Былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі стаў выканаўчым дырэктарам у «Белгазпрамбанку»
«Бюро» стала вядома, што ў жніўні 2024 года былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Сяргей Чэпікаў заняў пасаду выканаўчага дырэктара ў «Белгазпрамбанку». Публічна пра гэта нідзе не паведамлялася. На сайце «Белгазпрамбанка» таксама няма ніякіх згадак пра новага выканаўчага.
Згодна з дадзенымі, атрыманымі ад «КіберПартызан», Сяргей Чэпікаў служыў у Службе бяспекі Лукашэнкі як мінімум з 2005-га па 2021 год. У лютым 2020 года ён атрымаў узнагароду «За волю да перамогі» ў міжведамасным турніры па більярдзе за каманду СБП. А ў 2024-м заняў пасаду ў «Белгазпрамбанку».
Мы патэлефанавалі Сяргею Чэпікаву, і ён пацвердзіў нам сваё прызначэнне. На пытанне, чаму менавіта ён атрымаў дырэктарскую пасаду ў «Белгазпрамбанку», ён адказаў:
«Ну, напэўна, таму што варты».
Паводле слоў Чэпікава, ён не працаваў у СБП менавіта «целаахоўнікам Лукашэнкі». Але чым менавіта займаўся ў гэтай структуры, расказаць нам не захацеў. У Службу бяспекі Лукашэнкі Чэпікаў трапіў з беларускага войска, дзе ў тым ліку служыў у Кіналагічным цэнтры. Адна з задач цэнтра – падрыхтоўка кадраў для аховы разнастайных асаблівых аб’ектаў.
Гэта не першае прызначэнне былых супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі на кіраўнічыя пасады ў банках. Раней журналісты выдання «Люстэрка» расказалі пра «галавакружную кар’еру» галоўнага ахоўніка Лукашэнкі Аляксея Ляшкевіча. Яго неаднаразова бачылі ў атачэнні Лукашэнкі, у тым ліку падчас міжнародных паездак.
У лютым 2024 года Ляшкевіч заняў пасаду выканаўчага дырэктара ў «Беларусбанку». Паводле слоў крыніцы «Люстэрка» ўнутры банка, гэтая пасада была створаная спецыяльна пад Ляшкевіча, раней выканаўчага дырэктара, які курыруе пытанні бяспекі, у структуры праўлення банка не было.
