАС-200 можа выкарыстоўвацца для выведкі і назірання, а БАС-750 можа выконваць і ўдарныя задачы. Да прыкладу, быць эфектыўным сродкам барацьбы з безэкіпажнымі катарамі або ўжывацца для супрацьлодачнай абароны, несучы гідраакустычныя буі для скідвання.
«Дапушчу, што апараты БАС-750 маглі б быць задзейнічаныя ў пары з больш лёгкімі БАС-200. Апошнія пры гэтым маглі б выводзіць ударныя «Хантэры» на выяўленыя цэлі», – сказаў «Бюро» Федуцінаў.
«КБ Беспілотныя Верталёты» спрабавала рэалізаваць падобны праект у Расіі. У ім мы знайшлі сляды ўплывовых бізнэсоўцаў з атачэння Пуціна.
У падмаскоўным Падольску ёсць кампанія «Барс». 45% у гэтай фірме належыць «КБ Беспілотныя Верталёты». Яшчэ 10% – беларускаму бізнэсоўцу Уладзіміру Япрынцаву. Астатнія 45% знаходзяцца ў руках расійскага прадпрымальніка Аляксандра Гуртавенкі. Як высветліла «Бюро», раней ён быў гендырэктарам фірмы «Рыоліс», якая кіруе модным маскоўскім рэстаранам «Гусятникоff», звязаным з расійскімі мільярдэрамі Ратэнбергамі.
У канцы 2023 года «КБ Беспілотныя Верталёты» забяспечыла «Барс» свідравальнымі, стужачнапілавальнымі і такарнымі станкамі, паяльнай станцыяй, электрамантажным сталом, варштатамі і іншым інструментам. На падольскім прадпрыемстве хацелі збіраць беспілотнікі для аховы Крымскага моста, які некалькі разоў падрывалі ўкраінскія спецслужбы. Дарэчы, будаўніцтвам моста займалася кампанія, звязаная з Аркадзем Ратэнбергам.
«Мы збіраліся там [на прадпрыемстве «Барс»] пачаць адвёртачную зборку беспілотных верталётаў Hunter. Хацелі іх паставіць для аховы Крымскага моста, але гэта нікому не трэба. Няма замоваў», – расказаў Уладзімір Чудакоў з «КБ Беспілотныя Верталёты».
Hunter. Крыніца: uavheli.by
З 9 жніўня 2024 года «КБ Беспілотныя Верталёты» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША «за дзейнасць у абаронным сектары і сумежных галінах эканомікі Беларусі».
ГРАНДЫЁЗНЫЯ ПЛАНЫ
На фоне супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі прадпрыемства «КБ Беспілотныя Верталёты» істотна палепшыла свае фінансавыя паказчыкі. У 2024 годзе выручка беларускай кампаніі вырасла ўтрая – да 16 мільёнаў долараў, чысты прыбытак павялічыўся на 36% – да 4,7 мільёна долараў.
Цяпер на прадпрыемстве «КБ Беспілотныя Верталёты» працуе 120 чалавек. Паводле замовы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта РБ мінскае прадпрыемства распрацоўвала беспілотнікі «Міратворац» і «Аскалон», якія «пастаўляюцца ў сілавыя ведамствы замежных дзяржаў». Баявыя дроны паказвалі Аляксандру Лукашэнку ў верасні мінулага года падчас візіту на Абуз-Лясноўскі палігон.
«КБ Беспілотныя Верталёты» перадало тэхналогію па вытворчасці беспілотнікаў «Міратворац» і «Аскалон» іншай беларускай кампаніі – «Беспілотныя лятальныя апараты», расказаў «Бюро» Чудакоў. Паводле яго слоў, у яго ёсць «маленькі працэнт» у гэтай кампаніі. Бізнэсовец адмовіўся раскрываць сваіх партнёраў па праекце.
Паводле дадзеных аб’яднання былых сілавікоў BelPol, працу «Беспілотных лятальных апаратаў» курыруе кампанія «Вектар Капітал Груп», звязаная з Віктарам Шэйманам – даўнім і верным паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі.
У 2025 годзе «Беспілотныя лятальныя апараты» планавалі вырабіць 720 беспілотных комплексаў «Міратворац» і 240 беспілотных комплексаў «Аскалон» і зарабіць на іх продажы 76,2 мільёна долараў. У BelPol лічаць, што мінскае прадпрыемства працуе «ў інтарэсах дыктатуры Лукашэнкі і расійскіх ваенных мэтаў».